Перажываць Евангелле

Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра тое, як навяртацца, рабіць Евангелле часткаю свайго жыцця, і пра старажытны спосаб разважаць над ім — «manducare».

ІІ Нядзеля Адвэнту, Год A (03.12.2022)

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным.

(Мц 3, 1–12)

Перажываць Евангелле

Сёння ў евангельскіх тэкстах гучыць заклік да навяртання: гаворыцца, што сякера прыкладзена да карэння дрэваў, якія не прыносяць плёну, і што мякіна ад пшаніцы будзе спаленая. Гэта вельмі важная тэма. Ёй прысвечаная таксама трэцяя таямніца святла, над якою мы разважаем, молячыся на ружанцы.

Заклік да навяртання змушае мяне ўзгадаць некалькі прыкладаў, якімі я хачу з вамі падзяліцца. Першае — гэта словы Махатмы Гандзі: «Вы, хрысціяне, маеце ў сваім распараджэнні дакумент (Святое Пісанне), у якім утрымліваецца столькі “дынаміту”, што яго дастаткава, каб разнесці на кавалкі ўсю цывілізацыю, паставіць на галаву ўвесь свет, прынесці ў гэты разарваны войнамі свет спакой. Але вы абыходзіцеся з гэтым дакументам так, нібыта ён з’яўляецца толькі выдатнай літаратурай спадчынай, і нічым больш». Акрамя таго, Гандзі сказаў, што вельмі цэніць вучэнне Езуса, але не стане хрысціянінам, бо не бачыць, каб хрысціяне жылі паводле словаў Настаўніка.

Гэтае шчырае выказванне індуіста, вялікага маральныага аўтарытэта, вельмі важнае. З аднаго боку, у ім бачнае захапленне хрысціянствам, а з іншага боку — гэта сур’ёзная крытыка хрысціянаў, якія вызнаюць Хрыста і не наследуюць прыклад свайго Настаўніка. Паразважайма: а нас гэта датычыць?

Святога Кірыла Ерузалемскага спыталі, як перадаваць веру маладым людзям, і ён сказаў: «Я запрашаю юнака пажыць побач са мною год». Давайце ўявім сітуацыю, што юнак, які не ведае Пана Езуса, селіцца з намі на год. Ці зможа ён у сяброўстве са мною, у размовах, гледзячы на маё жыццё, сустрэцца з жывым Богам, ці ў стане я буду даць яму гэта, або хутчэй расчарую і не выклічу жадання знаёміцца з Хрыстом, бо мае словы і ўчынкі не адпавядаюць Евангеллю?

Амерыканскі біскуп Фултан Шын апавядаў гісторыю пра хлопца, які быў перакананы, што Езус — не Бог. Юнака запыталі, чаму ён так лічыць, і той адказаў: «Калі Езус — Бог, то Ён павінен ствараць на гэтай зямлі новых Езусаў, бо толькі Бог можа гэта ўчыніць». І дадаў: «Я ведаю хрысціянаў, такіх як мой тата, алкаголік, і яны, як мой тата, зусім не падобныя да Езуса». Інтуіцыя гэтага хлопца блізкая да словаў св. апостала Паўла, запісаных у Пасланні да Карынцянаў. Апостал піша, што хрысціяне павінны быць «водарам Езуса» і «лістом, напісаным Езусам» — такім «лістом», які Бог пасылае людзям, што сустракаюць Яго вучняў. Святы папа Павел VI у сваю чаргу казаў, што «для людзей, якія не ведаюць Евангелля, мы, якіх яны сустракаюць, павінны быць жывым пятым Евангеллем».

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзгадваў, што неяк падчас студэнцкай сесіі сустрэў жанчыну, якая не была хрысціянкаю, і тая яму сказала, што свету патрэбна, каб дзякуючы сведчанню вернікаў Божае слова і надалей жыло ў сучасным свеце. Гэтая цудоўная надзея, якую меў далёкі ад Хрыста чалавек, —таксама заклік да навяртання для нас. У сувязі са словамі з сённяшняга евангельскага ўрыўка ці можам мы запытацца ў сябе: а я ці стаў для кагосьці сведкам Езуса — так, як Ян Хрысціцель?

Нядаўна адзін святар падзяліўся са мною досведам перажытай клінічнай смерці падчас сур’ёзнай аперацыі. Ён гаварыў, што на долю секунды ўбачыў усё сваё жыццё. Ён вельмі ясна ўсвядоміў у гэты момант учыненае ім зло і тое, што дрэнныя словы і ўчынкі маюць працяг, яны — нібыта выпраменьванне зла, радыяцыя, якая разносіцца далёка. Усвядоміўшы, што зло не застаецца ў адным учынку, а працягвае жыць далей, святар неўзабаве пачуў голас, які прамовіў: «Пане, дай яму яшчэ адзін шанец». Гэты святар інтуітыўна перакананы, што голас належаў Божай Маці, якая папрасіла Езуса вярнуць яго да жыцця, даць яму шанец навяртання, жыцця ў новай евангельскай перспектыве. Цяпер, дзелячыся сведчаннем з моладдзю, ён заўсёды дзякуе Богу за памежны досвед клінічнай смерці, які стаў для яго заклікам да навяртання і дапамог яшчэ больш імкнуцца чыніць дабро і не занядбоўваць магчымасцяў для добрых учынкаў.

Як жа мы можам рэалізаваць пакліканне св. Яна Хрысціцеля да навяртання? Задамо самім сабе некалькі пыанняў, і няхай адказы на іх заахвоцяць нас да рахунку сумлення. Хіба словы Яна Хрысціцеля пра сякеру, прыкладзеную да дрэваў, не скіраваныя да нас з вамі? Праўда, у нашым з вамі жыцці нямала мякіны (недахоп любові, марнаванне часу), якая не мае ніякай вартасці? Ці дазволіў я, каб Пан Бог ахрысціў мяне агнём Духа Святога (споведзь, шчыры кантакт з Бібліяй), які ачышчае і выпальвае зло ў маім сэрцы? Ці ёсць ува мне цнота пакоры (праўдзівае жыццё, сяброўства з Езусам), якая дазваляе мне бачыць веліч Бога, каб магчы шчыра прамовіць, што я нягодны завязаць Яму сандалі?

Калі Бог можа ўваскрасіць з каменя дзяцей Абрагама, гэта азначае, што Яму падабаецца пазіцыя Абрагама, які давярае сваё жыццё Богу.

Я памятаю сведчанне дарослага трыццацігадовага мужчыны, які перажываў навяртанне і ў гэты час зайшоў у адзін з кракаўскіх касцёлаў, поўны моладзі. Ён пачуў, як святар заахвочваў моладзь выйсці з лавак і падысці да алтара, каб аддаць сваё жыццё Пану Езусу. Мужчына палічыў гэта запрашэннем і для сябе ды разам з моладдзю падышоў да алтара, прагнучы аддаць сваё жыццё Богу. Калі ён адкрыў сваё сэрца перад Панам, яго напоўніла Божая любоў, і з таго часу яго жыццё стала новым жыццём. Ён узгадваў, што гэтае новае жыццё, якое ён свядома даверыў Езусу, таксама поўнае змаганняў і барацьбы. Магчыма, камусьці, хто цяпер чытае гэтае сведчанне, таксама трэба стаць перад Езусам і даверыцца Яму ўсім сэрцам, са шчырасцю і простасцю дзіцяці даверыць Яму сваё жыццё. Не бойцеся!

Узгадайце вучэнне Пана Езуса пра веру, якая выяўляецца ва ўчынках. Дом трэба будаваць на скале, гэта значыць, у нашай штодзённасці нас павінна весці Божае слова. Яго трэба «прысвоіць» — варта ведаць на памяць шмат урыўкаў са Святога Пісання, каб у кожнай жыццёвай сітуацыі Божае слова асвятляла нам шлях. Памятайма, што слова Пана мае ў сабе моц ажыццявіць у нас свой сэнс — бо менавіта словам Бог стварыў свет і праз яго чыніць цуды. Аднак нельга забываць, што слова Пана найперш жадае ўчыніць у нас ачышчэнне, жадае навяртаць нас, каб мы жылі Евангеллем. І чым больш будзе ў чалавеку евангельскага жыцця, тым большым святлом і прыкладам ён будзе для бліжніх.

У дамініканскай традыцыі, якая запрашае сузіраць Божае слова, а потым дзяліцца плёнам гэтага сузірання, ёсць метад, які называецца manducare, што літаральна перакладаецца як «спажываць, перажоўваць Слова». Я вёз неяк аўтамабілем трох сясцёр законніц з новай кангрэгацыі, якая жыве паводле харызмы св. Дамініка і называецца «Супольнасць малых сясцёр ад Ягняці». Падчас дарогі сёстры запрасілі мяне разам з імі па метадзе manducare паразважаць («перажаваць») над словамі з Евангелля, якія Касцёл прапануе вернікам падчас Эўхарыстыі. Гэта выглядала так: адна з сясцёр чытала сказ з Евангелля (для прыкладу возьмем словы з сённяшняга ўрыўка), а астатнія (спяваючы на тры галасы) тройчы іх паўтаралі: «Падрыхтуйце дарогу Пану», «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэты спосаб малітвы найперш дапамагае запомніць словы Святога Пісання, акрамя таго, слова, замацаванае ў памяці, трэба дастасоўваць да канкрэтных жыццёвых сітуацый.

Адвэнт — гэта час падрыхтаваць дарогу Пану, якою ёсць ЁН сам, Яго вучэнне і Ягоная ласка. Гэта і ёсць навяртанне, або замена сваіх неевангельскіх звычак на тыя, што прыпадабняюць нас да Езуса. Гучаць поўныя надзеі словы: «Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём». Сёння прапаную вам хвілінку малітвы Божым словам паводле спосабу, які я прапанаваў вышэй. Сказы, якія ўзрушылі вас, прапаную адзначыць і кожны з іх паўтарыць чатыры-пяць разоў у духу малітвы, падзякі і праслаўлення Пана.

Запрашаю вас, браты і сёстры, не чытаць у Адвэнце занадта шмат Божага слова — лепш чытаць яго менш і глыбей, магчыма, з дапамогаю старажытнага метаду manducare. Няхай Святы Дух выбера для кожнага з нас на Адвэнт некалькі сказаў са Святога Пісання, якія, жывучы ў нас, будуць нас перамяняць, навяртаць і адновяць нашае жыццё паводле словаў Евангелля.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней