Вялікі пост з Льюісам #3. Некаторыя супярэчнасці

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету

ІІ Некаторыя супярэчнасці

На гэтым будуць будавацца нашыя далейшыя разважанні, таму, перш чым працягваць, я хачу засяродзіцца на гэтых фактах падрабязней, каб умацаваць сваю тэорыю. Даволі шмат людзей скардзяцца мне ў лістах, што ім цяжка зразумець, што ж такое насамрэч гэты Закон чалавечай прыроды, або маральны Закон, або правілы прыстойных паводзінаў.

Напрыклад, мне пішуць: «Хіба тое, што Вы называеце маральным Законам, не проста статкавы інстынкт? Хіба гэты інстынкт не эвалюцыянаваў у людзях гэтак жа, як і ўсе іншыя інстынкты?» Я, вядома ж, не адмаўляю, што ў сваіх паводзінах людзі могуць кіравацца статкавым пачуццём, але, гаворачы пра маральны Закон, я маю на ўвазе зусім не гэта. Кожнаму знаёмае адчуванне, калі ім кіруюць інстынкты: мацярынская любоў, полавы інстынкт або імкненне насыціць голад. Вас напаўняе непераадольнае жаданне дзейнічаць пэўным чынам. Так, часам можна кіравацца менавіта ім, жадаючы некаму дапамагчы, і гэтае жаданне — дакладна вынік статкавага інстынкту.

Аднак моцнае жаданне дапамагчы зусім не падобнае да пачуцця, што вы абавязкова мусіце дапамагчы, хочацца вам гэтага ці не.

Уявіце, што раптам вы чуеце, як нехта кліча на дапамогу, і разумееце, што чалавек трапіў у бяду. Хутчэй за ўсё, у вас адначасова ўзнікнуць два памкненні: жаданне дапамагчы (вынік статкавага інстынкту) і жаданне трымацца далей ад небяспекі (вынік інстынкту самазахавання). Але апроч іх вы таксама заўважыце ўнутры сябе трэці імпульс, які будзе дыктаваць вам, што трэба паслухацца жадання дапамагчы і пераадолець жаданне ўцячы. Тое суджэнне, якое дапамагае рабіць выбар паміж двума інстынктамі і вырашае, які неабходна падтрымаць, само па сабе не можа быць ніводным з іх. Інакш з гэткай жа ўпэўненасцю можна было б сцвярджаць, што нотная партытура, дзе вызначана, якую ноту неабходна сыграць у той ці іншы момант, сама з’яўляецца адной з клавішаў фартэпіяна. Маральны Закон вызначае, якую мелодыю мы павінны зайграць, а нашы інстынкты — гэта толькі клавішы.

Прывяду яшчэ адзін прыклад, каб паказаць, што маральны Закон — не проста адзін з чалавечых інстынктаў. Калі два інстынкты апынаюцца ў канфлікце і розум істоты цалкам заняты барацьбою гэтых інстынктаў, то відавочна мусіць перамагчы мацнейшы з двух. Але ў хвіліны, калі мы найбольш ясна адчуваем на сабе ўздзеянне маральнага Закону, ён звычайна загадвае нам стаць на бок слабейшага з двух памкненняў. Само сабою, вам значна мацней хочацца заставацца ў бяспецы на сушы, а не кідацца ратаваць чалавека, які тоне на глыбіні, але маральны Закон загадвае вам усё адно прыйсуі на дапамогу. І праўда ж, ён часта заахвочвае нас спрабаваць умацоўваць у сабе правільныя памкненні, якія ад прыроды ў нас слабейшыя? Праўда ж, мы часта лічым абавязкам падтрымліваць у сабе статкавае пачуццё?

Мы імкнемся абудзіць сваё ўяўленне, выклікаць у душы шкадаванне і любымі спосабамі дадаць сабе смеласці рабіць правільныя ўчынкі.

Зразумела, што, спрабуючы ўмацаваць у сабе слабейшы інстынкт, мы дзейнічаем не паводле гэтага інстынкту. Унутраны імпульс, які загадвае вам: «Твой статкавы інстынкт спіць. Абудзі яго хутчэй!» — не можа сам быць статкавым інстынктам. Указанне на тое, якая нота ў партытуры мусіць гучаць мацней, не можа само быць гэтай нотай.

Вось і трэці прыклад. Калі б маральны Закон быў адным з чалавечых інстынктаў, мы маглі б вызначыць у сабе імпульс, які заўсёды можна назваць «добрым» і які заўсёды адпавядае правілам прыстойных паводзінаў. Але такога імпульсу не існуе. Маральны Закон можа ўздзейнічаць на любы наш інстынкт, час ад часу загадваючы яго стрымліваць, а час ад часу — узмацняць. Вы памыляецеся, калі думаеце, што некаторыя з нашых унутраных імпульсаў, напрыклад, мацярынская любоў або патрыятызм — добрыя, а іншыя, такія як полавае прыцягненне ці інстынкт барацьбы — дрэнныя. Справа толькі ў абставінах: сітуацыі, калі ўласную баявітасць ці сексуальнае жаданне неабходна стрымліваць, здараюцца значна часцей за сітуацыі, калі трэба стрымаць мацярынскую любоў ці патрыятызм. Але бываюць абставіны, калі абавязак жанатага мужчыны — распаліць у сабе сексуальнае жаданне, а абавязак жаўнера — умацаваць свой баявы дух. Здараецца і так, што любоў маці да сваіх дзяцей ці любоў мужчыны да сваёй Радзімы трэба абавязкова стрымаць, бо інакш гэтыя натуральныя імпульсы стануць прычынаю несправядлівасці ў адносінах да іншых дзяцей або іншых краінаў. Разважаючы строга, не існуе інстынктаў, якія былі б добрыя або дрэнныя самі па сабе. Зноў прывяду ў прыклад фартэпіяна. Клавішы на інструменце не дзеляцца на «правільныя» і «няправільныя». Кожная нота прагучыць правільна, калі сыграць яе своечасова, і няправільна — у іншы час.

Маральны Закон — гэта не інстынкт і не набор інстынктаў, а свайго роду настройка (мы называем яе дабрадзейнасцю або правільнымі паводзінамі), якая дае інстынктам патрэбны кірунак.

Дарэчы, гэты пункт мае вельмі вялікае практычнае значэнне. Самае небяспечнае, што можна ўчыніць, — гэта абраць любы прыродны інстынкт і зрабіць яго асноваю ўсіх сваіх учынкаў, пастанавіўшы прытрымлівацца яго любой цаной. Няма такога прыроднага імпульсу, які не ператварыў бы чалавека ў дэмана, калі выбраць яго адзіным жыццёвым арыенцірам. Можна палічыць, што такім арыенцірам з’яўляецца любоў да людзей, але — не. Варта забыцца аб справядлівасці, і вось вы ўжо парушаеце пагадненні і сведчыце фальшыва ў судзе, «жадаючы для людзей дабра», і ў рэшце рэшт самі становіцеся жорсткім і падступным чалавекам.  


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943
Працяг будзе

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней