«Калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем…»

Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра тое, чаму Езус наказвае кагосьці «зненавідзець», каб стаць Ягоным вучнем.

XXІІІ Звычайная нядзеля, Год С (04.09.2022)

Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем. Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

(Лк 14, 25–33)

«Калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем…»

Пакінуць усё? Для чаго? Каб быць карысным для Пана Езуса ў будаванні Нябеснага Валадарства і ў барацьбе са злым духам. Нашыя прывязанасці вельмі абмяжоўваюць нас і нават могуць моцна перашкаджаць выконваць Божую волю. Дастаткова працытаваць словы святога Аўгустына пра тое, што, калі Бог сапраўды на першым месцы, усё астатняе на сваім месцы. Менавіта гэта мае на ўвазе Пан Езус, наказваючы «зненавідзець» такія стасункі, сітуацыі і рэчы, якія знявольваюць нас. Езус выбірае моцныя словы: усё гэта неабходна адкінуць, зненавідзець, каб выбраць Бога і сапраўды Яго любіць. Немагчыма служыць Богу і мамоне.

У Касцёле існуюць розныя методыкі распазнавання духаў, і адна з іх гаворыць, што злы дух затрымлівае ўвагу чалавека на стварэнні, каб не даць любіць Бога. Аднак Дух Святы вучыць любіць Бога, а ў Ім — стварэнне.

Яшчэ больш правакацыйна — хоць і нельга назваць правакацыяй наданне словам іх сапраўднага сэнсу — гучаць словы св. Аўгустына: «Любі — і рабі што хочаш». Спачатку трэба адказаць на пытанне: што такое любоў? І калі любоўю, гэтаю боскаю цнотаю, чалавек адораны праз Святога Духа, тады сапраўды можна рабіць, што хочаш, бо для такога чалавека гэта азначае толькі выкананне Божай волі і гатоўнасць аддаць за яе сваё жыццё.

Св. Тэрэза Авільская напісала, што, калі чалавек да нечага прывязаны, ён не зможа з радасцю прыняць сваё цярпенне. Хто прымае цяжкасці і цярпенне з радасцю? Хто не прывязаны ні да чога? Адказ просты — гэта той чалавек, які з’яднаны з Богам у любові.

Хачу падзяліцца сваім сведчаннем. Калі я рыхтаваўся да вечных манаскіх абяцанняў, прыняць рашэнне мне дапамог менавіта гэты ўрывак з Евангелля. Я зразумеў, што хачу будаваць дом, гэта значыць, Божае Валадарства, а мне не хапае для гэтага сродкаў; я хачу змагацца як кароль з ворагам збаўлення, але сам занадта для гэтага слабы. Таму я сказаў сабе: калі Бог не будзе будаваць разам са мною і калі не будзе змагацца за мяне, то прыйдзе немінучая параза, бо «моц удасканальваецца ў слабасці».

У сувязі з гэтым мне стала зразумела, што трэба пайсці шляхам даверу да Бога. «Божа, я хачу ўвесь быць Тваім, а Ты дзейнічай ува мне і праз мяне». Для такога рашэння патрэбная радыкальнасць, таму што Бог дае сапраўдную свабоду, без якой чалавек няздольны дзейнічаць з Ім у еднасці. Неабходна згода чалавека на ачышчэнне ў агні выпрабаванняў і на асвячэнне Божым словам. Толькі праз навяртанне мы можам адважна і смела пайсці шляхам яднання з Богам. Дзякуючы такому яднанню Божыя думкі становяцца нашымі думкамі, Божыя словы становяцца нашымі словамі і Божыя ўчынкі становяцца нашымі ўчынкамі. Менавіта так адбылося ў жыцці Божай Маці, якая прайшла сваё жыццё ў пілігрымцы веры. Для Бога варта рызыкнуць усім, каб усё — Яго самога — атрымаць. У гэтым ёсць мудрасць.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней