Рэальнасць міласэрнасці

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як важна цалкам рабіць рэальнасцю тое, чаму вучыць нас Хрыстус.

VIІ Звычайная нядзеля, Год С (20.02.2022)

Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

(Лк 6, 27–38)

Рэальнасць міласэрнасці

«Увесь час мяне хвалюе тое, як зрабіць дабро майму ворагу» — гэтая фраза, здаецца, паходзіць з нейкага фантастычнага апавядання. Калісьці я чытаў гісторыю, якая паказвае, што працытаваныя словы могуць стаць рэальнасцю. Гэта адбылося падчас Другой сусветнай вайны. Сведка падзей расказвае аб здарэнні, якое назіраў пры ліквідацыі часткі славенскай арміі па загадзе Ціто. Сярод асуджаных на смерць людзей быў хлопец, які ніяк не выказваў сваёй варожасці да катаў. У пэўны момант адзін з канваіраў прамахнуўся і замест вязня ўдарыў свайго калегу, аглушыўшы яго. Той паваліўся, і першым, хто падбег дапамагчы яму падняцца, быў той асуджаны хлопец. Гэты ўчынак кардынальна змяніў адносіны былога ката да сваёй ахвяры. Ён пачаў прасіць прабачэння і ў выніку загінуў разам з тымі, каго вёў на смерць.

Гэтая гісторыя здаецца неверагоднай, але сведка пацвердзіў яе праўдзівасць пад прысягаю. Словы Езуса аб любові да ворагаў, аб прабачэнні, малітве за крыўдзіцеляў не з’яўляюцца недасягальным ідэалам. Інакш давялося б сапраўды аднесці Біблію да фантастыкі. Наш Стварыцель, вобраз якога мы носім ў сабе, ведае, што насамрэч можна дасягнуць таго, што Ён нам адкрывае. Навучаючы, наш Збаўца звяртае ўвагу на тое, Хто з’яўляецца для нас прыкладам у ажыццяўленні Яго наказаў: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».

Міласэрнасць Бога для хрысціяніна і кожнага, хто хоча гэта ўбачыць, — не фантастыка, а рэальнасць. Мы сустракаемся з ёй у жыцці, адкрываем у сакрамэнтах. Але не для таго, каб мець гэта толькі для сябе, а каб падзяліцца з іншымі. Тады чаму б нам, хрысціянам, не зрабіць гэтую рэальнасць больш яўнаю праз асабісты прыклад?


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней