Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, год А (26.03.2017)

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. І вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы Таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі ў Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». І сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек грэшнік». Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. І сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш».

(Ян 9, 1–41)

«Няўжо і мы сляпыя?»

Чалавек прызначаны для сузірання ў вечнасці бясконцага Божага хараства. Але ўжо ў зямным жыцці многім людзям даступнае агляданне прыгажосці Божага стварэння, якая ў пэўнай ступені з’яўляецца адбіткам прыгажосці самога Створцы. Гэта магчыма дзякуючы каштоўнаму Божаму дару — зроку, які без перабольшвання можна назваць таксама адною з асноўных крыніцаў інфармацыі аб навакольным свеце. Таму любая яго страта або адсутнасць ад нараджэння — гэта вялікае абмежаванне і вялікае няшчасце. Аднак у перспектыве вечнасці яшчэ большае няшчасце прыносіць адсутнасць духоўнага зроку, які дазваляе правільна карыстацца дарам фізічнага зроку і дапамагае бачыць найпрасцейшы шлях, што вядзе да канчатковай мэты. Менавіта з прычыны духоўнай слепаты нават выдатны зрок можа прынесці вялікую шкоду ў справе збаўлення: пажадлівасць вачэй разам з пажадлівасцю цела і пыхаю — вось галоўнае, што штурхае людзей да парушэння Божых запаведзяў. Духоўны ж зрок спрыяе своечасоваму распазнаванню спакусы і паказвае дзейсныя сродкі барацьбы з ёю. Але не толькі. Дзякуючы яму чалавек здольны выбіраць сярод разнастайных колераў, формаў і прапорцый, якія нас атачаюць, тыя, што найлепшым чынам адлюстроўваюць спрадвечную Прыгажосць, пра якую так цудоўна пісаў святы Аўгустын у сваіх «Вызнаннях».

Нашыя далёкія продкі мелі выдатны духоўны зрок: на хвалу Божую яны стваралі дзівосныя рэлігійныя выявы, узводзілі велічныя святыні, якія і сёння, нават тыя з іх, што, на жаль, знаходзяцца ў амаль зруйнаваным стане, прыводзяць у захапленне, адкрываючы і для многіх няверуючых шлях да веры ў Таго, у чый гонар яны былі пабудаваныя. Бо і святыня, і годная, прыгожая літургія, для служэння якой яна ў першую чаргу прызначаная, сімвалізуюць неба і нябесную літургію!

Сёння ж, на жаль, нават многія духоўныя асобы, здаецца,гэтага не ўсведамляюць. Магчыма, падчас семінарыйнай фармацыі іх недастаткова глыбока знаёмілі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва і культуры, эстэтыкай, асновамі гармоніі і г.д., якія ў душпастырстве не менш важныя за гамілетыку, бо вучаць паўней перадаваць праз знешнія мастацкія сродкі праўду аб Уцелаўлёным Слове… Магчыма, гэта адбываецца ад недахопу часу ці элементарнай ляноты…

Але, якія б ні былі прычыны, застаецца фактам, што шмат сучасных касцёлаў праектуюцца і будуюцца не паводле даўно адкрытых чалавецтвам аб’ектыўных канонаў гармоніі, а паводле суб’ектыўных поглядаў і густаў, і таму мноства з іх мала чым адрозніваецца ад свецкіх канферэнцыйных залаў ці завадскіх цэхаў, а некаторыя нават нагадваюць канцлагеры — ёсць, на жаль, і такія. Прычынаў для захаплення падобнаю «архітэктураю» няма — наўрад ці каму захочацца трапіць у такое «неба»!

Што датычыць літургіі, трэба сапраўды быць духоўна сляпым, каб усур’ёз думаць, што можна прыцягнуць да спрадвечнага Бога і заахвоціць да прабывання з Ім няўдалаю аматарскаю пародыяй на свецкія шоў, з якімі яна не ў стане спаборнічаць узроўнем якасці і прафесіяналізму! Сама форма занадта цесная для зместу!

Вельмі крыўдна за Касцёл, калі выпрацаваныя і асвечаныя ім культурныя каштоўнасці секулярызуюцца, а замест іх вернікам навязваюць імітацыю не самых лепшых узораў свецкай поп-культуры або «авангарду». І ці нармальна, калі адвечныя эстэтычныя каноны часцей сустракаюцца ў свецкіх будынках, чым у сучасных каталіцкіх касцёлах, або, калі свецкія дзеячы карыстаюцца вялікімі скарбамі хрысціянскай культуры паўней і ахвотней, чым многія сучасныя пастыры?

Ці ж і не да гэтых апошніх праз стагоддзі звернуты словы Пана Езуса: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш».

Айцец Міхал Ермашкевіч OP


Глядзі яшчэ разважанні на Чацвёртую нядзелю Вялікага посту, год А:
айцец Браніслаў Дашкевіч OP «Абавязкі і правы».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней