Вялікі пост з Льюісам #1. Закон чалавечай прыроды

Прапануем падчас гэтага Вялікага посту паразважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Упершыню «Проста хрысціянства» прагучала ў прамым эфіры на радыё ВВС у 1943 г., у разгар Другой Сусветнай вайны, і аўтара адразу засыпалі лістамі з пытаннямі ад слухачоў. Было вырашана выдаць радыёразмовы асобнай кнігай.

У сваім «Проста хрысціянстве» К. С. Льюіс прапануе паразважаць пра законы маралі, механізмы дабра і зла, сацыяльныя нормы паводзінаў, хрысціянскі шлюб, галоўныя хрысціянскія цноты, сутнасць дактыны Найсвяцейшай Тройцы і многае іншае. Запрашаем далучыцца да гэтых разважанняў.

Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету

Закон чалавечай прыроды

Усе калі-небудзь чулі, як людзі сварацца. Гэта часам бывае смешна, а часам проста непрыемна; але як бы ні выглядала сварка, можна ўсвядоміць вельмі важныя рэчы, калі толькі паслухаць, пра што людзі сварацца. Чуецца нешта такое: «А табе было б даспадобы, калі б да цябе так паставіліся?», «Гэта маё месца, я першая заняла!», «Ды адчапіся ты ад яго, ён жа табе ніяк не шкодзіць...», «Куды гэта вы сунецеся без чаргі?», «А падзяліся са мною долькай апельсіна, я ж з табою дзялілася!», «Ну што ж ты так, абяцаў жа...» Сварацца ўсе: і адукаваныя і неадукаваныя, і дзеці, і дарослыя, кожны дзень мы папракаем адзін аднаго нечым. Але ў гэтых скаргах мяне цікавіць тое, што чалавек не проста заяўляе, што паводзіны іншага чалавека яму не падабаюцца, а нібыта даводзіць, што яго паводзіны не адпавядаюць пэўнаму стандарту, пры гэтым чакаючы, што іншы чалавек з гэтым стандартам знаёмы. Той іншы ў сваю чаргу амаль ніколі не пярэчыць: «Чхаў я на гэты твой стандарт». Замест гэтага апанент амаль заўсёды спрабуе давесці, што яго ўчынак ніяк не супярэчыць стандарту, а калі і супярэчыць, на тое ёсць вельмі паважная прычына. Ён запэўнівае, што, маўляў, у гэтым канкрэтным выпадку проста неабходна, каб той, хто заняў месца першым, саступіў чаргу; гаворыць, што абставіны, калі яго самога пачаставалі долькаю апельсіна, былі зусім іншыя; указвае на сур’ёзныя перашкоды, якія не далі яму стрымаць абяцанне. Карацей, усё выглядае так, быццам абодва бакі ў спрэчнай сітуацыі абапіраюцца на нейкі закон або на правілы сумленнай гульні, прыстойных паводзінаў, маралі — называйце, як заўгодна, і быццам гэты закон агульны для іх абодвух. Насамрэч так і ёсць. Інакш у спрэчцы можна было б толькі памерацца сілаю, як жывёлы, але немагчыма, як гаворыцца, весці палеміку. Сутнасць любой спрэчкі — у імкненні давесці, што ваш апанент памыляецца.

Аднак бессэнсоўна спрачацца, калі паміж вамі няма хоць нейкай згоды ў тым, што сапраўды добрае, а што — злое.

Гэтак жа бессэнсоўна было б караць футбаліста за ўчынены фол, калі б не існавала футбольных правілаў, агульных для ўсіх.

Кодэкс правілаў, якія вызначаюць, што ёсць дабро, а што — зло, раней называлі натуральным Законам. Сёння, гаворачы пра законы прыроды, мы звычайна маем на ўвазе гравітацыю, закон спадчыннасці ці хімічныя рэакцыі. Але старажытныя мысляры, называючы закон аб сутнасці дабра і зла натуральным, прыродным Законам, насамрэч мелі на ўвазе чалавечую прыроду. Яны былі ўпэўненыя, што гэтак жа, як усе фізічныя целы паддадзеныя закону гравітацыі, а жывыя арганізмы — законам біялогіі, чалавечыя істоты таксама падпарадкуюцца Закону, які вызначае іх існаванне. Аднак, у адрозненне ад законаў фізікі і біялогіі, якія абмінуць немагчыма, чалавек можа выбіраць, хоча ён ці не хоча падпарадкоўвацца Закону чалавечай прыроды.

Сфармулюю іначай. Кожны чалавек у кожнае імгненне часу існуе і дзейнічае адпаведна з рознымі законамі прыроды, і сярод іх ёсць адзін Закон, які можна свабодна парушыць. Як фізічныя целы мы падпарадкоўваемся  закону гравітацыі і не можам яго пераадолець. Калі чалавек застанецца ў паветры без апоры, то выбару, падаць ці не падаць, у яго будзе не больш, чым у каменя. Як біялагічныя арганізмы людзі, як і ўсе іншыя істоты, жывуць па законах біялогіі і не здольныя іх абмінуць. Мы не ў стане існаваць насуперак законам, агульным для ўсіх стварэнняў.

Але ёсць Закон, дзейсны толькі для чалавечай прыроды, якому не падлягаюць ні жывёлы, ні расліны, ні рэчывы. І тут у нас ёсць выбар — падпарадкоўвацца яму ці не.

Гэты Закон называецца прыродным або натуральным, бо людзі палічылі, што ўсе мы ведаем яго ад прыроды, ён быццам бы ўкладзены ў саму чалавечую натуру і яму не трэба спецыяльна вучыцца. Вядома, мы дапускаем, што часам з’яўляецца нейкі асаблівы чалавек, які не ведае натуральнага Закону, гэтак жа, як некаторыя ад нараджэння не могуць адрозніваць чырвоны колер ад зялёнага або не маюць музычнага слыху. Але доўгі час лічылася, што ўвогуле для чалавецтва як для віду ўласціва прыроджанае разуменне таго, што значыць «прыстойна сябе паводзіць». Мне падаецца, што ў гэтым ёсць праўда. Інакш усё, што мы кажам пра вайну, не мае ніякага сэнсу. Абвінавачваць ворага ў злых, няправільных учынках можна толькі тады, калі ў свеце існуе пэўная аб’ектыўная Праўда, якую нацысты ў глыбіні душы ведалі гэтак жа добра, як мы, і якой павінны былі прытрымлівацца. Інакш у чым сэнс абвінавачванняў? Калі б нацысты не мелі ніякага ўяўлення пра тое, што мы называем «правільным», тады, хоць і давялося б усё адно весці з імі вайну, у нас не было б права вінаваціць іх за злыя ўчынкі, гэтак жа, як і за колер валасоў.

Я ведаю, некаторыя сцвярджаюць, што няма ніякіх падставаў лічыць, што існуе агульны для ўсяго чалавецтва натуральны закон і паняцце прыстойнасці, бо розныя цывілізацыі і розныя эпохі дыктуюць розную мараль. Але насамрэч гэта не так.

Разуменне маралі сапраўды час ад часу адрознівалася, але толькі ў дэталях, а не па сваёй сутнасці. Калі нехта возьмецца параўнаць, напрыклад, вучэнне аб этыцы ў старажытным Егіпце, Бабілёне, Індыі, Кітаі, Грэцыі і Рыме, то будзе ўражаны тым, наколькі гэтыя народы падобныя адзін да аднаго і да нас саміх у пытаннях маралі.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943

 Працяг будзе

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней