Нядзеля Добрага Пастыра

 Чацвёртая Велікодная нядзеля, Год А, (03.05.2020)

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, – гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку».

(Ян 10, 1–10)

Нядзеля Добрага Пастыра

Святое Пісанне напоўнена вобразамі і прыпавесцямі пра пастыра і авечак, скіраванымі да тых, хто нясе адказнасць за іншых людзей. Пан Езус, дасканала ведаючы Стары Запавет, чэрпаў з яго вобразы: адсюль прыпавесць пра згубленую авечку і Страшны суд, дзе авечкі будуць аддзеленыя ад казлоў, прыпавесць пра пастыра і наёмніка, а таксама пра авечы двор, браму і добрага пастыра — урывак, які мы чытаем сёння, у нядзелю Добрага Пастыра.

Аднойчы я чуў гісторыю пра сустрэчу двух кардыналаў: уроцлаўскага кардынала Генрыка Гульбіновіча і кёльнскага Ёахіма Майснэра. Кардынал з Германіі распавёў, што пасля Другой сусветнай вайны мясцовыя семінарыі былі поўныя маладых мужчынаў, а цяпер, калі для навучэнцаў пабудавалі прыгожы комплекс з капліцаю, вучэбнымі аўдыторыямі, утульнымі пакоямі для пражывання і нават з басейнам, там нікога няма. Яшчэ ён сказаў, што пасля вайны ў Германіі было мноства шматдзетных сем’яў, таму было дастаткова пакліканняў, а цяпер у нямецкіх сем’ях па адным, самае большае ― па двое дзяцей. Кардынал падсумаваў, што неабходна маліцца, каб сужэнцы не баяліся нараджаць дзяцей. Бо калі не будзе шматдзетных святых сем’яў, Пан Бог не зможа паклікаць моладзь да святарства і манаскага жыцця.

Айцец Ян Гура ОР падчас аўдыенцыі ў Рыме ў Яна Паўла ІІ папрасіў у яго парады для студэнтаў. Папа падумаў і сказаў: «Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною». Гэтыя цудоўныя словы 23 псальма ніколі не страчваюць актуальнасці, а ў гэтым годзе, калі мы святкуем 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ, ён напэўна паўтарыў бы іх, каб умацаваць нас падчас пандэміі каранавіруса.

Падчас гэтага тыдня малітвы аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, памятайма словы Пана Езуса: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё» (Лк 10, 2). Гэта заахвочванне да малітвы аб новых святых «пастырскіх» пакліканнях, але не толькі да манаства і святарства, але і аб добрых святых пакліканнях да сужэнства. Не забывайма ў малітве пра пастыраў: святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць Божаму народу, але таксама і пра бацькоў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у веры, і пра грамадскіх кіраўнікоў, ад рашэнняў якіх залежыць магчымасць свабодна абвяшчаць Евангелле ў публічнай прасторы.


Айцец Раман Шульц ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней