Перыяд Божага Нараджэння напоўнены верай у Бога, Яго абяцанні і Яго збаўчую любоў. Яго слова акрэслівае Божыя праўды, Яго ахвяру і Яго гарачую любоў да ўсіх нас, таму чытанне Святога Пісання — гэта выдатны спосаб засяродзіцца над тым, што сапраўды важна ў гэты перыяд літургічнага года. Прапануем вам некалькі фрагментаў з Бібліі, над якімі карысна будзе паразважаць у гэты святочны перыяд.
Ян 3, 16
«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае».
У гэтых словах паказаны прыгожы і святы Дар, які даў нам наш Айцец. Гэта найвялікшы падарунак чалавецтву. Паразважаем жа пра дабрыню Бога і пра тое, наколькі моцная Яго любоў да нас, — да такой ступені, што аддаў за нас свайго Адзінароднага Сына.
Іс 9, 6
«Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою».
Езус Хрыстус — наш Князь Спакою, наш магутны Збаўца. Гэты фрагмент шмат гаворыць пра Хрыста, якому мы з пашанай служым, якога славім, імкнемся спасцігнуць і якога любім. Сапраўды, няма нікога, падобнага да Яго.
Мц 1, 21
«Яна ж народзіць Сына; а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
Чытаючы гэты фрагмент, давайце захапляцца нашым Каралём, паразважаем над Яго святой мэтай, Яго ахвярай і ўсім Яго жыццём. Ён прыйшоў, каб выратаваць усё чалавецтва ад правінаў і граху, каб усе людзі маглі нарадзіцца для новага жыцця ў веры і еднасці з Езусам.
Ян 1, 14
«Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды».
Будзем жа заўсёды верыць і мець надзею на Божае Слова, таму што наш Бог ёсць Слова, і Ён заўсёды з намі, падтрымлівае нас, вядзе нас у «спакойныя воды» і навучае і ўзбагачае нашыя душы.
Як 1, 17
«Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены».
Усе добрыя і дасканалыя дары паходзяць непасрэдна ад нашага Бога. Падзякуем жа Яму за ўсё добрае, што мы атрымалі і спазналі ў нашым жыцці, — не толькі за гэты перыяд, але атрымліваем кожны дзень. Будзем жа заўсёды ўшаноўваць Яго і праслаўляць за ўсе Яго цудоўныя ўчынкі. Ён ніколі не перастане дзейнічаць у нашым жыцці.
Ян 14, 27
«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца».
Гэта магутны і натхняльны фрагмент з Бібліі, калі мы прымаем яго праўду і рэальнасць. Гэта спакой, які мы можам мець, які перавышае ўсялякае разуменне, спакой, які можа паходзіць толькі ад Айца, святы спакой. Не падайма духам, як Ён кажа нам, і заставаймася моцнымі, змагаймася за справядлівасць і штодня ахінайма сябе Яго святлом і спакоем, які Ён дае нам.
2 Кар 9, 15
«Падзяка няхай будзе Богу за Яго невымоўны дар».
Дар сапраўды невымоўны. У нас проста не хапае словаў выказаць, наколькі вялікі наш Бог, наш найвялікшы дар у жыцці. Ушаноўвайма ж заўсёды Яго сваімі вуснамі, шукайма Яго сэрцам і шануйма Яго сваімі ўчынкамі.
Разважаючы над фрагментамі з Бібліі, зрабіце гэты святочны перыяд незабыўным: атуляйце дабрынёй свае сем’і, дзякуйце, вясяліцеся.
Саманта Кабрэра.
Пераклад з англійскай Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.christianmingle.com/en/believe/living/christmas-bible-verses