Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра таямніцу месяца — misterium lunae, пра тое, як чалавек адлюстроўвае Божае святло і любоў.

XXVII Звычайная нядзеля, Год С (02.10.2022)

З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці. Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля.

Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе. Захавай гэты прыгожы дэпазіт дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.

(2 Цім 1, 6–8. 13–14)

Апосталы сказалі Пану: «Дадай нам веры!» А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б паслухалася вас.

Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол”? Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты”? Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”».

(Лк 17, 5–10)

Misterium lunae

Існуе формула, якою карысталіся многія Айцы Касцёла ў старажытнасці: таямніца месяца — misterium lunae, якая раскрывае праўду пра тое, што месяц не мае ўласнага святла, а адлюстроўвае святло сонца. У гэтым сэнсе можна прачытаць і словы сённяшняга ўрыўка з Евангелля пра тое, што мы з’яўляемся нікчэмнымі слугамі, калі выконваем тое, што павінны. Мы чытаем у Святым Пісанні: «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» (1 Кар 4, 7). У Пасланні да Філіпянаў св. Павел нагадвае нам, што «Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання», а ў Пасланні да Эфесцаў піша: «Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі».

Неабходна пастаянна разважаць над праўдаю пра тое, што кожны з нас — не сонца, якое ёсць крыніцаю святла, а месяц, акі адлюстроўвае сонечныя промні, каб перадаць іншым крыху святла, крыніцаю якога з’яўляецца Бог. Без сонца, без Бога мы толькі цемра, і цемраю з’яўляецца свет.

У сённяшнім другім чытанні ідзе гутарка пра ўскладанне рук. Падчас удзялення сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, пасвячэння і намашчэння хворых на вернікаў таксама ўскладаюцца рукі, і гэта адкрывае нас на ўдзеянне Святога Духа.

Хрост — гэта сакрамэнт, які яднае нас з Езусам, і мы, нібы дзікія галінкі, прышчэпліваемся да шляхетнай вінаграднай лазы, якая дае нам жыццядайныя сокі, што нараджаюць плён.

У сакрамэнце канфірмацыі Святы Дух праз нас дае сведчанне Евангелля ў свеце, і мы становімся водарам Хрыстовым, Яго жывым пасланнем, скіраваным да нашых бліжніх.

Хворыя, умацоўваючыся сакрамэнтам намашчэння, лягчэй могуць паяднаць свае цярпенні з мукаю Хрыста і ахвяраваць іх дзеля дабра Хрыстовага Цела, якім ёсць Касцёл.

Праз сакрамэнт пасвячэння дзейнічае Святы Дух, і адпушчэнне грахоў адбываецца не чалавечаю моцаю, але дзякуючы адзінам Святару, Хрысту.

Хрысціяне — нібыта сасуды, па якіх плыве паток Боскага натхнення і сілы, каб мы маглі чыніць дабро. Лямпа, якая не мае падлучэння да электрычнасці, не можа свяціць, а мы — толькі лямпы, якія без Бога не даюць святла.

Святы Павел нагадвае і пра тое, што зерне Евангелля, сеяць якое мы пакліканы, — не нашае, а Божае. Сейбіт не валодае зернем Евангелля. Існуе спакуса прыпісаць сабе хвалу, якая належыць Богу — гэта спакуса пыхі, якой трэба сцерагчыся і якую трэба замяняць на ўдзячнасць і праслаўленне Бога, бо Ён ЁСЦЬ, а не я ёсць, у тым сэнсе, што ўсё я маю ад Яго.

Папа Францішак падчас адной з катэхезаў у 2019 г. сказаў наступныя словы: «Mysterium lunae азначае, што месяц не мае ўласнага святла і адлюстоўвае менавіта сонечнае святло. Так і мы не маем уласнага святла, а тое святло, якое мы маем, адлюстроўвае Божую ласку. Калі ты любіш — то толькі таму, што нехта іншы ўсміхнуўся табе, калі ты быў дзіцем, і навучыў адказваць на гэта ўсмешкаю. Калі ты любіш — то толькі таму, што нехта побач абудзіў у табе любоў, паказаўшы, што ў гэтым сэнс існавання. Паспрабуйма задумацца над учынкамі злачынцаў, вязняў, наркаманаў… Напэўна, мы ведаем многіх, хто ў сваім жыцці памыліўся. Не закранаючы пытання адказнасці, якая заўсёды ёсць асабістаю справаю, паразважайма, дзе пачынаецца адказнасць за памылкі: ці толькі ў сумленні чалавека, ці таксама ў гісторыі нянавісці і адкінутасці, якую гэты чалавек носіць у сваёй душы?

Гэта mysterium lunae: мы любім у першую чаргу таму, што нас любяць, прабачаем, бо атрымалі прабачэнне. А калі кагосьці сонечнае святло не асвятляе, ён становіцца як зямля, скаваная зімовым холадам.

Ніхто з нас не любіць Бога так, як Ён нас палюбіў. Дастаткова стаць перад укрыжаваннем, каб зразумець кантраст: Ён палюбіў нас і заўсёды любіць нас першым. Таму памолімся: Пане, нават самы святы сярод нас не перастае быць Тваім даўжніком. Ойча, змілуйся над намі ўсімі!»


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней