Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, як важна прыняць крыж.

Пальмовая нядзеля, Год С (10.04.2022)

Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве». І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства». І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.

Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною. Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!» І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.

Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым. А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі. У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга. Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.

Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях. Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой, каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.

Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх». Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць». Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».

І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога». Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч. Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца». Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».

Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні. Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе». А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю. Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою. І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».

Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго. А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?» Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?» Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго. А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі. Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».

Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль. Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі. Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!» Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!» Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «I ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!» Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень. А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго. І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?» І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.

А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў, кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце, а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце. Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай». І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я». А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»

Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата. Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія, кароль». Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш». Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку». Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»

Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? Даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме. Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак. Задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата. У той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.

Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, сказаў ім: «Вы прывялі да мяне гэтага чалавека як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго». Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!» Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.

Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу. Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»

Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.

Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў. Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!» І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.

А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.

І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, член Сінэдрыёну, муж добры і справядлівы, які не згаджаўся з яго пастановай і ўчынкамі і чакаў Валадарства Божага, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Зняўшы, захінуў яго ў палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны. Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат. Ішлі разам таксама жанчыны, якія прыбылі з Езусам з Галілеі, і яны бачылі магілу, і як было пакладзена цела Ягонае. Вярнуўшыся, яны прыгатавалі духмянасці і міра. І ў гэты шабат адпачывалі паводле запаведзі.

(Лк 22, 14–23.56)

Прачытай крыж

Пальмовая нядзеля — гэта брама, якая вядзе ў самы цэнтр Божай любові. Гэта літургічнае і сакрамэнтальнае запрашэнне сузіраць Езуса, асабліва ў тым, як Ён прымае крыж, становіцца ахвярным Ягнём новай Пасхі. Таму паўсюль завешваюцца тканінаю крыжы, бачыць якія мы ўжо прывыклі і якія сталі для нас нібы нябачнымі, занадта паўсядзённымі. Цяпер з дапамогаю веры нябачнае павінна стаць для нас зноў бачным, прысутным, павінна стаць крыніцаю жыцця.

Мы глядзім на Езуса, пазбаўленага моцы і ўсяго боскага, глядзім на Таго, хто «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі». Глядзім на Валадара сусвету, які хоча збавіць нас і паказаць сваю ўладу праз пакору і быццё нікім. Уязджаючы ў Ерузалем на асле, Ён перажывае Пасху разам з вучнямі, адкрываючы ім сваё Сэрца, але яны не разумеюць Хрыста. Калі Ён гаворыць ім пра ўласныя пакуты і страх, іх галовы занятыя іншым: сваімі намерамі і ўяўленнямі. Яны паспяваюць нават пасварыцца за месцы побач з Месіяй у Яго Валадарстве. Калі Пан перажывае духоўную барацьбу ў Гетсэманіі, яны спяць, хоць Настаўнік прасіў іх чуваць. Пасля Яму здраджваюць першы раз і другі. Юда, Пётр, вучні, якія ўцякаюць… Мы бачым адзінокага Пана, прыніжанага, пабітага, бачым, як Ён церпіць здзекі, насмешкі, пакуты, як нясе крыж, і ўрэшце бачым Яго працятага цвікамі і ўкрыжаванага, бачым Пана, які ідзе на смерць.

Аднак кожная з гэтых падзеяў нясе нам любоў і міласэрнасць, а не асуджэнне. Кожнае з гэтых чалавечых вымярэнняў Пан перамяняе ў крыніцу ласкі. Благаслаўлёная віна Пятра будзе адкупленая не ягонымі слязамі, а поўным любові позіркам Пана і Яго крыжам. З крыжа можна пачуць малітву: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Гэтак Пан ачышчае нас ад нявернасці і здрады. З крыжа на нас сплывае надзея: «Сёння будзеш са Мною ў раі». Ёсць толькі адна ўмова: стань пад крыжам і глядзі вачыма веры. З даверам глядзі на Таго, хто стаў дзеля нас стаў грахом і нікчэмнасцю. Вытрывай насуперак бунту, супраціву, рацыяналізацыі, насуперак спакусам шукаць «лёгкага» Бога, Бога без крыжа. Прачытай крыж і дазволь, каб ён прачытаў цябе і крануў тваё сэрца.


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней