Разам з айцом дамініканінам Марцінам Бараньскім ОР мы разважаем пра тое, як па прыкладзе Хрыста камунікаваць з людзьмі, якія не жадаюць нам дабра, і як не стаць фальшывымі усёзнаўцамі.

XXXIІ Звычайная нядзеля, Год С (06.11.2022)

Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю». Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісака і Богам Якуба. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць».

(Лк 20, 27–38)

Challenge

Калі пачынаюцца трансляцыі футбольнага чэмпіяната, перад тэлевізарамі сядаюць не мільёны фанатаў, а мільёны экспертаў, якія лепш за ўсіх ведаюць, як павінны гуляць футбалісты. І ўвогуле гэтае імкненне ведаць «усё пра ўсё» датычыць не толькі такой справы, як футбол. Пандэмія, геапалітыка, паліва, крызіс, выбухі на газаправодзе — усё гэта змушае мноства людзей адразу ператварыцца ў спецыялістаў і сцвярджаць: «Я ведаю лепш!»

Гэтыя «спецыялісты» ўзгадаліся мне, калі я чытаў сённяшні ўрывак з Евангелля. Там пададзены дакладны вобраз людзей, якія заўсёды ўсё ведаюць лепш за іншых. Садукеі — палітычна скіраваная група рэлігійных лідараў, якая прымае аўтарытэт Пяцікніжжа і не вызнае веру ва ўваскрашэнне. Яны прыйшлі да Езуса, каб сказаць Яму: «Гэта мы спецыялісты, гэта мы ведаем лепш». Яны спрабуюць выпрабаваць Хрыста, прапануюць Яму «чэлендж», задаючы пытанне, на якое немагчыма даць добры адказ, як падаеца на першы погляд. Мэта гэтага пытання — прынізіць, паздзекавацца, паказаць, што Хрыстус нічога не разумее, скампраметаваць Яго ў вачах слухачоў.

Як трымае сябе Настаўнік з Назарэта? Па-першае, Ён паказвае сваім праціўнікам, што нашае жыццё — толькі адбітак таго, што чакае нас у будучыні. Яно з’яўляецца толькі вобразам, недасканалым шляхам да таго, што Бог падрыхтаваў для нас. І нават такі варты пашаны інстытут як сужэнства — гэта недасканалы вобраз Божай любові і блізкасці з Богам. Таму дакладна параўноўваць гэтыя дзве рэальнасці — не найлепшая думка. Па-другое, Езус цытуе словы з Пяцікніжжа, каб паказаць садукеям, што Божыя намеры адвечныя, і пра іх напісана ў самых старажытных тэкстах Святога Пісання. А па-трэцяе, адказ Езуса поўны любові і пашаны да тых, хто задае Яму пытанне.

Магчыма, варта часам стрымаць сваё «усёведанне» і з пакораю і паслухмянасцю Божаму слову шукаць адказаў, а таксама перадусім з пашанаю ставіцца да тых, хто прапануе нам розныя «чэленджы».


Айцец Марцін Бараньскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.

Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней