
Стол Божага слова. Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра намеры чалавека, бо здараецца, што нават самыя добрыя намеры не заўсёды супадаюць з Божымі задумамі для яго.
ІІ нядзеля Адвэнту, Год С (05.12.2021)
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам у Абіленах, пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, а ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне”».
(Лк 3, 1–6)
Нашы надзеі і задумы
Падчас панавання цэзара Тыберыя Понцій Пілат быў намеснікам у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія -- тэтрархам у Абіленах, дзе першасвятарамі былі Анна і Каяфа. Усё ўпарадкавана, падзелена і вызначана, пра ўсё дамоўлена. Ёсць каму пакіраваць і задбаць і пра зямныя, і пра духоўныя справы.
І ў гэты ўпарадкаваны, але невялікі свет паверх галоваў тых, што самі былі вышэйшымі галовамі і дамовіліся, як уладкаваць між сабою асобныя элементы сістэмы, прыходзіць слова Божага натхнення. Яно скіравана да чалавека, які блукае недзе па пустынных ваколіцах гэтага ўпарадкаванага грамадства. Ян прыходзіць абвясціць, што хутка прыйдзе Той, хто будзе фармаваць свет паводле ўласнага парадку, і перавага Яго задумаў над задумамі людзей у тым, што Яго намеры існуюць ад веку.
Мы чытаем на першых старонках Бібліі, што Пан Бог даў свет у панаванне людзям. Аднак, як, на жаль, бывала з любым Божым наказам, мы абярнулі гэтае права супраць сябе саміх і супраць Бога. Часам гэта адбываецца зусім незаўважным, нават нявінным чынам. Напрыклад, як праходзіць у многіх людзей шараговая нядзеля: сняданак, шпацыр да касцёла, святая Імша, шпацыр з сябрамі, кава, позні абед, зноў кава… Што ў гэтым дрэннага? Дрэннага, можа, нічога і няма, але недзе на падкорцы такі распарадак закладвае думку, што на святой Імшы не адбываецца нічога такога, ад чаго ўсё іншае ў свеце страціць сваё значэнне. Не, гэта зусім не азначае, што мы перастаем верыць, але сведчыць, што Божую справу мы ставім у адзін шэраг з іншымі падзеямі гэтага дня.
Вядома, мы павінны планаваць, складаць распарадкі, дамаўляцца з іншымі, бо зямля «дадзеная нам ва ўласнасць», але вера патрабуе ад нас прынамсі крыху сумнення і паўзы перад тым, як сказаць: «гэта ўсё ўжо вырашана». Гэтае адхіленне ад уласных намераў неабходнае, каб нагадаць самім сабе, што ёсць яшчэ Нехта, хто клапоціцца пра нас так рупліва, што часам змяняе самыя лепшыя нашыя задумы, каб стварыць для сябе месца побач з намі і ў нашых сэрцах.
Айцец Гжэгаж Курась ОР
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.