Сёння разам з айцом дамініканінам Марцінам Бараньскім ОР мы разважаем пра тое, як грэх чалавека перастае быць яго пракляццем.

V Нядзеля Вялікага посту, Год С (03.04.2022)

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

(Ян 8, 1–11)

Апавяданне пра грэх

Сёння апошняя нядзеля Вялікага Посту, бо наступная ўжо распачынае час Вялікага і cвятога тыдня. Евангелльскае чытанне гэтай нядзелі можна ўспрыняць як пэўнага роду апавяданне пра тое, як дасягаць мэты. Езус Хрыстус распачаў шлях па пустыні, дзе паказаў сваю паслухмянасць і здольнасць цалкам даверыцца Айцу. А сёння мы бачым, да чаго вядуць гэтыя паслухмянасць і давер. Езус, Сын Айца, адкрывае нам сапраўднае аблічча Бога — сябра чалавека.

Па-першае, Езус вучыць нас, што Бог не глядзіць на людзей зверху ўніз. Ён заўсёды ўзносіць вочы ўгору, так, нібыта хоча сказаць нам: «Я бачу ў табе дабро!» Так Ён паступае з Закхеем і жанчынай, якая сёння стаіць перад Ім.

Па-другое, і гэта можа здавацца вельмі супярэчлівым, з гэтай хвіліны для Бога наш грэх перастае быць пракляццем. Грэх ніколі не перакрэслівае нас цалкам у вачах Бога, калі толькі мы жадаем да Яго прыйсці. Можна сказаць, што з гэтай хвіліны наступае перамена сэрца, і гэта адбываецца дзякуючы Божай міласэрнасці, ласцы і прабачэнню. Варта ўзгадаць, што на працягу зямнога жыцця да Езуса часта прыходзілі менавіта грэшнікі. Спачатку пастухі, пасля мытнікі, жаўнеры, тыя, хто ўчыніў сужэнскую здраду. Усім гэтым людзям быў патрэбны лекар, які мог іх аздаравіць — працягнуць руку і са спачуваннем паглядзець на іх зраненае грахом жыццё. Сёння можна сказаць, што ў гэтую апошнюю нядзелю Вялікага посту нашае супольнае падарожжа па літургіі завяршаецца ўпэўненасцю, што адзіная Асоба, да якой я магу прыйсці і не быць адкінутым — гэта Езус.

Па-трэцяе, Езус слухае маё прызнанне ў граху ў цішыні і маўчанні. Гэта вельмі важна, бо нам патрэбнае адчуванне бяспекі, нам патрэбна, каб гэтае прызнанне прагучала. Цішыня дазваляе нам убачыць сваё жыццё з нашай уласнай перспектывы, цішыня дае шанец добра і мудра ацаніць тое, што з намі адбылося, і дапамагае не паддацца сваім эмоцыям.


Айцец Марцін Бараньскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.

Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней