Ружанец — меч Пана. Частка 2

Мы працягнем аповед пра гістарычнае змаганне за Ружанец. Гісторыя чалавецтва сведчыць, што гэтае змаганне, сапраўдная вайна, адбываецца ў духоўным вымярэнні, а поле духоўнай бітвы — людзі...


Мы спыніліся на грандыёзнай перамозе хрысціянскіх войскаў над мусульманскімі пры Лепанто ў 1571 г. дзякуючы адданай малітве на ружанцы, пасля чаго Касцёл устанавіў свята Маці Божай Ружанцовай. Але на працягу ўсёй гісторыі вядзецца сапраўдная духоўная і фізічная вайна за Ружанец паміж Богам і сатаною, які не спыняецца ў сваіх атаках. XVII ст. дало неверагодную колькасць каталіцкіх мучанікаў у Ірландыі, Шатландыі і Англіі, бо на католікаў абрынуўся такі страшэнны пераслед ад пратэстантаў, што было забаронена нават мець ружанец, а калі ў людзей яго знаходзілі, то маглі арыштаваць і нават забіць. Фактычна першы чалавек у дзяржаве, лорд-пратэктар Англіі, Шатландыі і Ірландыі Олівер Кромвель, у сваёй справаздачы па Ірландыі пісаў: «Справы ў Ірландыі цяпер ідуць вельмі дрэнна. У нас ёсць грошы, зброя… але кожны дом у Ірландыі — гэта дом малітвы. Калі я стаўлю католікаў пад прыцэл маёй зброі, яны трымаюць у руках ніткі з бусінамі і ніколі не здаюцца!» Ірландыя стала калыскай сямейнай малітвы на ружанцы.

Мучанікаў за Панну Марыю было ў тыя часы паўсюль вельмі шмат. Напрыклад, у канцы XVII ст. у В’етнаме каля 300 тыс. людзей памерла за хрысціянскую веру, іх пазначалі кляймом, як жывёлаў, выпальваючы словы пра ілжывую рэлігію, а потым рэзалі ім жываты. Але Дзева Марыя аб’явілася гэтым хрысціянам у лесе, дзе яны хаваліся. Падчас аб’яўленняў Яна падтрымлівала іх і казала ім маліцца на ружанцы.

Сатана не супакойваўся і дзейнічаў супраць Ружанца нават унутры Касцёла, калі некаторыя ордэны выступалі супраць таго, што менавіта дамініканам быў дадзены Святы Ружанец, імкнуліся даказаць ілжывасць Боскага паходжання Ружанца. Ва ўмовах унутрыкасцёльных спрэчак аб паходжанні Ружанца Бог не спыняўся ў пашырэнні ружанцовай малітвы і падараваў людзям неверагоднае аб’яўленне на іншым краі свету — аб’яўленне Дзевы Марыі ў Лас Лахасе ў Калумбіі ў 1754 г. У той час гэта была нікому не вядомая мясцовасць, у адной з жыхарак якой была глуханямая дачка. Аднойчы з мамай яны трапілі пад навальніцу недалёка ад сваёй вёскі і схаваліся ад дажджу ў гроце з вялікімі скаламі, і там яны раптоўна ўбачылі прыгожую Жанчыну з маленькім Хлопчыкам. Яны ведалі, Хто гэта быў, бо ў Лас Лахас ужо прыбылі місіянеры, але не хацелі выглядаць фанатыкамі, таму па вяртанні ў вёску яны нікому нічога не расказалі. Мама з дачкою працягвалі патаемна хадзіць у той грот, але Дзеву Марыю з Езусам яны ўжо не бачылі. Праз нейкі час хваравітая маленькая дзяўчынка памерла, маці не магла суцішыцца і з гора ўзяла дзяўчынку на рукі і панесла ў тое месца, дзе яны бачылі Багародзіцу. Цудоўным чынам дзяўчынка вярнулася да жыцця, больш за тое — яна стала гаварыць і чуць, і яны абедзве вярнуліся ў вёску, дзе жыхары ўжо падрыхтавалі ўсё для пахавання. Уражаныя цудам, усе пайшлі на месца аб’яўлення і ўбачылі на скале вялікую выяву неверагоднай прыгажосці; людзі былі ўпэўнены, што гэта намалявалі маці з дачкою, але тыя дагэтуль нічога падобнага там не бачылі. На тое месца прыехалі святары, і ў іх не было ніякіх сумненняў: на выяве была Багародзіца, якая дорыць Ружанец св. Дамініку, а побач знаходзіцца св. Францішак. Праходзіў час, і ніхто не мог зразумець, адкуль гэтая карціна з’явілася. Людзі пачалі падымаца наверх і адломваць кавалачкі скалы з выяваю, але стала зразумела: ніякіх слядоў фарбы няма. Геолагі прабурылі скалу на 90 см углыб і зразумелі, што выява — гэта і ёсць скала. У навукі дагэтуль няма тлумачэнняў гэтай з’яве. І сёння на месцы выявы, у скале, знаходзіцца малая базыліка казачнага выгляду! Мы часта думаем, што нешта ведаем, абапіраемся на нейкія доказы і факты, але калі мы занадта ўскладаем надзею на веды, гэта знішчае ў нас пабожнасць і давер Богу. Так і ў гісторыі свету Бог перамагае праз свае цуды.

Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Лас Лахасе (Калумбія).

Наступны ўдар сатана падрыхтаваў праз рацыяналізм і так званую эпоху Асветы, якая дасягнула сваёй кульмінацыі ў Вялікай французскай рэвалюцыі. Гэтая рэвалюцыя стала сапраўдным царствам тэрору, а яе лідары бясконца кпілі з хрысціянства і з Ружанца. Прапагандуючы «культ розуму», яны прыводзілі прастытутак у сабор Нотр-Дам-дэ-Пары, сабор Парыжскай Маці Божай, прасілі адну з прастытутак легчы на алтар голай, усклікаючы: «Радуйся, багіня, поўная розуму!» У выніку на захадзе Францыі ўзнік рух супраціўлення дэхрысціянізацыі, удзельнікі якога маліліся на ружанцы і насілі яго на шыі, але былі забітыя лідарамі французскай рэвалюцыі. У гэты час знішчаліся творы вялікага Марыйнага святога Людвіка дэ Манфора. Яго кнігі, напісаныя за сто гадоў да рэвалюцыі, былі закапаныя ў полі, каб уратаваць іх ад рэвалюцыянераў, і захоўваліся там некалькі дзясяткаў гадоў, і толькі дзякуючы гэтаму кнігі не былі спаленыя і дайшлі да нашых дзён. А што зрабіў Напалеон Банапарт? У 1810 г. ён скраў і вывез каля 3-х тыс. скрыняў з ватыканскімі архівамі, у тым ліку гістарычныя дакументы пра Ружанец, і вялікая частка гэтых скрыняў была спаленая, каб сагрэцца на караблі. Благаслаўлёная Кацярына Эмерых, містычка, у 1820 г., апісваючы свае візіі, казала, што аплаквае страту Ружанца і што трэба шмат маліцца, каб вярнуць яго людзям. І Бог зноў прыйшоў на паратунак, Ён ужо дастаткова паглядзеў на французскую рэвалюцыю і яе наступствы…

У 1858 г. у французскім мястэч ку Люрд Дзева Марыя з’явілася маленькай Бэрнадэцце Субіру, яна аб’явілася з ружанцам у руках і малілася разам з дзяўчынкай. Гэтае аб’яўленне пачало сапраўдную рэвалюцыю Ружанца ва ўсім свеце: усе хацелі мець або абразок, або фігурку Дзевы Марыі з Люрда, і нават юдэі пісалі кнігі пра Маці Божую з Люрда. Аднаўленне Марыйнай пабожнасці працягнулася праз Пантыфікат аднаго з найвялікшых папаў — Льва XIII, які напісаў ажно 11 энцыклік пра Ружанец! Менавіта ён аб’явіў месяц кастрычнік у Касцёле месяцам ружанцовай малітвы. Гэты Папа вырас на ферме і ведаў, што гэты час года — час жніва, і ведаў: каб пажынаць душы, трэба маліцца на ружанцы. Ён нават змясціў тытул Дзевы Марыі, Каралевы Ружанца Святога, у Ларэтанскую літанію. У папы Льва XIII была таксама візія арханёла Міхала, і менавіта ён перадаў нам малітву да св. Арханёла Міхала, скарочанай версіяй якой мы цяпер часцей за ўсё молімся. Гэты чалавек усім сэрцам любіў Ружанец.

…Сатана часта думае, што кантралюе ўсё, але Бог чыніць неверагоднае: святар сатанінскага культу стаў вялікім Апосталам Ружанца. Гаворка ідзе пра Барталамея Лонга. Ён вырас у Неапалі, быў католікам, але, паступіўшы ў каледж, пакінуў веру. Ён працягваў шукаць праўды, наведваючы сеансы акультызму, і так глыбока пагрузіўся ў гэты культ, што даслужыўся да статусу, роўнага сатанінскаму святару. Але вынікам гэтага былі дэпрэсія, страшныя галюцынацыі, Барталамей думаў, што гэта канец. Урэшце ён пайшоў да святара дамініканіна, айца Альберта Радэнтэ, і святар расказаў яму пра Ружанец, пра абяцанні святым, звязаных з Ружанцам, і сказаў, што ружанцовай малітвай можна перамагаць ворага. Барталамей адвярнуўся ад акультызму, ён прыйшоў на чарговы сеанс, падняў ружанец і сказаў: «Пакайцеся, вось што вам трэба». Усе толькі пасмяяліся з яго і выкінулі вон, але жыццё гэтага чалавека цалкам змянілася: ён стаў дамініканінам трэцяга закону, стаў братам па імені Разарыё. Лонга адправіўся ў мястэчка Пампеі, якое калісьці было знішчана Везувіем. Дзіўна, але ў гэтым невялікім паселішчы людзі амаль не ведалі пра Хрыста, і Барталамей адчуваў адказнасць за іх веру, бо падчас яго акультнай дзейнасці ён многіх адвярнуў ад веры. Ён пабудаваў у Пампеях адну з самых вядомых у свеце святыняў, прысвечаных Ружанцу. Немагчыма ўявіць, што гэты касцёл, адзін з самых прыгожых і цудоўных, пабудаваў былы сатанінскі святар! Пазней Барталамей Лонга будаваў таксама прытулкі, бальніцы і рабіў іншыя справы міласэрнасці. У Ружанца ёсць вялікая сіла, памятайце пра гэта. Але памятайце, што вайна за Ружанец працягваецца.

Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Пампеях (Італія).

У 1903 г. папа Леў XIII памірае, і ўдар прыходзіць праз мадэрнізм. На «сцэну» выходзяць вучоныя, якія пачынаюць казаць: Ружанец — гэта легенда, гэта няпраўда, няма гістарычных дакументаў (канешне, іх жа спалілі!). У той час наступны Папа нават напісаў энцыкліку супраць мадэрнізму, але безвынікова. У дадатак на пачатку ХХ ст. выйшла грандыёзнае выданне — Каталіцкая энцыклапедыя, і адзін з аўтараў напісаў у ёй артыкул пра Ружанец. Гэтая энцыклапедыя імкліва распаўсюджвалася па свеце, і многія думалі, што гэта афіцыйнае навучанне Касцёла. Разам з артыкулам пра Ружанец, у многім скептычным, недакладным, па свеце распаўсюджвалася непраўдзівая інфармацыя пра выключна чалавечае паходжанне гэтай малітвы. На жаль, і многія даследчыкі Ружанца ХХ ст. спасылаліся на гэты артыкул і гэтак няпраўда яшчэ больш укаранялася ў свядомасці людзей. Але Бог хоча, каб мы ведалі, што Ружанец — Божае адкрыццё для чалавека. 

Пачатак ХХ ст. — гэта час не толькі квітнеючага мадэрнізму, які адмаўляў усё былое, гэта і росквіт камунізму, для якога хрысціянства стала страшным ворагам. Але Бог не пакідае чалавека і ў тых абставінах. У 1917 г., у часы Першай сусветнай вайны, у Фаціме аб’яўляецца Маці Божая, а 13 кастрычніка Яна кажа, што з’яўляецца Каралевай Святога Ружанца. У гэты дзень нават сонца танцавала і 70 тыс. чалавек бачылі ўсё гэта на свае вочы! У 1917 г. святы Максімільян Марыя Кольбэ засноўвае «Рыцарства Беззаганнай», а ў 1921 г. слуга Божы Фрэнк Даф стварае Легіён Марыі — самую буйную ў гісторыі Касцёла арганізацыю, прысвечаную Марыі. У 1940–50-х гадах амаль пры кожнай каталіцкай парафіі былі прадстаўнікі Легіёну Марыі. Лідар камуністычнага Кітая Мао Цзэдун аб’явіў, што Легіён Марыі — гэта «вораг народа нумар адзін» у Кітаі. Сапраўды, гэтая Жанчына са сваёй зброяй пераможа вас, калі вы супраць праўды, Яна дастане свой меч з ножнаў і дасць яго сваім воінам, якія змагаюцца за праўду. Так Яна і зрабіла ў ХХ стагоддзі. Яна пачала прыходзіць у адным аб’яўленні за другім. Мы ведаем пра многія з іх, але ёсць шмат невядомых, таксама прызнаных Касцёлам. Напрыклад, аб’яўленне Дзевы Марыі ў Нікарагуа ў 1980-х, калі Нябёсы паказалі хлопцу Бэрнарду, быццам у фільме, гісторыю паходжання Ружанца. Там былі людзі, апранутыя ў белае, а пасля ён убачыў, як чалавек у белым перадае ружанец чалавеку, апранутаму ў карычневае. Бог увесь час хоча данесці нам гэтую праўду пра Ружанец. Таксама вядома аб’яўленне Дзевы Марыі ў Кібэо (Руанда), дзе Марыя вучыла маліцца Ружанцам сямі балесцяў. І дзяўчынцы па імені Клер Яна сказала, каб тая распаўсюдзіла шанаванне сямі балесцяў па ўсім свеце. І што ж здарылася з маленькай Клер? Яна была забітая ў масавай разні! У той разні было жорстка забіта больш за мільён чалавек! Людзі не слухалі Дзеву Марыю, а Яна казала, што будуць рэкі крыві, калі людзі не будуць маліцца. Але цудоўная жанчына па імені Ілібагіза Імакуле, якая выжыла пасля тых падзеяў, прыняла місію маленькай Клер і сёння прапаведуе па ўсім свеце пра Божую дапамогу і аб’яўленне Багародзіцы ў Руандзе. 

Варта таксама ўспомніць айца Патрыка Пэйтана, які вядомы як «святар Ружанца». Гэты чалавек быў сапраўдным рыцарам Дзевы Марыі Ружанцовай. Ён збіраў мільёны людзей на вуліцах Калумбіі, Бразіліі, Філіпінаў на ружанцовую малітву. Нават у ЗША ў часы сексуальнай рэвалюцыі 60-х ён збіраў па паўмільёна чалавек на малітву, а ў 1950-х ён адправіўся ў Галівуд, маленькі ірландскі святар, які заікаўся. Ён пераканаў многіх вядомых актораў, большасць з якіх нават не былі католікамі, маліцца на ружанцы па нацыянальным радыё і ў тэлепраграмах, якія трансліраваліся па ўсёй краіне. І як жа балела сэрца гэтага святара, калі ў 70-я гады шанаванне Марыі і ружанцовая малітва прыйшлі ў заняпад. Таму, калі здаецца, што ўсе драконы пераможаныя, вы насамрэч складаеце зброю…

Але надзея з’явілася на Усходзе. Польскі папа Ян Павел ІІ на працягу 2-х тыдняў пасля пачатку свайго Пантыфікату сказаў усяму свету на Радыё Ватыкана, што Ружанец — гэта яго любімая малітва, і ён пачаў маліцца ім на радыё, даваць яго моладзі, ён шмат вандраваў па свеце, і куды б ні йшоў, заўсёды нахвальваў Ружанец, узвышаў яго. Вяршыняю прапаведавання Ружанца стаў 2002 г., калі Ян Павел ІІ наноў завастрыў лязо магутнай зброі: ён даў свету «светлыя» таямніцы Ружанца. Нават сёння многія супраціўляюцца таямніцам святла, гаворачы, што гэта новаўвядзенне пасля Другога Ватыканскага Сабору, але варта пачытаць св. Людвіка дэ Манфора, і мы пераканаемся, што ўжо 300 гадоў таму назад гэты вялікі святы казаў пра таямніцы святла. І як жа актуальныя для нас сёння гэтыя таямніцы! Яны кажуць пра хрост, пра тое, чаму цяпер многія ў Касцёле супраціўляюцца, гаворачы пра свабодны выбар для сваіх дзяцей. Яны кажуць пра шлюб менавіта мужчыны і жанчыны. Яны кажуць пра рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. У нас ёсць меч для нашых часоў — дык карыстаймася ім! Колькі з нас практыкуюць Ружанец у 5 першых суботаў месяца? А нам трэба гэта практыкаваць, трэба ўсім святарам, усім вернікам, каб не быць цёпла-халоднымі католікамі. Нам здаецца, што ў нас няма часу, але мы толькі некалькі разоў «клікнем» па экране — і сатана скрадае ў нас гэты час… Свету трэба тэрмінова абудзіцца, таму што Бог дае нам знакі, прамаўляе да нас, а мы ўсё не слухаем…


Падрыхтавала Вольга Адамовіч.
Паводле відэалекцыі а. Дональда Кэллоўэя MIC
«Розарий — меч Господень: краткая история».

Пачатак чытайце тут.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней