Пастыр, якога мы чакаем

Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, хто такі Добры Пастыр.

ІV Велікодная нядзеля, Год С (08.05.2022)

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. Я і Айцец — адно.

(Ян 10, 27–30)

Пастыр, якога мы чакаем

Каб быць добрым пастырам, трэба не толькі не баяцца авечак — трэба быць гатовым і да блізкасці, і да таго, што цябе адкінуць, і да паразаў, і да перамогаў на вашай агульнай дарозе. Пра гэта лепш за ўсё ведае Езус, як мы чытаем у сённяшнім евангельскім фрагменце. Ён ведае, што авечкі слухаюць голас добрага пастыра — таго, хто праверыў дарогу, хто бачыць і ведае яе. Справа ў тым, што Ён сам стаў дарогаю і жыццём, бо Яго сутнасць — у аддаванні сябе самога.

Добры Пастыр ведае, куды Яму весці авечак і дзе ёсць добры корм для іх. Ён ведае і, што яшчэ важней, любіць сваіх авечак так моцна, што аддаў за іх уласнае жыццё. Ён любіць, і таму не хоча страціць ніводнай авечкі са статка. Таму выходзіць шукаць тую, што згубілася, і хоча прывесці яе дамоў. Калі спатрэбіцца, Ён вылечыць яе раны, дасць ёй усё, што патрэбна. Ён мае для гэтага цярплівасць і час.

У Ягоных руках авечкі — любімыя дзеці Айца — могуць цешыцца ўласнаю непаўторнасцю. Хоць Пастыр апякуецца ўсім статкам, Ён кожную авечку ведае па імені, і яны адчуваюць Яго клопат і атрымліваюць досвед уласнай непаўторнасці. Толькі тады яны могуць стаць дарам для супольнасці, могуць займацца агульнымі справамі. Абавязковая ўласцівасць Пастыра — гэта прыманне.

Пастыр натхняе нас жыць адважна і свядома, Ён вядзе дыялог з авечкамі. Ён не баіцца пытанняў, сумненняў, можа прыняць нашыя гнеў і абурэнне, Яго не страшыць нашае няведанне і абыякавасць. Ён, нібы мудры настаўнік, цярпліва выпраўляе нашыя памылковыя меркаванні і дазваляе перажыць вынікі ўласнага выбару. Ён давярае нам і спадзяецца на нас, нікога не выкрэслівае і не вешае ярлыкоў. Ён — як Айцец.

Добры Пастыр плача і смуткуе, асабліва тады, калі авечкі пакутуюць і змагаюцца з цяжкасцямі або са смерцю. Ён можа быць сур’ёзны і радасны, а калі знаходзіць згубленую авечку, весяліцца разам з усім небам. Добры Пастыр жыве паводле сэрца. Ён чулы, сардэчнасцю адказвае на сардэчнасць, Ён здольны на блізкасць. Ён не любіць, каб Яму пакланяліся, але любіць супольную працу і любіць быць разам.

Ён любіць чалавечаю любоўю, якая складаецца з зямных рэчаў і справаў, і менавіта таму ўмее весці ў неба.

Я пішу пра Пастыра, пішу пра Езуса Хрыста, пішу пра святара, якога чакае Касцёл.


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней