Разам з айцом дамініканінам Блажэем Матусякам OP мы разважаем пра ўладу, зямных валадароў і найвялікшага Валадара, якому мы павінны служыць.

XXV Звычайная нядзеля, Год С (18.09.2022)

Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі ж міне час маладзіка, каб мы маглі прадаваць хлеб, і шабат, каб маглі адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку, і прадаваць высеўкі збожжа? Пан пакляўся гонарам Якуба, што ніколі не забудзе ніводнага з іхніх учынкаў!

(Ам 8, 4–7)

Хваліце, слугі Пана, хваліце імя Пана.
Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна цяпер і навекі.
Узвышаны Пан над усімі народамі, па-над нябёсамі слава Ягоная.
Хто падобны да Пана, Бога нашага, †які жыве на вышынях, які схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю,
Які падымае беднага з пылу і са смецця ўзносіць убогага,
каб пасадзіць яго з вяльможамі, з князямі Ягонага народа.

(Пс 113 (112), 1–2. 4–6. 7–8)

Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.

Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, абвешчанае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам (кажу праўду і не хлушу), настаўнікам для язычнікаў у веры і праўдзе.

(1 Цім 2, 1–8)

Казаў Езус сваім вучням: Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў нікчэмнай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

(Лк 16, 10–13)

Пыл і неба

Цяжка знайсці больш узнёслы вобраз Бога, чым у 113 псальме, дзе сказана, што Бог прабывае нават не ў небе, а па-над ім. Аднак, бачачы ўсё звысоку, Ён сочыць за тымі, хто знаходзіцца на зямлі. «Падымае беднага з пылу і са смецця ўзносіць убогага, каб пасадзіць яго з вяльможамі, з князямі Ягонага народа». Які цудоўны вобраз Бога-Валадара! Яму не страшны пыл і смецце!

Мы ведаем больш за псальміста. Мы вызнаем, што Езус Хрыстус — Бог, які сышоў са свайго трона, сышоў на зямлю, каб падняць з пылу ўбогага грэшніка і даць яму хвалу Божага дзіцяці. Ён стаў чалавекам і ахвяраваў жыццё, «каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды».

Як жа далёка гэта ад рэлятывізму, што нібыта дазваляе кожнаму мець сваю ўласную праўду, песімістычна прызнае немагчымасць пазнання праўды. Хіба Хрыстус навязваў праўду? Ён абвяшчаў, сведчыў праз цуды, спаўняў прароцтвы, аддаў за праўду жыццё. Ён заахвочваў пайсці за Ім. Запрашаў.

Бог прынізіў сябе, стаў слугою, слугою слугаў, «аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх». Хрыстус — слуга, ахвяра, пасрэднік, чалавек, Бог. А мы мусім служыць Пану, які стаў слугою. Мы мусім служыць Богу, каб не стаць нявольнікамі чужых ідэалогій або ўласных слабасцяў і жарсцяў. Мы павінны служыць таксама адзін аднаму. Служыць — гэта значыць мудра кіраваць тым, што нам даверана.

Святы Павел заклікае маліцца за кіраўнікоў — і добрых, і дрэнных. Аднак сярод розных відаў малітвы за валадароў Апостал называе таксама малітву падзякі. Супольнасць, з’яднаная ў малітве, — гэта вобраз і запаведзь Божага Горада, дзе ўсё служыць на хвалу Бога. Там валадарыць Бог-Чалавек, там любога Ён можа падняць з пылу.


Айцец Блажэй Матусяк OP.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней