Вялікі пост з Льюісам #2. Закон чалавечай прыроды. Працяг

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


У сваім «Проста хрысціянстве» К. С. Льюіс прапануе паразважаць пра законы маралі, механізмы дабра і зла, сацыяльныя нормы паводзінаў, хрысціянскі шлюб, галоўныя хрысціянскія цноты, сутнасць дактыны Найсвяцейшай Тройцы і многае іншае. Запрашаем далучыцца да гэтых разважанняў.

Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету

Закон чалавечай прыроды. Працяг

Разуменне маралі сапраўды магло адрознівацца, але толькі ў дэталях, а не па сваёй сутнасці. Калі нехта возьмецца параўнаць, напрыклад, вучэнне аб этыцы ў старажытным Егіпце, Бабілёне, Індыі, Кітаі, Грэцыі і Рыме, то будзе ўражаны тым, наколькі гэтыя народы падобныя адны да адных і да нас саміх у пытаннях маралі. Некаторыя пацвярджэнні сваёй тэорыі я сабраў у дадатку да іншай кнігі, якая называецца «Скасаванне чалавека» (The Abolition of Man, 1943). Каб разабрацца з пытаннем, якое цяпер стаіць перад намі, я толькі папрашу вас паразважаць, што такое сутнасна іншая мараль. Уявіце краіну, дзе людзі называюць героямі баязліўцаў, якія бягуць з поля бітвы і ганарацца сабою, калі ўдаецца здрадзіць і нашкодзіць кожнаму, хто быў да іх добры. З такім жа поспехам можна ўявіць краіну, дзе два памножыць на два будзе пяць. Людзі маглі разыходзіцца ў меркаваннях наконт таго, хто заслугоўвае безумоўнага і бескарыслівага добрага стаўлення — толькі сям’я або таксама і суайчыннікі, або ўсе людзі ўвогуле. Але чалавецтва заўсёды пагаджалася, што нельга ва ўсім ставіць сябе на першае месца. Эгаізм ніколі не быў у пашане. Мужчыны маглі спрачацца наконт таго, колькі жонак дазволена мець: адну ці чатырох. Але заўсёды пагаджаліся, што нельга проста ўзяць сабе любую жанчыну, якая спадабалася.

Але вось што самае цікавае.

Кожны раз, калі пры сустрэчы чалавек запэўнівае вас, што не верыць у існаванне дабра і зла, то не праходзіць нават хвіліны, і ён сам звяртаецца да паняццяў, якія толькі што адпрэчыў.

Ён можа парушыць уласнае абяцанне, але калі не выканаць тое, што вы паабяцалі яму, то на раз-два ён пачне скардзіцца: «Так не робіцца! Гэта несумленна!». Улады якой-небудзь дзяржавы могуць заявіць, што міжнародныя дамовы нічога не значаць, але імгненна адступаюць ад сваіх перакананняў, даводзячы, што тая дамова, якую яны збіраюцца парушыць, — несправядлівая. Але ж калі дапусціць, што дамовы не маюць значэння і няма ніякага аб’ектыўнага дабра і зла, іншымі словамі, калі натуральнага Закону не існуе, то як тады адрозніць справядлівую дамову ад несправядлівай? Гэтымі словамі і ўчынкамі яны самі сябе выкрываюць, паказваючы, што ўсведамляюць прыродны Закон гэтак жа добра, як і ўсе людзі.

Выходзіць, трэба прызнаць рэальнасць дабра і зла, правільнага і няправільнага.

Часам мы памыляемся і не можам адрозніць адно ад другога, гэтак жа, як памыляемся ў матэматычных разліках, але дабро і зло — аб’ектыўныя рэаліі і залежаць ад жадання і меркавання асобных людзей не больш, чым табліца множання. Цяпер, калі ў гэтым мы з вамі прыйшлі да згоды, давайце разважаць далей. Згадзіцеся, што ніводзін чалавек на самай справе не жыве паводле прыроднага Закону. Калі раптам сярод вас акажуцца тыя, хто лічыць сябе выключэннем, прашу, прабачце мне. Магчыма, для вас гэтая кніга не будзе вельмі карыснаю і варта пашукаць іншую, бо нішто з таго, пра што я збіраюся тут разважаць, вас не датычыць. Я пішу для самых звычайных людзей.

Звяртаюся да вас і прашу правільна мяне зразумець: я зусім не збіраюся чытаць вам натацыі і, сцеражы Божа, не імкнуся здавацца лепшым за іншых. Я толькі спрабую звярнуць вашую ўвагу на адзін факт: што ў гэтым годзе, у гэтым месяцы ці нават сёння, што больш верагодна, мы з вамі не здолелі паводзіць сябе так, як чакаем, што будуць паводзіць сябе іншыя людзі. Для сябе саміх мы знаходзім самыя розныя апраўданні. Так, вы сарвалі зло на дзецях, але толькі таму, што вельмі стаміліся на працы. Так, тыя даўнія бізнесовыя справы былі не зусім празрыстыя, калі добра прыпомніць, і вы, канешне ж, ні за што не сталі б падманваць, але тады вельмі былі патрэбныя грошы. А тое абяцанне, дадзенае старому прыяцелю, якое вы так і не выканалі, — ну што ж з гэтым зробіш, вы не паабяцалі б, ведаючы, што столькі розных справаў наваліцца і часу зусім не будзе. Што ўжо гаварыць пра адносіны з жонкай (ці мужам) або сястрой (ці братам) — калі б мне давялося ведаць, як яны могуць раздражняць, якімі дакучлівымі бываюць! Сам быў бы, як вы! І ўвогуле, хто я такі, каб вас судзіць? Я і праўда такі самы, як вы. У мяне не выходзіць як след трымацца натуральнага Закону, а калі мяне гэтым дакараюць, я адразу ж гатовы выдаць цэлы стос апраўданняў, чаму менавіта ў мяне не атрымалася. Цяпер пытанне не ў тым, ці слушныя гэтыя апраўданні. Найважней, што яны — таксама доказ таго, наколькі глыбока ўкладзена ў нас разуменне прыроднага Закону, падабаецца нам гэта ці не. Калі мы не прызнаем, што існуе паняцце прыстойнасці, то чаму тады так імкнемся знайсці апраўданне ўласным непрыстойным паводзінам? На самай справе мы так моцна верым у справядлівасць і прыстойнасць, адчуваем на сабе такі моцны ціск прыроднага Закона, што не ў стане прымірыцца з тым, што яго парушаем. Таму зноў і зноў мы спрабуем перакласці адказнасць за ўласную несправядлівасць на абставіны або на іншых людзей. Заўважце, мы імкнемся апраўдаць толькі дрэнныя ўчынкі. Свае нягодныя паводзіны мы тлумачым стомленасцю, заклапочанасцю, у рэшце рэшт голадам, а добрыя і справядлівыя ставім выключна сабе ў заслугу.

Дык вось да чаго я вяду: па-першае, паўсюль на зямлі людзям уласціва цікавае перакананне ў тым, што яны мусяць паводзіць сябе пэўным чынам, і яны не могуць пазбавіцца ад гэтай думкі. Па-другое, у рэальнасці людзі так сябе не паводзяць.

Яны ведаюць натуральны Закон і парушаюць яго.

Гэтыя два факты — аснова любога разумнага ўспрымання саміх сябе і сусвету, у якім мы жывем.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943

Працяг будзе.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней