Ружанцовыя разважанні паводле папы Францішка. Таямніцы святла

Мы працягваем публікаваць ружанцовыя разважанні, узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’. Гэтым разам - таямніцы святла.


1. Хрост Езуса ў Ярдане

«Сакрамэнты з’яўляюцца прывілеяваным спосабам, праз які Бог прымае прыроду і перамяняе яе ў звышпрыроднае жыццё. Праз культ мы заахвочаныя да разумення свету на іншым узроўні. Вада, алей, агонь і колеры прымаюцца разам з усёй іх сімвалічнай сілаю і ўключаюцца ў праслаўленне Бога. Рука, якая благаслаўляе, з’яўляецца прыладаю любові Бога і адлюстраваннем блізкасці Езуса Хрыста, які прыйшоў спадарожнічаць нам на жыццёвым шляху. Вада, якая выліваецца на цела дзіцяці падчас хросту, з’яўляецца знакам новага жыцця. Мы не ўцякаем ад свету і не супярэчым прыродзе, калі хочам сустракацца з Богам» [235]. 

Праслаўляйма Пана за святы хрост… 

2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

«Езус жыў у поўнай згодзе са стварэннем, а іншыя здзіўляліся: „Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?“ (Мц 8, 27). Не прыходзіць як нейкі аскет, ізаляваны ад свету, ці вораг прыемных у жыцці рэчаў. Пра самога сябе сказаў: „Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў“ (Мц 11, 19). Ён быў далёкі ад філасофіі, якая пагарджае целам, матэрыяй і рэчамі гэтага свету» [98]. 

Праслаўляйма Пана за ўсе цуды, якія Ён чы­ніць… 

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

«Пан мог заахвочваць іншых да адчування прыгажосці, якая існуе ў свеце, бо сам быў у пастаянным кантакце з прыродай і звяртаў на яе асаблівую ўвагу, поўную любові і захаплення. Калі праходзіў кожны кавалачак сваёй Айчыны, затрымліваўся, каб захапляцца прыгажосцю, створанай Айцом, заахвочваючы сваіх вучняў распазнаваць у Божых рэчах заклік: „Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва“ (Ян 4, 35). „Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны“ (Мц 13, 31–32)» [98].

Праслаўляйма Пана за ўсё тое, што Ён робіць для нас… 

4. Перамяненне Езуса на гары Табор

«Новы Запавет кажа нам не толькі пра Езуса, які жыў на зямлі, і пра Яго вельмі канкрэтныя і сардэчныя адносіны са светам. Паказвае нам Яго таксама як уваскрослага і ўслаўленага, прысутнага і паўсюдна пануючага над усім стварэннем. „Бо спадабалася [Богу], каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа“ (Клс 1, 19­20). Гэта пераносіць нас у канец часоў, калі Сын перадасць Айцу ўсе рэчы, а „Бог будзе ўсім ва ўсіх“ (1 Кар 15, 28). Так стварэнні гэтага свету паўстаюць перад намі ўжо не як выключна натуральная рэчаіснасць, бо Уваскрослы таямніча акружае яе і накіроўвае да паўнаты. Тыя самыя дзікія кветкі і птушкі, якімі Ён захапляўся сваімі чалавечымі вачыма, і сёння напоўнены Яго яснеючай прысутнасцю» [100].

Праслаўляйма Пана за свет, пераменены Яго прысутнасцю… 

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

«Мы кажам пра пэўную паставу сэрца, перажыванне ўсяго з радаснай канцэнтрацыяй, пра ўменне быць перад кімсьці ў поўнай меры, не думаючы аб тым, што будзе пасля, пра паставу таго, хто дае сябе ў кожную хвіліну як Божы дар, які павінен перажывацца ў поўні. Езус вучыў нас гэтай паставе, калі заклікаў глядзець на палявыя ліліі і нябесных птушак, або, калі ў прысутнасці чалавека, які шукае, „пагля­дзеў на яго з любоўю“ (Мк 10, 21). Ён умеў быць прысутным у поўнай меры для кожнага чалавека і стварэння і паказаў нам шлях пераадолення хваравітага неспакою, які робіць нас павярхоўнымі, агрэсіўнымі і апантанымі спажыўцамі» [226].

Праслаўляйма Пана за простую Эўхарыстычную ежу…


 Паводле: час. «Królowa Różańca Świętego».
Тэксты разважанняў узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’,
прысвечанай клопату пра супольны дом
(пераклад на беларускую мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней