Pазам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як вольная воля чалавека ў супрацоўніцтве з Божай воляй дазваляе здзяйсняцца цудам.

ІV Нядзеля Адвэнту, Год A (18.12.2022)

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.

Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.

Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

(Мц 1, 18–24)

Свабода як ветразь

Мяне заўсёды здзіўляе Божая лагоднасць. Тое, наколькі Бог асцярожны ў адносінах з намі. Ён не ўмешваецца ў нашае жыццё сілай, а цярпліва чакае канкрэтных крокаў ад нас. Ён не будзе перарываць нас, нават калі мы кажам альбо робім поўную бязглуздзіцу. Так, Пан Бог пакідае свабоду Найсвяцейшай Панне Марыі, каб Яна дала адказ на Яго збаўчую для ўсяго чалавецтва прапанову. Таксама ў дзеяннях святога Юзафа бачна, што яму дадзены час, каб спакойна разабрацца з сітуацыяй, у якой ён разам з Жонкай апынуўся. З вялікай любові і павагі да Марыі ён выбірае варыянт, які прынясе найменшую шкоду яго Абранніцы.

Праблема толькі ў тым, што мы прымаем жыццёвыя рашэнні, як бы гледзячы у замочную шчыліну, а Пан Бог бачыць непараўнальна больш, таму лагоднасць Бога часта спалучаецца з рашучасцю. Наша вольная воля не перашкаджае Пану Богу ў рэалізацыі плану збаўлення. Наадварот, яна з’яўляецца важным складнікам у Яго адносінах да стварэння, бо толькі вольны з вольным можа стварыць нешта сапраўды вартаснае. Аднак чалавеку бывае цяжка прыслухацца да Бога і змяніць свае планы з улікам Яго волі. Быць можа, таму да святога Юзафа Бог прыходзіць у сне. Зноў Божая воля сустракаецца з чалавечай свабодаю. У выпадку будучага апекуна Пана Езуса, які названы ў Евангеллі «справядлівым», чалавечая воля і Божы план утвараюць прыгожы акорд.

Лагоднасць і настойлівасць у добрых справах могуць стаць і нашымі рысамі ў адносінах да іншых людзей. Больш уважліва слухаць, чым гаварыць, быць цярплівымі да бліжніх, заўважаць усё добрае, што ёсць у нас і ў людзях, якія побач, — усё гэта даступна кожнаму з нас. Няхай Бог — Крыніца ўсялякага дабра — дапаможа нам узрастаць у святасці, каб нашая свабода была ветразем, які наш Нябесны Айцец напаўняе Духам.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней