Вялікі пост з Льюісам #4. Некаторыя супярэчнасці. Працяг

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету

ІІ Некаторыя супярэчнасці. Працяг

Іншыя пісалі мне: «Падаецца, тое, што Вы называеце маральным Законам, — звычайная сацыяльная дамоўленасць, з якою кожны чалавек знаёміцца ў працэсе выхавання. Ці ж не так?». Я лічу, што гэтае меркаванне выкліканае непаразуменнем.  Людзі, якія задаюцца гэтым пытаннем, звычайна ўпэўненыя, што, калі мы вучымся нейкім навыкам і правілам у бацькоў і настаўнікаў, значыць гэтыя правілы і навыкі выпрацаваныя пакаленнямі іншых людзей. Але гэта памылка. У школе мы ўсе вучылі табліцу множання. Дзіця, якое вырасла ў адзіноце на пустынным востраве, не мае адкуль пра яе даведацца. Аднак жа з гэтага не вынікае, што табліца множання — гэта вынік сацыяльнай дамоўленасці, выдуманыя самімі людзьмі правілы, якія можна памяняць, калі захочацца. Я цалкам згодны з тым, што мы вучымся, як сябе паводзіць, гледзячы на сваіх бацькоў, настаўнікаў і сяброў або чытаючы кнігі, гэтак жа, як вучымся ўсяму астатняму. Некаторыя важныя правілы бываюць вынікам дамоўленасці, і тады іх сапраўды можна змяняць (напрыклад, у Англіі мы вучымся ездзіць па левай паласе дарогі, а ў іншых краінах трэба трымацца правай), але бываюць правілы, як, напрыклад, матэматычныя, якія з’яўляюцца аб’ектыўнаю праўдаю.

Пытанне ў тым, да якога тыпу правілаў належыць Закон чалавечай прыроды. Ёсць дзве прычыны сцвярджаць, што гэта такая ж аб’ектыўная праўда, як матэматычныя правілы.

Па-першае, як ужо гаварылася ў першым раздзеле, хоць паміж маральнымі прынцыпамі розных эпохаў і краінаў сапраўды існуюць адрозненні, аднак паміж імі не пралягае такая вялікая бездань, як многім падаецца. Вывучаючы гісторыю, можна паўсюль распазнаць адзін і той жа маральны стандарт, а сацыяльныя дамоўленасці, такія, як правілы дарожнага руху або мода ў адзенні, могуць адрознівацца вельмі істотна. А вось другая прычына. Паразважайце пра адрозненні ў маральных кодэксах розных народаў. Ці ўзнікае ў вас адчуванне, што маральны стандарт аднаго народа лепшы ці горшы за маральны стандарт іншага? Ці можна было б іх палепшыць? Калі не, то, вядома, ніякага прагрэсу ў сферы маралі не можа існаваць. Прагрэс азначае не проста змены, а менавіта змены да лепшага. Калі ніводзін кодэкс маралі не бывае лепшы або вярнейшы за іншы, то няма ніякага сэнсу аддаваць перавагу маралі цывілізаванага грамадства перад мараллю дзікага племені або хрысціянскай маралі перад мараллю нацыстаў. Насамрэч мы ўсе прызнаем, што адны маральныя стандарты лепшыя за іншыя. Мы ведаем, што некаторыя людзі спрабавалі перамяніць да лепшага маральныя ўяўленні сваёй эпохі. Гэта былі сапраўдныя рэфарматары і першапраходцы, яны разумелі сутнасць маральнага закону лепш за сваіх бліжніх. Ну што ж, добра. Сцвярджаючы, што адзін маральны кодэкс лепшы за іншы, вы па сутнасці параўноўваеце іх з пэўным ідэалам, стандартам і гаворыце, што адзін кодэкс паўней адпавядае ідэалу. Але стандарт, з якім вы параўноўваеце нейкія дзве рэчы, не з’яўляецца ніводнай з іх. Па сутнасці, вы супастаўляеце маральныя нормы пэўных народаў або эпохаў з нейкай сапраўднай, незалежнай ні ад чаго мараллю, якая існуе па-за чалавечымі суджэннямі. І выходзіць, што некаторыя маральныя прынцыпы бліжэй да гэтага стандарту. Прывяду больш канкрэтны прыклад.

Калі вашы маральныя прынцыпы могуць лічыцца вярнейшымі за маральныя прынцыпы нацыстаў, павінен існаваць праўдзівы і незалежны кодэкс маралі, на які можна абапірацца ў суджэнні.

Гэтак жа вашыя ўяўленні пра Нью-Ёрк могуць быць праўдзівейшымі за мае, а могуць, наадварот, быць памылковымі з той прычыны, што Нью-Ёрк — рэальны горад, які існуе незалежна ад таго, што мы з вамі пра яго думаем. Калі кожны з нас, кажучы «Нью-Ёрк», мае на ўвазе проста «нейкі выдуманы мною самім горад», то як вызначыць, чые ўяўленні бліжэйшыя да праўды? Пытанне аб праўдзе і няпраўдзе тады наогул не ўзнікала б. Калі, гаворачы аб правілах прыстойных паводзінаў, мы мелі б на ўвазе «правілы паводзінаў, пра якія дамовіўся той ці іншы народ», тады бессэнсоўна сцвярджаць, што нейкі народ выпрацаваў для сябе больш справядлівую мараль. Гэтаксама марна было б спадзявацца, што наш свет можа калі-небудзь стаць больш маральным або непакоіцца, што ў ім цалкам знікне уяўленне пра мараль.

Таму я раблю наступную выснову. Хоць адрозненні паміж чалавечымі ўяўленнямі аб прыстойных паводзінах часта змушаюць нас думаць, што ніякага натуральнага маральнага Закону ў рэальнасці няма, самі развагі людзей пра гэтыя адрозненні даказваюць супрацьлеглае. Дазвольце яшчэ некалькі словаў перад заканчэннем. Я cутыкаўся з тым, што некаторыя перабольшваюць маральныя адрозненні, бо не распазнаюць розніцу ў прынцыпах маралі і розніцу ва ўяўленнях людзей аб пэўных з’явах. Напрыклад, адзін чалавек сказаў мне: «Трыста гадоў таму ў Англіі забівалі ведзьмаў. Гэта Вы таксама назвалі б Законам чалавечай прыроды і прыстойнымі паводзінамі?» Аднак дакладная прычына таго, што цяпер ніхто не палюе на ведзьмаў, у тым, што мы больш у іх не верым. Калі б верылі і сапраўды лічылі, што існуюць людзі, якія прадалі душу д’яблу, каб атрымаць узамен за гэта звышнатуральныя здольнасці, і што цяпер з дапамогаю таямнічых сілаў яны могуць сапсаваць надвор’е, забіць чалавека або забраць у яго розум, тады б усе мы пагадзіліся, што калі смяротнае пакаранне ўвогуле трэба прымяняць, то менавіта да іх, гэтых пачварных здраднікаў. Розніца не ў маральных прынцыпах, а ў тым, як мы ставімся да пэўных фактаў. Не верыць у існаванне ведзьмаў — гэта, магчыма, вялікі крок наперад у сферы пазнання, але тое, што мы перасталі знішчаць ведзьмаў, у якіх перасталі верыць, не сведчыць пра маральны прагрэс чалавецтва.

Нельга назваць кагосьці гуманным за тое, што ён перастаў ставіць пасткі на мышэй, калі насамрэч ён проста ўпэўніўся, што ўсе мышы ў хаце зніклі.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943

Працяг будзе

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней