Ці чуў хтосьці з вас пра біскупа Олівера Дашэ-Дома? У снежні 2014 г. у Нігерыі ў яго дыяцэзіі з’явілася «Бока харам» — ісламская тэрарыстычая арганізацыя. Яе ўдзельнікі рабілі жахлівыя рэчы: замыкалі людзей у клетках і спальвалі іх жывымі, выкрадалі маленькіх дзяўчат і прадавалі іх. Біскуп гэтага рэгіёну маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам: ён трымаў у руках ружанец. Аднойчы падчас малітвы яму з’явіўся Езус. У Яго руках быў меч! Езус працягнуў меч біскупу, і як толькі ён узяў яго у руку — меч ператварыўся ў ружанец! І тады Езус загаварыў са сваім біскупам і сказаў тройчы: «„Бока харам“ больш няма».


Пасля гэтага выпадку біскуп расказаў сваім святарам, што адбылося, і яны пачалі арганізоўваць рэгулярнае шэсце, молячыся на ружанцы. І ўжо ў 2015 годзе на англійскім тэлебачанні гэты біскуп аб’явіў, што ў яго рэгіёне ў Нігерыі «Бока харам» амаль цалкам зніклі дзякуючы гэтаму мячу — Святому Ружанцу. У іншых рэгіёнах Нігерыі, дзе не было падобных шэсцяў з ружанцам, «Бока харам» засталіся.

Ружанец — гэта меч неверагоднай сілы, дэманы баяцца яго, бо гэта зброя супраць іх. У Бібліі Жанчына змагаецца супраць змея, і Яе Божае Дзіця перамагае яго, але ў Яе ёсць яшчэ дзеці — гэта мы з вамі. Бог ведаў, што гэтая Жанчына, якую Ён стварыў, растопча галаву змею, а таксама прывядзе ў свет Таго, Хто адорыць нас збаўчымі таямніцамі, каб перамагчы сатану. Бог планаваў даць нам праз Марыю сапраўдную зброю, каб перамагаць сямігаловую гідру. Бог дзейнічаў няспешна, дазваляючы свайму Касцёлу супрацоўнічаць з Ім у стварэнні гэтай зброі.

Напярэдадні з’яўлення Святога Ружанца ў першым тысячагоддзі ў Касцёле выкарыстоўваўся так званы Псалтыр Марыі. Манахі, якія не ведалі латыні, не маглі маліцца Літургіяй гадзінаў, і яны пачалі замяняць чытанне 150-ці псальмаў 150-цю малітвамі «Ойча наш…» з дапамогаю пацерак. Некаторыя людзі, якія ўшаноўвалі Дзеву Марыю, сталі на падобных пацерках маліцца малітваю «Вітай, Марыя…» Але гэта быў проста пэўны інструмент для манахаў, які дапамагаў у малітве, пацеркі яшчэ не сталі тым Ружанцам, пра які мы ведаем як пра зброю Пана…

XIII стагоддзе ўсё змяніла. Пачнём аповед з жанчыны па імені Хуана дэ Аза, якая жыла ў Іспаніі. Калі яна была цяжарная сынам, у сне яна ўбачыла, што нарадзіла сабаку. Нарадзіўшы, жанчына назвала сына Дамінікам. Ён вырас, стаў святаром аўгустынам, а таксама меў талент добра прамаўляць перад людзьмі. У той час у Еўропе моцна распаўсюдзілася ерась альбігойства, паводле якой духоўныя рэчы ацэньваліся як добрыя, а матэрыяльныя — як дрэнныя, у выніку чаго хрысціянства трактавалася як дрэннае па сваёй сутнасці, бо для чаго, маўляў, Богу станавіцца целам? Альбігойцы адмаўлялі ўцелаўленне Хрыста, не прызнавалі Марыю Дзеваю. Айцец Дамінік бачыў, як шмат людзей прымае памылковасць гэтых поглядаў, і думаў, што моцным словам і аргументамі зможа пераканаць іх. Ён пачаў актыўна прапаведаваць, але ў яго нічога не выходзіла... Аднойчы айцец Дамінік адправіўся ў лес і прасіў у Бога дапамогі. Гэта быў той момант, калі яму аб’явілася Дзева Марыя і сказала: «Прапаведуй Мой Псалтыр». Айцец Дамінік і яго паслядоўнікі пачалі распаўсюджваць Псалтыр Марыі, панеслі яго на вуліцы як сродак для евангелізіцыі, каб вярнуць ерэтыкоў да праўды. Калі Марыя даручыла Дамініку гэтую місію, Яна назвала гэта зброяй супраць ерасі. Пазней айцец Дамінік заснаваў ордэн прапаведнікаў, бо яны неслі свае пропаведзі па свеце. Гэтыя прапаведнікі сталі вядомымі як дамінікане, што на латыні азначае «сабакі Пана», як некалі ў сне было аб’яўлена маці святога Дамініка. Яны сталі з неверагоднай хуткасцю вяртаць душы ў Касцёл. Святы Дамінік памер у 1221 г., а Ружанец яшчэ быў вядомы пад назваю Псалтыр Марыі. 

Вялікім праціўнікам Святога Ружанца з’яўляецца сатана. Ён ведаў, што Каралева Нябёсаў дала вернікам зброю неверагоднай сілы супраць яго, і што гэтая зброя ўжо выцягнута з ножнаў, таму ў адказ ён падрыхтаваў атаку на Ружанец: у наступным стагоддзі ў Еўропе пачалася чорная чума, памерла ажно трэць насельніцтва Еўропы! Святы Луі дэ Манфор праз некалькі стагоддзяў у кнізе «Тайна Ружанца» пісаў, што ў гэтай трагедыі быў таксама і духоўны кампанент: дзеянні сатаны супраць Ружанца. Ён хацеў знішчыць усе дакументальныя звесткі пра яго, што вельмі падобна да тактыкі лукавага. Калі нейкая новая форма пакланення даецца свету, сатана будзе імкнуцца знішчыць усе дакументальныя асновы гэтага пакланення. Напрыклад, першыя нататкі Дзённіка св. Фаўстыны згарэлі пад уплывам злога духу. Падобнае адбывалася з многімі містыкамі. Св. Луі дэ Манфор пісаў, што сатана ведаў, што чума пранікне ў кляштары, дзе знаходзіліся бібліятэкі, і што гэтыя месцы будуць спаленыя ад заразы. Так і адбылося: ад пажараў падчас чумы было страчана вельмі шмат, і ў нас засталося вельмі мала дакументаў, звязаных з Ружанцам. Напрыклад, не засталося ніводнага дакументальна зафіксаванага слова, сказанага св. Дамінікам. Ці можна ў такое паверыць? Не засталося ні адной пропаведзі святара, які заснаваў ордэн прапаведнікаў…

Незадоўга да сваёй смерці Дамінік адправіў некаторых сваіх братоў у Англію. Гэта быў вырашальны ўчынак, таму што далей Англія стане вядомаю як пасаг Марыі ў час чорнай чумы. Адна з прычынаў гэтага — там захаваўся прывезены з кантынентальнай Еўропы Ружанец. У XIV ст. у Англіі былі заснаваныя каледжы, у якіх рэктары загадалі студэнтам маліцца на ружанцы. Пры ўваходзе ў святыні нават стаялі чашы, дзе ляжалі пацеркі. Вось ён, пасаг Марыі, які захоўваўся ў бяспецы на Брытанскім востраве падчас чумы, што знішчыла палову Еўропы.

У XV ст. у Касцёле запанаваў рух абнаўлення, калі тыя, хто выжыў, у сваіх манаскіх супольнасцях захацелі вярнуцца да харызмы сваіх заснавальнікаў. Францішкане былі першымі, потым — дамінікане, картузіянцы і многія іншыя ордэны. І нябёсы пачалі перадаваць розным людзям розныя формы Ружанца, асобныя для кожнага з ордэнаў. У той час з’явіўся, напрыклад, Ружанец св. Брыгіты, францішканскі Ружанец да сямі радасцяў Панны Марыі. Некаторыя гісторыкі пішуць, што ў 1422 г. францішканін па імені Ян, які праходзіў навіцыят, быў засмучаны, што не мог знайсці ружы для статуі Дзевы Марыі. Яна аб’явілася маладому манаху і дала яму францішканскую форму Ружанца, так званы францішканскі Вяночак. Марыя сказала, што малітва на ружанцы будзе роўнаю каранавання Яе ружамі. З цягам часу ўсе формы Псалтыра Дзевы Марыі сталі вядомыя як Святы Ружанец. Хоць гэтая форма малітвы першапачаткова была дадзеная св. Дамініку, Касцёл заўсёды будзе ўдзячны францішканам за гэтае аб’яўленне маладому паслушніку. 

Дамініканцы цалкам паддаліся гэтаму новаму ружанцоваму руху і забыліся пра сваю ружанцовую традыцыю. У 2-й палове XV ст. дамініканцу Алану пачалі аб’яўляцца Езус, Марыя і св. Дамінік. Яны прасілі яго адрадзіць дамініканскі Ружанец, але а. Алан быў тэолагам, акадэмікам і не хацеў засяроджвацца на містыцы, а таму марудзіў з выкананнем Божых заданняў да таго часу, калі Езус сказаў яму, што свет напоўнены рыкаючымі ваўкамі, а ён, нібы няверны пёс, не ведае, як брахаць. Пасля гэтага дамініканін узяўся за справу: ён абнавіў практыку дамініканскага Ружанца, заснаваў брацтва Ружанца, і людзі сталі актыўна да яго далучацца. А іншы дамініканін, а. Якаў Спрынгер, таксама заснаваўшы брацтва, пачаў актыўна пашыраць такія супольнасці.

Каму гэта магло не падабацца? Вядома, сатане. Ён ведае сапраўдную сілу ружанцовай малітвы. Бог праз сваіх святых заточваў лязо гэтага мяча нанава, а сатана змагаўся з ім — гэта яскрава бачна з гісторыі. Настае XVI стагоддзе — і што адбываецца? Напэўна, усе ведаюць аднаго моцна незадаволенага (часам справядліва) святара Марціна Лютэра. Але ён пакінуў святарства і адышоў ад Касцёла. Вядома, што ў яго ёсць кніга «Брацтва Ружанца», і дагэтуль яна знаходзіцца ў бібліятэцы Енскага ўніверсітэта, а на палях гэтай кнігі можна ўбачыць заўвагі Марціна Лютэра, па якіх зразумела, што ён ненавідзеў Ружанец, называючы яго легендарнай міфалагічнай рэччу. Марцін Лютэр моцна крытыкаваў практыку індульгенцый, а ружанцовая малітва практыкавалася менавіта для атрымання адпустаў. Аднойчы ён нават разар ваў ружанцовыя пацеркі — мы гэта ведаем з запісаў на палях той кнігі. Дух, які стаяў за тым, што ён рабіў, не быў Святым Духам.

Пратэстанцкі рух хацеў пазбавіцца ад Ружанца, але ў яго нічога не выйшла, гэта толькі прывяло да росквіту ружанцовай малітвы. За Рэфармацыяй настаў час Контррэфармацыі — век каталіцкіх місіянераў. Езуіты адправіліся ў Індыю, на Дальні Усход у Сярэднюю Азію, а дамінікане і францішкане — у Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку, везучы з сабою Біблію ў выглядзе пацерак — ружанец — зброю супраць памылковых вераванняў. Як сапраўдны меч у рыцарскія часы, ружанцовыя пацеркі манахі насілі злева, дзе мацаваліся ножны з мечам, і гэтая традыцыя захавалася да сёння. Дамінікане прыбылі ў Мексіку ў 1525 г., калі Еўропа патанала ў грахах. І Бог прывёў сваю Маці ў Мексіку да звычайнага чалавека Хуана Дзіега, праз якога Багародзіца засталася ў нерукатворнай выяве Маці Божай Гвадэлупскай. На працягу 10-ці гадоў у гэтай краіне Бог прывёў у Касцёл каля 8-мі млн чалавек, запаўняючы пустку ў веры еўрапейцаў. Гэтым сваім «сэлфі» Дзева Марыя знішчыла ілжывых багоў, спыніла чалавечыя ахвярапрынашэнні ў тым рэгіёне. Было зроблена 4 копіі з Яе вобразу (імі датуліліся да арыгінала), і яны былі адпраўленыя ў Еўропу. Адна з копій была падораная каралю Іспаніі, які перадаў яе Джаванні Дорыю, які пазней апынуўся на караблі ў грэчаскім заліве — у Лепанто. Дзева Марыя, пераможца ілжывых багоў ацтэкаў, такім чынам вярнулася ў Еўропу і спыніла радыкальны іслам, які навіс над кантынентам цёмнаю сілаю.

Пакуль Бог рабіў сваю вялікую справу праз місіянераў, воінаў Ружанца, у адказ сатана рыхтаваў удар. У 1453 г. мусульмане заваявалі Канстанцінопаль і ператварылі сабор св. Сафіі ў мячэць, а ў партовым гарадку Катор (на землях сучаснай Чарнагорыі) жыла маладая дзяўчына, праваслаўная, якая навярнулася ў каталіцтва і стала тэрцыяркай ордэну дамініканаў. Над гэтым гарадком навісла пагроза заваявання мусульманамі, бо ён быў своеасаблівымі варотамі ў еўрапейскі свет. І дзяўчына бегала па вуліцах, заклікаючы: «Маліцеся Ружанец, маліцеся Ружанец!» Людзі прыслухаліся да яе, сталі маліцца, і гарадок не быў заваяваны. Гэта гісторыя благаслаўлёнай Хасанны Каторскай.

Яшчэ адной дзіўнай і вялікай падзеяй была аблога Мальты 40-тысячнай арміяй туркаў (1565 г.). Каталіцкіх войскаў было ўсяго 8 тыс., военачальнікам якіх быў Жан Парызо дэ ла Валет. Перад бітваю ён пайшоў да каваля і сказаў, каб той выкаваў меч, а на лязо змясціў ружанец. У выніку Мальту адстаялі, і гэты востраў ніколі не быў заваяваны, а той меч захаваўся да сённяшняга дня ў музеі Біргу на Мальце.

Меч Жана Парызо дэ ла Валета.

І ўрэшце, знакамітае супрацьстаянне еўрапейцаў хрысціянаў і туркаў мусульманаў у бітве пры Лепанто ў 1571 годзе. Як вядома, гэтая бітва ўратавала ўсю заходнюю цывілізацыю ад ісламу. Адправіўшы абарончыя войскі на бітву, папа Пій V, дамініканін, папрасіў ружанцовыя брацтвы і ўвесь хрысціянскі свет маліцца на ружанцы. Еўрапейцы перамаглі, хаця ўсё было супраць іх, але яны хацелі змагацца за Бога і за хрысціянства. Пасля гэтай перамогі католікі пачалі адзначаць свята Маці Божай Ружанцовай…

***

У наступным нумары мы працягнем аповед пра гістарычнае змаганне за Ружанец. Здаецца, простыя пацеркі, але гэта сапраўднае поле бітвы. Многія з нас адчуваюць гэтую бітву, калі асабліва цяжка ўзяць у рукі ружанец. Вялікая бітва і вялікая сіла — у Святым Ружанцы.


Падрыхтавала Вольга Адамовіч
Паводле відэалекцыі а. Дональда Кэллоўэя MIC «Розарий — меч Господень: краткая история».
Працяг будзе.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней