Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра запавет любові, які Бог заключае з кожным чалавекам.
Свята Хросту Пана, Год А (08.01.2023)
Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».
(Мц 3, 13–17)
Незаслужаная любоў
«Я, Пан, паклікаў Цябе <…> і ўчыніў запаветам для людзей, святлом для народаў» (Іс 42, 6).
Адзін тэолаг неяк напісаў, што юдаізм, а значыць, і хрысціянства, адрозніваюцца ад іншых рэлігій не столькі тым, што яны монатэістычныя, а тым, што гавораць пра запавет паміж Богам і людзьмі. Ідэя адзінага Бога існавала і на старонках Святога Пісання, і ў старажытнай грэцкай філасофіі Арыстоцеля і Платона. Аднак філасофскі Бог грэкаў не цікавіцца светам чалавека. Нягледзячы на тое, што ён мае пэўныя рысы асобы, ён заняты сузіраннем дасканаласці, а гэта значыць — сябе самога.
Бог, якога мы пазнаем са Святога Пісання, іншы. Для Яго важны чалавек, Ён клапоціцца пра людзей. Ён аб’яўляецца людзям і заключае з імі запавет. Адзін з першых запаветаў — запавет з Ноем пасля Патопу. Гэта таксама запавет з усім чалавецтвам. Ёсць апісанне запавету, заключанага з Абрагамам, пасля адбылося заключэнне запавету на гары Сінай з Майсеем і выбраным народам. Прарокі заклікаюць захоўваць запавет, робячы акцэнт на сувязь паміж вераю ў адзінага Бога Ягвэ і спаўненнем Божых абяцанняў. Нарэшце, прыходзіць час апошняга запавету, вечнага, з усім чалавецтвам — запавету ў Хрысце.
Слова «запавет» у свеце чалавечых адносінаў азначае, што людзі заключаюць паміж сабою дамоўленасць з нейкаю мэтаю. Аднак у тэалогіі не варта разумець гэтае паняцце толькі праз прызму прававых абавязкаў. Прарокі надаюць паняццю «запавет» больш глыбокае значэнне: Ізраэль — гэта статак авечак, а Ягвэ — пастыр, Ізраэль — гэта вінаграднік, а Ягвэ — яго гаспадар, Ізраэль — Сын, а Ягвэ — Айцец, Ізраэль — нявеста, а Ягвэ — жаніх. Гэтыя параўнанні паказваюць, што трэба разумець біблійны запавет не ў катэгорыях дамоўленасцяў і звязаных з імі суровых наступстваў, а ў катэгорыях клопату, апекі, любові. Ідэя, якая даходзіць да паўнаты свайго значэння ў Асобе Езуса, сведчыць пра незаслужаную любоў Бога да чалавека, якая заклікае да ўзаемнасці і выяўляецца ў паслухмянасці.
Калі Езус прыняў хрост у Ярдане, з неба пачуўся голас Айца: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». Гэтыя словы датычаць не толькі Езуса, таму яны прагучалі ўголас, каб кожны чалавек зразумеў, што гаворка ідзе таксама і пра яго. Бог запавету глядзіць на чалавека і з любоўю прамаўляе яго імя.
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»