
Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра вернасць Богу тады, калі гэта найбольш складана, калі Божае слова выклікае не радасць, а разгубленасць, калі выбіраць Бога — значыць прыкладаць значныя высілкі.
XX Звычайная нядзеля, Год С (14.08.2022)
Кіраўнікі сказалі каралю: Няхай Ерамія будзе аддадзены на смерць, бо ён расслабляе рукі жаўнераў, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, кажучы ім падобныя словы. Гэты чалавек шукае для свайго народа не дабрабыту, але толькі няшчасця.
І сказаў кароль Сэдэкія: Ён у вашых руках, бо кароль не можа зрабіць нічога супраць вас. Тады яны ўзялі Ерамію і, спусціўшы на вяроўках, кінулі яго ў яму Мальхія, каралеўскага сына, якая знаходзілася ў двары цямніцы. У яме была не вада, а толькі багна; і загразнуў Ерамія ў багне.
І выйшаў Абдэмэлех з каралеўскага дому, і сказаў каралю, кажучы: Гаспадар мой, кароль, гэтыя людзі ва ўсім паступілі дрэнна з прарокам Ераміяй. Яны кінулі яго ў яму, каб ён памёр там з голаду, бо ў горадзе ўжо няма хлеба.
Тады кароль загадаў эфіопу Абдэмэлеху: Вазьмі з сабою адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ерамію з ямы, пакуль ён не памёр.
(Ер 38, 4–6. 8–10)
Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трона. Падумайце пра таго, хто вытрываў такі здзек над сабою ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў сваіх душах і не аслаблі. Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху.
(Гбр 12, 1–4)
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві.
(Лк 12, 49–53)
Слова, што выклікае разгубленасць
Праўда заўсёды патрабуе працы. Спачатку — адвагі прарока, які гаворыць непапулярныя рэчы, пачуўшы якія, слухачы часта замыкаюць свае сэрцы. Таму прарок застаецца адзінокім, разгубленым, таму Ерамію кінулі ў яму. Кароль Сэдэкія пачуў у ягоных словах толькі праклён і ўбачыў толькі няшчасце для сябе, а не благаслаўленне і абяцанне таго поспеху, якога так прагнуў. За словы праўды ён пажадаў пакараць прарока. Урок Ераміі відавочны: за вернасць Богу трэба заплаціць. Быць бескампрамісным для прарока — значыць выбіраць Бога сваім Панам і заставацца верным Яго слову, а не таму, што гаворыць свет, уплывовыя і ўладныя людзі.
Аўтар Паслання да Габрэяў менавіта гэта мае на ўвазе, гаворачы пра змаганне ажно да крыві, пра духоўную барацьбу з хлуснёю граху, і звяртае ўвагу на тое, як вера правяраецца цярпеннем.
Гэта няпростая грань хрысціянскага веравучэння. Мы слухаем прыведзеныя ўрыўкі са Святога Пісання неахвотна, асабліва калі Евангелле наказвае заставацца верным Пану ў выпрабаваннях і барацьбе. Калі сустрэча з Богам — гэта не салодкі дар любові Айца, ласка міласэрнасці і аздараўлення, і калі гэты дар патрабуе адказу, і ў нашых вуснах і ў нашым жыцці гэта горкі адказ. Аднак адзіны адказ, якога чакае Хрыстус — гэта мы самі і ўсё нашае жыццё. А Ён не жадае абы-якога жыцця, не жадае абы-якіх вучняў, не хоча мець толькі нейкую частку нашага існавання, а хоча мець нас усіх. У Евангеллі Езус акрэслівае гэтае прагненне, гаворачы: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю». Пан хоча, каб наш свет распаліла любоў. Гэты агонь мае моц ачышчэння і можа асвятляць цемру. Таму ён — пагроза любой няпраўдзе, усяму, што прыкідваецца, любой закасцянеласці, духоўнаму холаду, пошукам выгады ў самой веры. Святло гэтага агня паказвае сэрцы такімі, якія яны ёсць, таму «пабожныя» людзі, скачуць па розных гуртках і супольнасцях, а сем’і развальваюцца. Не ўдасца быць вернікам з нейкаю іншаю мэтаю, чым Бог. Верыць — значыць выбіраць Хрыста, будаваць з Ім адносіны, мець канкрэтны лад жыцця, заставацца са Словам, якое выклікае нават разгубленасць.
Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.