«Ён намасціў мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім…»

Трэцяя звычайная нядзеля, год С (27.01.2019)

Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.

Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана: 

«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана».

Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі»

(Лк 1, 1–4; 4, 14–21)

«Ён намасціў мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім…»

Калі ўважліва паслухаць або пачытаць навіны ў сродках масавай інфармацыі, то мы заўважым, што большасць з іх ніяк не назавеш добрымі: катастрофы, тэракты, войны, канфлікты, аварыі, крымінал, нарэшце, стыхійныя бедствы, а таксама скандалы, якімі некаторыя асобы робяць сабе піяр або здабываюць грошы… Рэшта навінаў мае пераважна нейтральны характар, даючы інфармацыю пра падзеі, якія не нясуць у сабе непасрэднага негатыву. Аднак, па вялікім рахунку, у большасці выпадкаў усе гэтыя звесткі не нясуць і вялікага пазітыву, а толькі заспакойваюць чалавечую цікаўнасць, часта не зусім здаровую, а часам могуць нават спакушаць да граху…

Толькі нязначны працэнт інфармацыі наўпрост натхняе чыніць дабро, удасканальваць сваю асобу і імкнуцца да навяртання. Такая дыспрапорцыя можа ствараць уражанне, што зло ў свеце перамагае і пануе, і, адпаведна, можа выклікаць песімістычныя думкі.

Трэба аднак памятаць, што зло кідаецца ў вочы, таму што яго натура вынікае з адсутнасці дабра, а кожнае дабро паходзіць толькі ад Найвышэйшага Дабра — Бога, якому ўласціва існаванне. Таму гэтае нішто, не-існаванне, па сутнасці імкнецца ўсімі спосабамі заявіць пра сябе і сваю значнасць, гэтак жа, як некаторыя людзі з вялікімі амбіцыямі і пасрэднымі здольнасцямі здабываюць сабе папулярнасць з дапамогаю розных скандалаў — хто ж іх заўважыць інакш?

Дабру не патрэбная крыклівая і фальшывая рэклама, хоць замоўчваць яго таксама няправільна. Таму трэба абвяшчаць Добрую Навіну пра тое, што, нягледзячы на разнастайнасць зла ў гэтым свеце, канчатковае слова застанецца за Найвышэйшым Дабром. А дрэнныя навіны служаць толькі ілюстрацыяй да таго, што бывае, калі ў жыцці няма месца для Бога і Яго навукі, што здараецца, калі чалавек хоча сам вырашаць, што добра, а што дрэнна, і не лічыцца з законамі, устаноўленымі Стварыцелем.

Нават прыродныя катаклізмы па сутнасці з’яўляюцца папярэджаннем і нагадваюць, што чалавек — далёка не ўсемагутны дэміург, і, калі паглядзець на іх вачыма веры, мабілізуюць да навяртання. Бо ніякія катастрофы, ніякія матэрыяльныя бедствы не зашкодзяць душы, якая шчыра імкнецца да Найвышэйшага Дабра, а часовыя зямныя даброты выкарыстоўвае толькі як сродак для дасягнення канчатковай мэты жыцця і не прывязваецца да іх, а значыць з’яўляецца ўбогай у духоўным разуменні слова. Для такіх убогіх душаў любая навіна можа ператварыцца ў добрую — не ў сэнсе абыякавасці або зларадства з прычыны бяды іншых, а ў сэнсе магчымасці павялічыць колькасць дабра ў гэтым свеце, прыходзячы да іншых з дапамогаю, калі не матэрыяльна-фізічнай, што не заўсёды магчыма, то прынамсі малітоўна-духоўнай, што даступна абсалютна кожнаму. І гэта безумоўна паспрыяе канчатковай перамозе дабра над злом. Таму давайце імкнуцца не «перамолваць» дрэнныя весткі, а маліцца за тых, да каго нейкім чынам дакранаецца зло, і гэтак прымаць удзел у абвяшчэнні Добрай Навіны.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Трэцюю звычайную нядзелю, год С:
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Ён намасціў Мяне»

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней