Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, што значыць быць чалавекам дарогі.

XXVIII Звычайная нядзеля, Год С (09.10.2022)

Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».

(Лк 17,11–19)

Арыентаваны на Бога

Мяне ўзрушвае гісторыя пракажоных, якіх Езус вырваў з кола смерці. Гэта таксама гісторыя людзей, якія загразлі ў жыццёвай немачы, перажыўшы розныя паразы, страты і трагедыі. Гісторыя дзесяці пракажоных, якіх аздаравіў Езус, — гэта вобраз нас усіх пасля граху, гэта мы пазначаныя смяротнасцю і нікчэмнасцю, нібы праказаю. Толькі сустрэча з Езусам і здольнасць пайсці за Яго словам становіцца пачаткам цудаў. Так адбываецца, бо Езус уваходзіць у гісторыю кожнага чалавека і бярэ нашае змаганне на сябе. Ён упісвае гэта ва ўласную чалавечнасць і чыніць так, што мы можам перажыць, выцерпець гэтае змаганне. Дарога Езуса вядзе да Ерузалема, там Ён мусіць памерці нашаю смерцю, смерцю пракажоных. Толькі такім чынам Ён можа вызваліць нас усіх і аздаравіць. Ён зробіць гэта, заняўшы нашае месца, узяўшы на сябе нашую праказу. Гэта цана любові. Гэта цана цуду.

Толькі адзін з пракажоных вяртаецца да Езуса — чужынец, самаранін, якога ненавідзелі габрэі. Толькі ён адзін знайшоў шлях да Крыніцы. Ён ужо не крычыць: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!», ён праслаўляе Пана, падае ніцма да ног Езуса і называе Яго сваім Богам. Чалавечая малітва, а можа і ўсё чалавечае жыццё прасціраецца паміж гэтымі двума ўсклікамі: «Змілуйся нада мною!» і «Будзь праслаўлены!», паміж просьбаю аб міласэрнасці і жыццём паводле ласкі і ў ласцы, а гэта значыць, у дары блізкасці Бога і ў пачуцці сэнсоўнасці жыццёвага шляху. Самаранін, які вярнуўся, змушае засаромецца нас, «прыстойных» і «правільных» вернікаў, якія старанна дэкларуюць сваю вернасць хрысціянскім каштоўнасцям, плануюць сваё навяртанне, якія могуць быць проста ніякімі. Вернік — гэта чалавек дарогі, якая пачынаецца ў Езусе і вядзе да Яго. Чалавек дарогі — не той, хто шмат дэкларуе і мае высокія перакананні, а той, хто гатовы з ахвотаю працаваць, кожны дзень даючы адказ на Божае слова.


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней