Праз заступніцтва Марыі

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, у чым сэнс малітвы аб заступніцтве Божай Маці, і як правільна ставіцца да Яе, нашай магутнай Апякункі.

ІІ Звычайная нядзеля, Год С (16.01.2022)

А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

(Ян 2, 1–12)

Праз заступніцтва Марыі

Евангельскія словы, якія мы чуем у гэтую нядзелю, часта гучаць падчас святаў у гонар Божай Маці. Марыя на вяселлі ў Кане Галілейскай, куды быў запрошаны і Яе Сын з вучнямі, заўважыла недахоп віна і звярнулася да Езуса, каб Ён мог штосьці зрабіць. Спачатку Пан Езус адрэагаваў на Яе просьбу, падаецца, з неахвотай, але ўсё ж згадзіўся выканаць тое, што Яна просіць. Звычайна прапаведнікі звяртаюць увагу менавіта на гэты момант, маўляў, просьба была выкананая, бо прасіла Марыя, а сваёй Маці Езус не адмаўляе, і таму чалавек, просячы Бога аб нечым праз Яе заступніцтва, будзе абавязкова выслуханы. Калі мы слухаем і прымаем такія сцвярджэнні без глыбейшай рэфлексіі, то вельмі лёгка паддаемся спакусе выкарыстоўваць заступніцтва Маці Божай як інструмент. Такі спосаб паводзінаў вельмі распаўсюджаны сярод людзей у нашыя часы, калі некага просяць праз знаёмых аб нейкай паслузе, але такі падыход не ідзе на  карысць ані таму, хто просіць, ані таму праз каго просяць. Мы звяртаемся да Марыі не таму, што Яе Езус паслухае з большай імавернасцю, а значыць паслухае і нас. Гэта было б няведаннем, і нават у пэўным сэнсе неўшанаваннем Марыі. Яна — Тая, хто перадусім глыбока слухае Бога і шукае Яго волі, і такой паставе вучыць усіх нас, гаворачы у Кане слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Справа не ў тым, каб дакладна адбылося тое, чаго мы просім, а каб Божая воля стала таксама нашай воляй. Гэтаму вучыць нас нашая Заступніца і Маці.


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней