
Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра сапраўдны Апакаліпсіс.
XXXIIІ Звычайная нядзеля, Год С (13.11.2022)
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.
(Лк 21, 5–19)
Дзень Праўды
Пад словам «Апакаліпсіс», некаторыя людзі разумеюць «канец свету» або «канец таго, што нам вядома». На мове Бібліі Апакаліпсіс, аднак, азначае аб’яўленне — доступ да праўды пра тое, што раней было ўкрыта. Магчыма, гэтае разуменне і ёсць ключ да чытанняў гэтай няддзелі, а можа і да нашых сэрцаў, каб мы ўбачылі, зразумелі і нарэшце прынялі Божае аб’яўленне — Праўду, далі ёй агарнуць сябе, пазналі сваю (і не толькі сваю) гісторыю, умелі прачытаць Божыя знакі, з ахвотаю Яму адказалі.
Габрэі, якія прыбывалі ў Ерузалем у часы Езуса, захапляліся святыняю, якую пастаянна дабудоўвалі і ўпрыгожвалі. Яна стала для іх знакам Божага благаслаўлення і давала ўпэўненасць у спакойнай будучыні. Тут прабывае Бог, тут Яму пакланяюцца. А Езус ставіць пад сумненне гэты спакой, прарочыць аб разбурэнні святыні і канцы для яе. Апісваючы акалічнасці гэтага здарэння, Ён гаворыць пра час неспакою, пра войны, няпэўнасць, якую будуць выклікаць розныя катаклізмы і няшчасці. Канец святыні будзе часам выпрабавання не толькі для габрэяў, але і для вучняў Езуса. Гэта будзе як дзень суда, калі выратуецца толькі праўдзівы, той, хто дае сведчанне вернасці Хрысту. На шчасце, Езус абяцае, што дасць сваім вучням сілы гэта ператрываць. Ён нібыта хацеў іх супакоіць, каб яны не ўваходзілі ў часы Апакаліпсісу ў страху. Ён просіць толькі быць трывалымі, бо гэта ратуе жыццё.
Сведчанне — гэта здольнасць у штодзённым жыцці быць Хрыстовым вучнем, гэта жыццё паводле Евангелля, хоць нас спакушаюць да абыякавасці. Гэта вернасць у любові да чалавека, які для нас «нязручны» і непрывабны, гэта вера ў тое, што нашае жыццё мае свой сэнс і пакліканне. У некаторых выпадках гэта заклік аддаць сваё жыццё за братоў і веру. І заўсёды гэта ўнутраная гатоўнасць да ўсяго пералічанага, усведамленне таго, што такая цана жыцця з Богам. Для кожнага прыйдзе «дзень, палаючы быццам печ» (Мал 3, 19), і гэта добрая навіна. Застанецца толькі тое, што сапраўднае, каштоўнае. Усё фальшывае, падманнае, усе маскі і ўсё несапраўднае адпадзе, і тады мы ўбачым свае сапраўдныя твары, тады будзем гатовыя ўбачыць Бога, а Ён заззяе над намі, як сонца. І гэта будзе пачатак новага свету.
Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.