Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як распараджацца багаццямі, што дае Бог, як правільна расстаўляць прыярытэты.

XVIII Звычайная нядзеля, Год С (31.07.2022)

Марнасць марнасцяў, — кажа Эклезіяст, — марнасць марнасцяў і ўсё марнасць. Бывае, што чалавек працуе з мудрасцю, веданнем і ўменнем, аднак павінен пакінуць надзел чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта марнасць і вялікае зло. Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам. Бо ўсе дні ягоныя — гэта пакуты, і смутак — праца яго, нават уначы яго сэрца не мае спакою. І гэта марнасць.

(Экл 1, 2; 2, 21–23)

Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.

Таму зрабіце мёртвым тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, пажадлівасць, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам.

Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго. І тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус.

(Клс 3, 1–5. 9–11)

Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».

(Лк 12, 13–21)

Боты святой памяці

Вельмі лёгка зразумець няпэўнасць зямнога жыцця. Цяжэй перамяніць гэта ў стымул, каб шукаць непрамінальныя рэчы. Аднойчы мы з адным братам збіраліся на сустрэчу з біскупам, і той брат, абуваючыся, сказаў: «Боты святой памяці Казіміра». А я ў сваю чаргу адказаў, што на мне боты святой памяці Юрыя. І сапраўды, мы атрымалі даволі добры абутак ад знаёмых, які застаўся пасля тых, хто памёр у іх сям’і. Парадаксальна, але час службы рэчаў аказваецца даўжэйшым за зямное жыццё тых, хто імі валодае.

Багацей з прыпавесці, якую распавёў Езус, — добры гаспадар. Ён не жыве ў беднасці, а яшчэ яму пашанцавала сабраць добры ўраджай. Ён кемлівы і ведае, што зрабіць, каб захаваць нечаканы лішак зерня. Але ў хвіліну, калі ён ацэньвае сітуацыю, у яго праяўляецца недахоп разважлівасці. Гаспадар чыніць дабро, але не тое, што трэба. Кожны з нас мог бы апынуцца на яго месцы, калі б мы, напрыклад, атрымалі навіну, што памерла нашая далёкая сваячка з Бразіліі і пакінула шматмільённую спадчыну. Думка пра тое, што нам будзе забяспечана бесклапоная цудоўная будучыня, можа першай узнікнуць у галаве, незалежна ад таго, наколькі добра знаёмыя нам словы Эклезіяста пра марнасць, што мы чуем у першым літургічным чытанні. Праблема не ў тым, што багацце — гэта зло, а ў нашым стаўленні да яго. Пан Езус дапамагае нам лепш зразумець сябе. Калі перад намі сапраўды «маячаць» вялікія багацці, то духоўны зрок пачынае траціць рэзкасць, і мы будуем сабе поўнае выгодаў матэрыяльнае, зямное жыццё. Калі глядзець на рэчы ў такім кантэксце, то Хрыстус не заклікае пагарджаць матэрыяльнымі дабротамі, а заклікае змяніць прыярытэты. Рэчы — гэта не мэта, а толькі сродак.

Багаты чалавек з прыпавесці не мог паўплываць на тое, які вялікі дар атрымае. Ён толькі прыняў яго. Але мог інакш распарадзіцца атрыманым багаццем. Матэрыяльныя даброты не ўплываюць на працягласць жыцця. Ёсць людзі, якія гадамі жывуць у беднасці, у сціплых умовах. Ёсць людзі, якія жывуць на дарагіх вілах, у багацці і дастатку, і раптам паміраюць.

Гаворка не толькі пра тое, каб не прывязвацца да рэчаў. Калі мы не шукаем таго, што ў вышынях, як заклікае ў другім чытанні св. Павел, то раней ці пазней вернемся да збірання скарбаў на зямлі.


Айцец Павел Мажэйка ОР
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней