Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, як хрышчэнне Езуса ў рацэ Ярдан адкрывае Божае жыццё для кожнага чалавека.

Свята Хросту Пана, год С (09.01.2022)

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

(Лк 3, 15–16. 21–22)

ДНК Хрыста

Божае слова, якое мы чуем у нядзелю Хросту Пана, патрабуе засяроджання — цішыні і прабывання прад Богам, сузірання. І ў гэтым сузіранні мы, несумненна, пачнем захапляцца асобаю Езуса, які стаіць у натоўпе грэшнікаў, што просяць аб хросце, і пакорна прымае гэты знак ачышчэння ад грахоў, моліцца і сваёю малітваю адкрывае неба, пазнае і прымае сваю місію і чэрпае жыццё ў блізкасці Бога Айца.

Езус стаіць у натоўпе як звычайны грэшнік, бо ведае чалавечыя сэрцы як ніхто іншы. Ён ведае, якім адзінокім становіцца чалавек, які адвярнуўся ад Бога. Але сам Ён застаецца Любоўю Айца, якая ніколі не знікае і заўсёды шукае. Ён застаецца там, куды быў пасланы, там, дзе павінен быць Касцёл — паміж людзьмі, для людзей, у іх жыцці, у іх асабістых гісторыях. Першы ўчынак любові — гэта заўжды здольнасць прыняць іншага чалавека такім, які ён ёсць і там, дзе ён аказаўся ў сваім жыцці. Для Езуса такім учынкам стала ўцелаўленне, адкрытасць і прагненне збавіць усіх людзей. Таму Ён упісвае кожную жанчыну і кожнага мужчыну ў сваё Боскае сэрца і пэўным чынам становіцца кожным з нас.

Ён акунаецца ў Ярдан толькі з той прычыны, што заняў месца сярод людзей, месца грэшніка. У водах ракі ён абмывае ўсе гісторыі людзей з самага пачатку свету. Ачышчэнне становіцца магчымым не праз сілу акунання ў ваду — гэта толькі сімвал, а таму, што Езус — Адкупіцель. Ён бярэ на сябе смерць кожнага чалавека як кару за грахі — вось у чым сімволіка акунання. Гэтак жа становіцца рэальнасцю любоў да бліжняга, у ёй найбольш поўна праяўляецца любоў Бога да тых, каго Ён стварыў і каму прагне даць жыццё.

У Евангеллі паводле Лукі Езус адразу пасля хрышчэння пачынае маліцца. Яго малітва становіцца тэафаніяй — аб’яўленнем Божага жыцця ў адзінстве Тройцы. Жыццё для Айца і жыццё для людзей робіць любоў рэальнасцю, і неба адкрываецца, адкрываецца доступ да Божага Сэрца. Чалавек у Хрысце становіцца часткаю Божага жыцця і Божай любові. Ён адкрывае ў Хрысце сваю сапраўдную тоеснасць, заснаваную на тым, што кожны з нас — любімы сын і любімая дачка Бога. Ачышчэнне, выбранне, тоеснасць любімага дзіцяці, прабыванне ўсёй Святой Тройцы ў чалавеку — гэта дары і вынікі хрышчэння, слупы, на якіх трымаецца Божае жыццё ў нас. Тое, што абяцана, ужо становіцца рэальнасцю і змяняе нашае жыццё, калі мы давяраемся гэтаму таямнічаму коду, бо ў сваіх душах мы маем ДНК Хрыста!


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Шэдзько.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней