Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як у нас павінны спалучацца дзве розныя пазіцыі (Марыі і Марты), без якіх немагчыма выпрацаваць годныя адносіны з Богам.

XVІ Звычайная нядзеля, Год С (17.07.2022)

Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».

(Лк 10, 38–42)

Марыя і Марта

Калі мы чуем Евангелле пра Марыю і Марту, перш за ўсё прыцягвае ўвагу тое, што Пан Езус вылучае пазіцыю Марыі, якая «выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе». Хоць Марта і клапоціцца з усіх сілаў, каб як найлепш прыняць шаноўнага Госця, аднак Марыя аддае найбольшую пашану Езусу, сядаючы каля Яго ног і ўважліва слухаючы. Марта засяроджваецца на думцы: «Што я магу зрабіць для Бога?», — а Марыя аддае перавагу пытанню: «Як я магу Бога прыняць?» Калі Езус больш заўважае і хваліць Марыю, значыць, для Бога большае значэнне мае якасць, а не колькасць. На жаль, гэтая праблема, нават «хвароба» колькасці заўважная ў Касцеле: калі большая ўвага надаецца колькасці прысутных вернікаў, а не шчырасці і глыбіні іх веры. Бо што з таго, калі на нейкім набажэнстве па традыцыі ці проста з цікаўнасці збіраецца шмат вернікаў, калі па-за гэтым набажэнствам яны не маюць нейкіх асабістых стасункаў з Богам? Гэта падобна да пазіцыі чалавека, які прымае госця з вялікім клопатам і пашанай, а пасля, правёўшы яго, з палёгкай уздыхае: «Добра, што гэта нарэшце скончылася!»

Мы мусім клапаціцца пра тое, каб развіць у сабе пазіцыю Марыі, не забываючыся пра клопат Марты. Няхай нашую ўвагу зверне на сябе той факт, што гэта ўсё ж родныя сёстры, а значыць, яны патрэбныя адна адной. Ад Марыі і Марты мы можам вучыцца правільнаму стаўленню да нашага Збаўцы. Пан Езус хваліць Марыю, але усё ж не пакідае без увагі клопат Марты. У Бога не губляецца ніякі здзейснены з любоўю чын. Кожнаму з нас варта паразважаць: ці не страціў я ў сваім жыцці раўнавагі, якая панавала на гасціне ў Бэтаніі ў адносінах да Пана Езуса? Можна вызначыць канкрэтныя задачы, каб праз клопат пра бліжніх развіваць у сабе актыўнасць Марты, а ўчынкі міласэрнасці і сузіральную пазіцыю Марыі развіваць праз lectio divina, адарацыю, малітву ў цішыні. Няхай кожны з нас запросіць да сябе ў госці Бога, і няхай Яго прымуць у нашай душы дзве сястры — Марыя і Марта, якія дапаўняюць адна адну.


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней