Бачны знак нябачнага заступніцтва. Размова з Апостальскім Нунцыем Габарам Пінтэрам

У Беларусі трывае перэгрынацыя фігуры святога арханёла Міхала. 10 лістапада яна была перавезеная з Кальварыі ў Апостальскую Нунцыятуру. Сустрэлі арханёла Міхала Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і сёстры назарэтанкі, якія служаць у нунцыятуры. Мы папрасілі арцыбіскупа адказаць на некаторыя пытанні для нашага часопіса «Ave Maria». Цяпер мы публікуем размову з арцыбіскупам Габарам Пінтэрам у нас на сайце.


— Ваша Эксцэленцыя, наколькі часта Вы звяртаецеся ў малітве да анёлаў або арханёлаў? І які з арханёлаў Вам найбольш блізкі?

— Арханёлы былі заўсёды вельмі важнымі для мяне, таму што мяне завуць Габар, што ў перакладзе з венгерскага азначае «Габрыэль». Я з маленства шмат ведаў пра арханёлаў, бо ў Венгрыі вельмі развіты іх культ. Што ж датычыць малітвы, то, з’яўляючыся не толькі арцыбіскупам, але і дыпламатам, я не маю шмат часу для малітвы. Самы добры час для мяне, каб звяртацца да Бога, — гэта раніца, да 9-ці гадзінаў. Вярнуўшыся пасля працоўнага дня дадому, я магу яшчэ маліцца познім вечарам ці нават ноччу.

Я добра ўсведамляю, наколькі арханёл Міхал важны для ўсяго Касцёла. Перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала ў Беларусі, малітва праз яго заступніцтва набываюць яшчэ большае значэнне, бо, як мы ведаем, папа Францішак заклікае да малітвы за Касцёл.

— У сувязі з гэтым дазвольце запытацца, Ваша Эксцэленцыя, што Вас найбольш клапоціць у Касцёле?

—Праблемы заўсёды былі і будуць, гэта нармальна. Ненармальна тое, што ў Касцёле мы самі ствараем гэтыя праблемы праз уласныя памылкі. Але гэта не значыць, што мы жывём цяпер без надзеі. Па гэтай прычыне нашыя малітвы як ніколі вельмі патрэбныя. Нядаўна папа Францішак нагадаў, што Касцёл заўсёды быў і будзе нашаю Маці, яго немагчыма знішчыць ніякімі памылкамі, таму што не мы яго заснавалі, а Пан Бог.

— На Сінодзе, прысвечаным моладзі, былі агучаны праблемы, з якімі сутыкаецца сучасная моладзь. Што Вас найперш клапоціць і што Вам найбольш падабаецца ў сучаснай моладзі?

— Мушу сказаць, што я вельмі рады, калі бачу так шмат маладых людзей у Касцёле ў Беларусі. Больш за тое, многія маладыя людзі жывуць справамі супольнасці, а гэта значыць, што ёсць вялікая надзея і ўпэўненасць, што Касцёл у Беларусі ідзе правільным шляхам.

Што датычыць Сіноду, то падчас яго было сказана многае, і ў будучыні нам трэба будзе глыбей учытвацца ў дакументы Сіноду. На мой погляд, самы важны пасыл для Беларусі — пра гэта вялася гаворка на Сінодзе — ісці далей разам. Не так, каб біскупы і святары з аднаго боку, а маладыя людзі — з другога. Трэба крочыць у жыцці разам. Гэта праца, гэта заданне, тое, чаму нам трэба вучыцца, што нам трэба зразумець і рэалізоўваць.

— Ваша Эксцэленцыя, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прыняла рашэнне, каб фігура арханёла Міхала наведала толькі тыя парафіі нашай краіны, якія маюць тытул гэтага святога Арханёла. Перэгрынацыя прысвечана малітве за Беларусь. Ці лічыце Вы мэтазгодным, каб перэгрынацыя адбылася ва ўсіх парафіях Беларусі?

— Думаю, што для гэтага не патрэбны дазвол Канферэнцыі Біскупаў, бо перэгрынацыя, як мы бачым, актыўна праходзіць па парафіях. Дастаткова таго, што парафіяне праяўляюць ініцыятыву і запісваюцца ў праграму перэгрынацыі. Таму праз 2 ці 3 гады гэтая фігура наведае ўсе парафіі.

— Вялікі дзякуй за размову!


Гутарыла Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

P. S. Фігура святога арханёла Міхала працягвае сваю пілігрымку па парафіях Беларусі. Як заўважыў Апостальскі Нунцый, парафіяне сапраўды актыўна праяўляюць ініцыятыву і запрашаюць у свае касцёлы фігуру Арханёла, каб на працягу тыдня маліцца і прасіць яго заступніцтва. Ушанаванне святога Арханёла ажывае, людзям патрэбны гэты бачны знак нябачнай чалавечаму воку прысутнасці з намі святых памочнікаў.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней