Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, наколькі важныя ў нашым жыцці вытрымка і трываласць.

XXIX Звычайная нядзеля, Год С (16.10.2022)

Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»

(Лк 18, 1–8)

Вучыцца трываласці

Добра вядома, што сапраўдныя каштоўнасці і ўменні патрабуюць вялікага высілку. Трэба ўкласці шмат намаганняў і часу, каб пазней магчы карыстацца пладамі нашых дасягненняў. Напрыклад, калі мы вырашаем вывучыць замежную мову, то мусім усведамляць, што трэба рэгулярна практыкавацца. Калі мы робім пастанаўленне займацца спортам, напрыклад, бегам, то трэба быць гатовым, што пасля першых заняткаў можа з’явіцца думка: «А можа, сёння зрабіць перапынак?» Усялякія паслабленні і ўступкі зменшаць першасны энтузіям і, урэшце, перавядуць нашыя добрыя намеры у шэраг неажыццяўлёных мараў, якія адгукаюцца расчараваннем у сабе.

Чаго не хапае ў такой сітуацыі? Патрэбная сталасць, вытрымка ў прынятых рашэннях. Калі дзякуючы вытрымцы многія нашыя добрыя рашэнні могуць стаць рэальнасцю, то тым больш патрэбная цнота сталасці ў духоўным жыцці. Узгадайма, колькі разоў мы пастанаўлялі больш маліцца, рэгулярна чытаць Святое Пісанне, больш працаваць з Божай дапамогай над нейкай заганай, каб выправіцца, і што з гэтага атрымалася? А патрэбна было толькі крыху высілку і больш часу, каб запланаванае магло выпрацавацца ў добрую звычку, а поспех дадаў бы нам упэўненасці ў падобных пастанаўленнях у будучыні.

Удава з прыпавесці не расчаравана няўдачай, яна ўпарта ходзіць і просіць суддзю, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся, і прыходзіць момант, калі яго сэрца змякчаецца. Бог як мудры «Трэнер» вучыць нас трываласці, каб мы яшчэ больш, прайшоўшы праз выпрабаванні і неахвоту, цешыліся перамогаю. Добрым прыкладам малітвы, якая патрабуе трываласці, у Касцёле з’яўляецца Пампейская навэнна. Гэта малітва, дзейснасць якой пацвярджаецца шматлікімі сведчаннямі. Яна дапамагае падчас змагання са сваёй нехвотай адкрыць, ці сапраўды тое, аб чым просім, нам патрэбна. Малітва вучыць сталасці і ў жыццёвых рашэннях, таму варта, пераадольваючы знешнія і ўнутраныя перашкоды, заставацца ёй верным, а Бог падтрымае.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней