Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як гісторыя Закхея вучыць нас быць сапраўднымі, не залежаць ад меркавання іншых і перамяняць уласнае жыццё.

XXXI Звычайная нядзеля, Год С (30.10.2022)

Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека». Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».

(Лк 19, 1–10)

Седзячы на дрэве

Эвалюцыяністы лічаць, што калі малпа злезла з дрэва, гэта стала вялікім крокам у развіцці малпападобных істотаў. А ў выпадку Закхея ўсё наадварот. Менавіта рашэнне залезці на дрэва стала крокам, які радыкальна змяніў ягонае жыццё. Ён залез туды, каб лепш бачыць, і таму сам быў заўважаны, атрымаўшы шанец на змены.

Адна сучасная акторка неяк пачала залазіць на дрэвы, але рабіла гэта, каб звярнуць на сябе ўвагу. У Закхея была іншая мэта: ён хацеў схавацца і адначасова сам добра ўсё бачыць. Звычайнае дрэва сыграла вялікую ролю ў жыцці канкрэтнага чалавека, стала прыладаю перамены чалавека, якога лічылі здраднікам і грэшнікам. Заўважце, што і ў іншых месцах Святога Пісання дрэва адыгрывае вельмі важную ролю. Праз звычайныя рэчы Бог дзейнічае ў нас і вакол нас. Узгадайма райскае дрэва, якое стала прычынаю падзення нашых прабацькоў, і дрэва, на якім Збаўца аддаў сваё жыццё, але перш чым памерці, звярнуў увагу на злачынцу, які пры смерці прызнаўся, што вінаваты, і таму быў збаўлены.

Закхей, залезшы на дрэва, паказаў, што для яго не мае значэння меркаванне іншых.

Звычайная цікаўнасць і жаданне ўбачыць Езуса аказаліся мацнейшыя за думкі пра ўласны аўтарытэт. Таму часам дзеля ажыўлення сваёй веры варта падумаць, што мы можам зрабіць, каб выйсці з натоўпу, які толькі з цікаўнасці ідзе за Езусам. Часам трэба нават залезці на дрэва, а часам застацца на зямлі, калі ўсе іншыя забіраюцца на пні.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней