
Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра логіку Божага дзеяння і пра тое, як Пан прыносіць надзею і абяцанне выратавання ў самыя цёмныя часы.
ІІI Нядзеля Адвэнту, Год A (11.12.2022)
Узрадуецца пустыня і сухая зямля, і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран. Будзе прыгожа цвісці і цешыцца, і радавацца будзе, і спяваць. Слава Лібану будзе дадзена яму, гонар Кармэлю і Сарону. Яны ўбачаць славу Пана, веліч нашага Бога. Умацуйце слабыя рукі, узмацніце дрыжачыя калені. Скажыце маладушным: Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш, помста прыйдзе; адплата Божая. Ён сам прыходзіць і збавіць вас. Тады вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца. Тады кульгавы, як алень, падскочыць, і язык нямых усклікне радасна. Выбаўленыя Панам вернуцца і прыйдуць на Сіён з радасным спевам, і вечная радасць акрые іх галовы. Вяселле і радасць напоўніць іх, а журба і стогны знікнуць.
(Іс 35, 1–6а. 10)
Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана. Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
(Як 5, 7–10)
А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:
“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго».
(Мц 11, 2–11)
Абяцанні, якія аздараўляюць
Там, дзе аб’яўляецца Бог са сваім словам, з’яўляюцца абяцанні. Яго слова — гэта не толькі інфармацыя, апісанне нейкага стану рэчаў, гэта ключ да жыцця, а можа, нават і само жыццё, яго моц.
Калі ў VI ст. да нараджэння Хрыста Ерузалем атрымаў паражэнне ў змаганні з Эдомам, гэта здавалася для габрэяў апакаліпсісам, разбурэннем усяго іх свету. У гэты час Бог праз прарока Ісаю скіраваў да іх слова аб сваёй перамозе і вяртанні на Сіён. Ён абвяшчае радасную навіну ў той момант, калі ўсё нібыта страчана і скончана. Але менавіта так спаўняюцца Божыя абяцанні, становячыся для ізраільцянаў крыніцаю надзеі і духоўным умацаваннем, бо Пан прыходзіць, каб збаўляць. Выяўляецца, што праз пустыню, поўную гора і паражэння, пралягае шлях да Сіёна, а абяцанае прыйсце Пана стане новым пачаткам і аздараўленнем для ўсяго, што было хворым і грэшным, стане аб’яўленнем Божай славы і прыгажосці.
Менавіта такога Месію чакаў Ян Хрысціцель — пераможнага Пана, які пакажа пачатак новага жыцця. Пра такога Пана ён прарочыў у пустыні і прапаведаваў на Ярдане. Пустыня вырасціла ў ім надзею на спаўненне абяцанняў. Але калі Ірад зняволіў яго, у адзіноце і страху ён пачаў траціць упэўненасць у тым, што датычыць Асобы Езуса і Яго місіі. Таму Настаўнік адказвае свайму сябру: «Сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». Гэтак належыць тлумачыць словы Пана. Спаўняюцца прароцтвы, надыходзіць Валадарства Месіі, але яно будзе іншым, Езус выбраў іншую дарогу. Гэта не дарога сілы і трыумфу — гэта дарога, якую дзеляць са слабымі, гэта спачуванне засмучаным, здольнасць раздзяліць з чалавекам яго пустынныя шляхі. Так выяўляецца жаданне Бога зрабіць Касцёл супольнасцю, якая падзяляе боль свету, якая мае адвагу выходзіць у пустыню чалавечай душы, каб умацоўваць слабых, знаходзіць згубленых і параненых. Касцёл адораны бязмернаю сілаю, ён мае абяцанні самога Пана, мае радасць Евангелля, мае жыццядайнае слова. Гэта ўсё ён атрымаў не дзеля сябе, а для свету.
Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.