Блізкая прысутнасць Езуса

Айцец Юрый Кулай OCD ў рубрыцы «Школа малітвы» заклікае да супрацоўніцтва з Божым лекам Эўхарыстыі.

Калі б людзі ведалі пра каштоўнасць Эўхарыстыі, то службы парадку павінны былі б кіраваць рухам ля ўваходаў у касцёлы.
Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса

Калі мы галодныя, мы шукаем хлеба. Хлеб з’яўляецца крыніцай нашай моцы. Ён гарантуе жыццё на зямлі. Калі мы сасмяглыя, мы шукаем напою. Ён таксама неабходны для жыцця. Калі мы хворыя, то шукаем доктара. Існуе настолькі шмат розных хваробаў цела, што медыцына не можа іх палічыць: з кожным годам новыя мутацыі розных бактэрый і вірусаў атакуюць чалавека. Ведаем бязраднасць медыцыны адносна шматлікіх хваробаў. Калі мы самотныя, мы шукаем сябра. Нам хочацца, каб прынамсі
адзін чалавек ведаў нашае нутро. Пакрыўджаныя, падманутыя неаднойчы нават самымі блізкімі, нават тымі, хто шлюбаваў ве­рнасць, любоў, павагу, мы шукаем чалавека справядлівага, кагосьці, хто праведным вокам паглядзіць на нашыя асабістыя ўчынкі і словы. Ведаем, што толькі пры такой сустрэчы мы зможам увайсці ў свет справядлівасці.

Здараецца, што шукаем смерці. Прыгнечаныя, змучаныя жыццём, бываем бязраднымі. Як Ерамія, Ёў, як прарок Елісей усклікаем да Бога: «Лепш, каб я памёр!». Ёсць сітуацыі, калі мы нават просім Бога аб смерці для нашых блізкіх, калі ўжо ні­хто, здаецца, не дапаможа, калі бачым, як страшэнна яны пакутуюць, калі смерць з’яўляецца іх адзіным збаўленнем…

Чалавек — гэта вялікая таямніца. Сучасная медыцына адкрывае штораз больш правілаў, што кіруюць нашым целам, і штораз часцей сігналізуе, што чалавек — гэта псіха-фізічнае адзінства. Веданне функцыянавання аднаго толькі цела недастаткова, каб ведаць таямніцу чалавека. Неабходнымі з’яўляюцца таксама грунтоўныя веды са сферы псіхічнага жыцця, а для веруючых людзей неабходнай з’яўляецца таямніца духоўнага жыцця. Адно толькі дакладна: правілы, якія мы можам адкрываць у біялагічным жыцці, у нейкай меры адлюстроўваюць правілы нашай псіхікі і на падставе падабенства дазваляюць нам адкрываць таксама правілы духоўнага жыцця.

Сучасная медыцына занепакоеная ростам самых розных алергіяў. Чалавек нашага часу пераважна з’яўляецца алергікам. Гэта азначае, што арганізм рэагуе нават на невялікую дозу іншароднага цела, не можа з ім справіцца, што можа весці да драмаў і нават да смерці.

Шчаслівыя, хто памірае ў Пану, бо менавіта ў Ім можна знайсці тую смерць, якая перамяняецца ў змёртвыхпаўстанне. Езус — гэта Хлеб, які дае жыццё вечнае, Напой, які напаўняе нас моцаю, Сябра, Лекар, Справядлівы Суддзя, Пан жыцця і смерці, праў­дзівы і любячы Хрыстус, укрыты ў постацях хлеба і віна. Укрыты і адначасова даступны, але часам мы не можам Яго распазнаць. Калі б Ён адкрыў нам сваю веліч, то мы ўпалі б ніцма перад Ім, выцягнулі б рукі і прасілі б Яго аб усім, што Ён можа нам даць! Ён няспынна закрывае гэтую веліч, але і адкрывае яе нам па меры нашай веры. Чым больш мы верым, тым больш заўважаем Яго ў постаці белага хлеба…

Мы прыходзім на святую Імшу, каб дзякаваць Хрысту за Яго ціхую прысутнасць і за тое, што Ён такі даступны для нас. Молім, каб Ён абудзіў у нашых сэрцах такую веру, каб мы прыходзілі да Яго, як галодныя па хлеб, сасмяглыя — да добрага напою; як хворыя — да Лекара, які дакладна вылечыць; самотныя — да Сябра; як людзі, што чакаюць смерці, да Правадыра, які мае ключы ад брамы смерці. Мы прыступаем да Эўхарыстыі найчасцей як да спажывы, але ж для хворага чалавека спажываю ёсць лек, які мае ў сабе моц лячэння цела і душы.

Чалавек, аднак, на жаль, можа стаць «рэзістэнтным» да Эўхарыстыі, як арганізм становіцца рэзістэнтным да антыбіётыку. Гэта здараецца тады, калі ён не спалучае Эўхарыстыю з малітвай. Толькі малітва ўводзіць Божы лек у сэрца чалавека. Калі няма малітвы, ягоная моц не дзейнічае…

Іншая перашкода — гэта стомленасць. Калі чалавек фізічна, нервова і духоўна вычарпаны, тады ён не мае сілы для свядомага супрацоўніцтва з Божым лекам.

Зададзім сабе сёння важнае пытанне: ці мы адкрылі ў Эўхарыстыі той лек, які выпраўляе нашае здароўе? Калі так, то, можа, пасля шматлікіх гадоў карыстання ім, мы не сталі імуннымі?

Кожная святая Імша — гэта заклік да супольнай падзякі за Дар Эўхарыстыі, за Боскую спажыву і Боскі лек. Нездарма нядзеля — гэта святы дзень малітвы і фізічнага адпачынку, дадзены Богам і зададзены Ім у Божых запаведзях і касцёльных наказах, каб мы прымалі Найсвяцейшы Сакрамэнт Цела і Крыві Хрыста не стомленымі і «імуннымі», але поўнымі сапраўднай веры і радасці. Трэба нястомна маліцца і імкнуцца да такой паставы.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD — кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней