Частка збаўчага плану

Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як Бог усё, нават цярпенне, умее ператварыць у шлях да збаўлення.

Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год С (20.11.2022)

А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

(Лк 23, 35–43)

Частка збаўчага плану

Ніхто не хацеў бы апынуцца на крыжы. Таму так нялёгка прыняць словы Езуса аб тым, што калі хто хоча ісці за Ім, трэба ўзяць свой крыж (пар. Мц 16, 24). Мы са збянтэжанасцю глядзім на гісторыю Якуба і Яна, якія хочуць сесці праваруч і леваруч Хрыста Валадара (пар. Мц 20, 17–28). А што ж, як не ўкрыжаванне, азначае валадаранне разам з Хрыстом? Яго карона — з церня, Яго трон — крыж, а паабапал — не найбліжэйшыя вучні, бо тыя разбегліся, а злачынцы, якія разам з Ім прайшлі Крыжовы шлях. Менавіта ў паводзінах гэтых злачынцаў мы можам убачыць свае ўласныя паводзіны, калі нам даводзіцца сутыкнуцца з цярпеннем: мы можам альбо прасіць аб выратаванні з мукаў і адначасова не заўважаць, не прымаць цярпенняў самога Хрыста, як гэта робіць першы са злачынцаў, альбо з пакорай прыняць выпрабаванні, усведамляючы, што наш Збаўца дабравольна ідзе на крыжовыя цярпенні дзеля нашага адкуплення, з любові да нас, як гэта ўсведамляе другі злачынца. Такая пазіцыя надае сэнс нашаму цярпенню, дадае сілаў, каб не толькі вытрываць, але прайсці праз выпрабаванне і стаць мацнейшым, перамагчы разам з Езусам. Словы Хрыста «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» — не толькі суцяшэнне, але і добрая навіна для тых, хто не адмаўляецца ад выпрабавання крыжам.

Цярпенне сустракае ўсіх. Думаць, што яно абміне добрых і сумленных людзей, — гэта самападман. Але перажыванне болю і цярпення ў святле Хрыстовага крыжа вдзе да таго, што гэтыя выпрабаванні ўмацоўваюць і робяць нас сведкамі, калі мы не засталіся са сваім болем сам на сам, а занеслі яго пад крыж як дар для Таго, хто нават смерць робіць часткай свайго збаўчага плану.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней