Сёння разам з айцом дамініканінам Крыштафам Коц’янам ОР мы разважаем пра тое, як Бог перамяняе наш позірк і дазваляе нам бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць насамрэч.

ІI Нядзеля Вялікага посту, Год С (13.03.2022)

Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.

І сказаў яму: Я — Пан, які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую ва ўладанне.

Ён сказаў: Пане Божа, як я пазнаю, што буду спадкаемцам яе? Пан адказаў яму: Вазьмі для Мяне трохгадовую ялавіцу, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў для Яго ўсё гэта і рассек іх папалам, і паклаў адну частку насупраць другой; толькі птушак не рассек. І пачалі злятацца да мяса драпежныя птушкі, але Абрам адганяў іх.

Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось ахапіў яго жах і вялікая цемра. Калі зайшло сонца, настала глыбокая цемра, і вось дым, быццам з печы, і полымя агню прайшлі паміж рассечанымі жывёламі. У той дзень заключыў Пан запавет з Абрамам, сказаўшы: Патомству твайму даю гэтую зямлю, ад ракі егіпецкай ажно да вялікай ракі, ракі Еўфрат.

(Быц 15, 5–12. 17–18)

А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.

Таму, мае ўмілаваныя браты, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану, умілаваныя!

(Флп 3, 20–4, 1)

Узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

(Лк 9, 28b–36)

Позірк веры

Сёння ў евангельскім чытанні мы бачым сцэну перамянення Пана Езуса. Але насамрэч гэта не перамяненне Пана Езуса, а наадварот — дзякуючы Божай ласцы вочы вучняў сталі здольнымі ўбачыць Хрыста такім, які Ён ёсць, убачыць Боскасць, якая перамяняе Яго чалавечнасць, і такім чынам пазнаць таксама мэту жыцця. Калі ўявіць, што раптам мы пачалі бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, якой Пан Бог яе стварыў, а не такой, як падаюць нам нашыя пачуцці — то насамрэч гэта і ёсць вера. Позірк веры дазваляе нам убачыць сапраўдную рэчаіснасць, крочыць сцежкамі, якімі нас кліча Бог, а не тымі дарогамі, якія насамрэч толькі здаюцца надзейнымі, але вядуць да падману.

Вера дазваляе нам убачыць свет і нашыя адносіны такімі, якія яны ёсць, такімі, якімі іх стварыў Бог, без аніякіх ілюзій. Сёння мы чуем у літургічных чытаннях пра трох айцоў нашай веры — Абрагама, Майсея і Іллю — і разумеем, што кожны з іх перажываў духоўнае змаганне. Па чалавечых мерках яны ішлі на «паражэнне»: Абрагам быў старым чалавекам, які ўжо не мог мець дзяцей, але верыў, што Пан Бог дасць яму мноства нашчадкаў, і таму гатовы быў ісці за Богам. Майсей не бачыць абяцанай зямлі, але гатовы рызыкнуць і пайсці туды. Ілля застаецца адзіным Божым прарокам і выжывае ў пустыні, у немагчымых умовах. У жыцці кожнага з іх было выпрабаванне. Аднак Абрагам, які не мог мець дзяцей, сапраўды становіцца бацькам — і большая частка чалавецтва сёння лічыць Абрагама сваім продкам. Майсей з’яўляецца айцом выбранага народа, тым, хто яго сфармаваў. Ілля — адзіны прарок, які застаўся ў Найвышэйшага Бога — перамагае чатырыста язычніцкіх прарокаў: у гісторыі не засталося нічога пра тых прарокаў і пра тое, што яны гаварылі, а Ілля быў вестуном праўды. Мы бачым іх перамогу нават у чалавечых, зямных маштабах, не гаворачы нават пра славу, якой яны цяпер радуюцца ў небе.

Для чаго патрэбная была гэтая перамога? Ёсць дзве прычыны. З аднаго боку, яна неабходна для нас, каб пацвярджалася і ўмацоўвалася нашая вера. З іншага боку — для іх саміх, бо і Абрагаму, і Майсею, і Іллі не ўсё роўна, што адбываецца ў свеце, яны нас любяць, як нашыя айцы ў веры. Калі так, то вельмі важна, каб мы позіркам веры глядзелі на справы сучаснага свету. З аднаго боку, у позірку веры мы мусім быць поўныя надзеі. Д’ябал хоча нам схлусіць, што ён з’яўляецца валадаром гэтага свету і што ў свеце перамагае зло і падман. А нам трэба паверыць. Сярод усіх гэтых дрэнных падзеяў, сярод распаўсюджання няпраўды вера запэўнівае нас, што дабро і праўда перамогуць. Мы павінны жыць як дзеці праўды і дабра, ведаючы, што з намі Бог і Ён дасць нам гэтую перамогу.

Гэтак жа і ў асабістым змаганні з грахом трэба ведаць, што мы можам спадзявацца на Бога. Вельмі часта нам здаецца, што мы не здолеем пазбавіцца ад спакусы, не вызвалімся ад зла, граху і нашых залежнасцяў. Але вера паказвае нам, што гэта не так, што кожны з нас — свабоднае Божае дзіця, і нам не трэба схіляцца да зла. У сітуацыях, калі здаецца, што ты несвабодны і нічога не можаш, Бог гаворыць: ты можаш не грашыць — не дзякуючы тваёй уласнай сіле, а дзякуючы Божай ласцы.

Перамяненне Пана Езуса паказвае Божую ласку і перамогу, якімі Ён нас адарыў. Яно нас узмацняе, каб мы былі здольныя спусціцца з гэтай гары Табор і на кожным кроку свайго падарожжа сустракаць Бога-Пераможцу ў сваім жыцці, каб дайсці ўжо не да гары Табор, а да гары Божага Валадарства.  

Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней