Musica Sacra. Гімн да святых

Ва ўрачыстасць Усіх Святых мы ўзгадваем тых, вядомых і невядомых, слаўных па ўсім свеце і знаных толькі ў малым коле сям’і і сяброў, хто прайшоў свой зямны шлях, даўшы сведчанне Божага Валадарства ў свеце.


З нагоды гэтай урачыстасці мы зрабілі запіс гімна да святых, напісанага Святленай Немагай на словы Юліі Косавай. Адмысловую апрацоўку гімна выканаў Зміцер Косаў. Няхай гэтыя словы і музыка стануць натхненнем і надзеяй для кожнага хрысціяніна ў імкненні дасягнуць святасці.

Далучаем партытуру апрацоўкі для хора і аргана. Хочам нагадаць, што святых можна і варта ўшаноўваць не толькі ў дзень урачыстасці Усіх святых — спадзяемся, што спеў прыдасца вам і для выканання ў дні ўспамінаў нашых святых апекуноў:

Аддайма пашану тым з роду людскога,
што сведкамі сталі магутнасці Бога,
цярпелі за праўду і ўласныя раны
пакорна злучалі у боскай Ахвяры.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!

З дзіцячым даверам, у поўнай пакоры
і слёзы, і радасць прымалі ад Бога.
Чарпалі адволі з крыніцаў любові,
Твой келіх трымалі, напоўнены болем.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!

Моц Пана святыя ўзвялічваюць гімнам,
наўсцяж бласлаўляюць нязмерклае Імя.
Ужо не даткнецца смяротная скруха
выбеленых сэрцаў, адноўленых Духам.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!

Абраныя Панам жаўнеры Любові,
пакора — іх ўлада, а ўбоства — іх зброя.
А слова ў іх вуснах — як меч вастрасечны,
што весціць аб Праўдзе і цнотах адвечных.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!

Як светлую свечку не ставяць пад посуд,
як горад вяршынны убачаць навокал,
так мудрая веліч святых Тваіх, Пане,
не будзе у свеце навек зганьбавана.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!

На Панскіх палетках жніво усё бліжай.
Каб трапіць увышкі, схіліся найніжай.
Не высахнуць дрэвы у садзе у Пана,
пакліканых многа, ды меней абраных.
О святыя заступнікі, сведкі Божыя на зямлі, маліцеся да Айца за нас!


Юлія Косава
Ілюстрацыя: Ян ван Эйк, Гентскі алтар, Пакланенне Ягняці

Чытайце іншыя артыкулы з серыі Musica sacra:

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней