«Чувайце і маліцеся...»

Стол Божага слова.  І Нядзеля Адвэнту, Год С (28.11.2021). Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра тое, што ратуе нас ад небяспечнай хваробы граху і духоўнай смерці.

І Нядзеля Адвэнту, Год С (28.11.2021)

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікаю славаю.

Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

(Лк 21, 25–28. 34–36)

 «Чувайце і маліцеся...»

Усё жыццё Касцёла можна назваць Адвэнтам — чаканнем канчатковага прыходу Збаўцы. Гэта думка знітоўвае ўсе перыяды літургічнага году, які пачынаецца з чатырох тыдняў перад урачыстасцю Нараджэння Пана Езуса. На працягу іх мы асаблівым чынам разважаем таямніцу двухразовага прыходу Божага Сына на зямлю: у канкрэтны гістарычны момант для аб’яўлення ласкі і міласэрнасці Бога і пры канцы свету, калі Ён вернецца ў моцы і славе.

Касцёл жыве паміж гэтымі двума прыходамі, каб рыхтаваць людзей да сустрэчы з Панам, захоўваючы і абвяшчаючы ім Яго навуку, поўню якой адкрыў Езус, калі першы раз прыйшоў у гэты свет. Аднак задоўга да гэтага Бог пачаў навучаць людзей праз выбраных сваіх прарокаў. Іх выбітным прадстаўніком з’яўляецца Ісая, чые прароцтвы займаюць важнае і пачэснае месца ў адвэнтавай літургіі. Апошні прарок Старога Запавету — Ян Хрысціцель — заклікае да навяртання і жыцця згодна з Божым Словам, прыход якога ён папярэдзіў і абвясціў. Гэты заклік як ніколі актуальны сёння, калі свет, здаецца, зусім забыўся аб тым, Хто яго стварыў, адкупіў і да Каго трэба вяртацца: некаторыя хрысціянскія краіны цяпер фактычна перасталі імі быць, пагразнуўшы ў матэрыялізме, спажывецтве і прыманні фальшывых правоў чалавека. Нават у касцёльным асяроддзі пашыраюцца думкі пра тое, што Касцёл павінен прыстасоўваць і змяняць Божую навуку ў адпаведнасці з менталітэтам і жаданнямі сучаснага секулярызаванага і ўсё больш дэмаралізаванага чалавека, які часта не шануе ні шматвяковай касцёльнай Традыцыі і Магістэрыума, ні нават Святога Пісання, успрымаючы яго як прадмет даследаванняў і крытыкі, а не слова Жывога Бога…

Нават прыродныя катаклізмы, пандэміі і іншыя выпрабаванні людзі не вельмі спяшаюцца разумець як Божыя знакі, што папярэджваюць аб няправільнасці іх паводзінаў у свеце, аб кволасці фізічнага існавання чалавека, аб тым, што нават калі канец свету надыдзе не пры гэтым пакаленні (хоць часам здаецца, што ён ужо не за гарамі), то ўсё роўна кожнага непазбежна чакае асабісты момант развітання з зямным жыццём і ўваходу ў іншую рэчаіснасць, і месца ў ёй наўпрост залежыць ад сур’ёзнасці стаўлення да навукі Бога і веры ў Яго, а не ад чалавечых поглядаў, меркаванняў і гіпотэзаў.

Таму трэба асабліва чуваць, каб не заразіцца спакуслівымі бязбожнымі тэндэнцыямі, што як вірус распаўсюджваюцца па ўсім свеце, а найлепшай вакцынацыяй ад іх з’яўляецца здаровае і трывалае Божае вучэнне, актуальнае ва ўсе часы, бо толькі яно ратуе ад небяспечнай хваробы граху і духоўнай смерці. Трэба маліцца за ўсіх хрысціянаў, каб не адыходзілі з гэтага свету без Божай ласкі, каб баяліся жыць без сакрамэнтаў больш, чым баяцца кавіду, бо, адкладваючы споведзь і святую Камунію да «лепшых часоў» многія, на жаль, не паспяваюць гэта зрабіць, і таму вельмі патрэбныя малітвы аб Божай міласэрнасці для іх за іх занядбанне веры.

Трэба таксама маліцца і за тых, хто мае нейкую зямную ўладу, аб вызваленні ад фальшывай талерантнасці да граху і да дэманакратыі, за тых, хто ў імя прыдуманых чалавечых свабодаў не лічыцца з запаведзямі Бога, і за тых, хто хоча быць Яму верным да канца. Няхай у гэтай малітве спадарожнічае нам Божая Маці, якая ні на адзін момант не знаходзілася пад уладаю д’ябла і граху. Няхай Яна будзе для нас узорам любові да Бога, які ў Яе найчысцейшым улонні стаўся Чалавекам, каб ахвяраваць сябе за нас, перамагаюы зло, і даць нам рэальную магчымасць годна падрыхтавацца для радаснай сустрэчы і прабывання з Ім у вечнасці.


Айцец Міхал Ермашкевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней