Адважна несці Хрыста

ІV нядзеля Адвэнту, Год С (19.12.2021)

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

(Лк 1, 39–45)

Адважна несці Хрыста

Пан Езус прыходзіць у свет праз Марыю. Яшчэ не нарадзіўшыся, Ён адведвае свайго прадвесніка, які таксама чакае нараджэння. Пакуль што сустракаюцца іх маці, але Ян ужо пазнае Месію і, яшчэ не ўмеючы гаварыць, сведчыць пра Яго.

…Кожны з нас мусіць адкрыць сваё ўнікальнае месца ў супольнасці Касцёла. Гэтак жа, як праз Марыю Езус наведвае Яна Хрысціцеля, кожны з нас, будучы блізка Хрыста, можа занесці Яго туды, дзе пра Яго забыліся альбо ўвогуле пра Яго не чулі. Даць іншым людзям магчымасць сустрэцца са Збаўцам і Богам — ці ж гэта не місія для кожнага хрысціяніна? Як бы змяніўся свет, калі б усе мы, свецкія і кансэкраваныя асобы, памяталі пра гэты прывілей і абавязак —абвяшчаць Хрыста! Прыгожа гаворыцца аб гэтым у Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium: «Дзякуючы дзейнасці Касцёла ўсё добрае, што пасеяна ў чалавечых розумах і сэрцах ці ва ўласных абрадах і культурах народаў, не толькі не гіне, але паляпшаецца, уздымаецца на вышэйшы ўзровень і паўней удасканальваецца дзеля Божай хвалы, на пасаромленне д’ябла і на шчасце чалавека» (LG 17). Аднак гэтыя прыгожыя словы могуць застацца толькі словамі, калі мы не станем іх ажыццяўляць. Няхай жа Марыя, нашая Маці, вучыць нас адважна несці Хрыста іншым людзям.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней