Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра важнасць прыкладу святога Яна Хрысціцеля: распазнаваць і пазнаваць Хрыста.
ІІ Звычайная нядзеля, Год А (15.01.2023)
На другі дзень убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю». І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы».
(Ян 1, 29–34)
«…І засведчыў, што Ён — Сын Божы»
Ці задумваліся вы калі-небудзь, што мы знаходзімся ў Касцёле, бо мы пакліканыя. Так, калісьці Бог назваў нас па імені ў сакрамэнце святога хросту. Тое, што адбывалася і адбываецца з намі далей, — гэта адказ на Яго заклік. Ён назваў нас па імені, бо добра ведае нас. Лепш, чым мы ведаем саміх сябе. Але ці ведаем мы Яго, ці добра ведаем Бога, ці хочам лепш Яго ведаць?
Часам здараецца, што нехта аклікне нас, а мы не памятаем, дзе бачыліся з гэтым чалавекам і, саромеючыся прызнацца, стараемся падчас размовы прыпомніць. У адносінах з Богам усё іначай. Ён нас ведае, як Стварыцель — сваё стварэнне, як Той, хто існуе спрадвеку. Таму мы не мусім адчуваць сябе няёмка з прычыны свайго няведання. Пытанне ў тым, ці імкнемся мы сваё няведанне перайначыць у блізкае знаёмства праз пастаянныя адносіны.
Трэба ўвесь час памятаць і нагадваць іншым, што Бог, у якога мы верым, дае сябе пазнаць. Выразна кажа пра гэта таямніца ўцелаўлення, якую мы нядаўна святкавалі. Цяпер гэта для нас заахвочванне і запрашэнне, але калісьці можа стаць прысудам, калі здарыцца так, што мы адкінем дадзеную нам магчымасць, праігнаруем Божы крок у наш бок.
Мы пазнаём Бога праз шматлікіх святых сведкаў, праз стварэнне, праз людзей, якіх сустракаем, для таго, каб мы самі маглі іншым распавесці пра Бога. Ян Хрысціцель, усведамляючы сваё пакліканне, распазнаў сярод усіх, хто да яго прыходзіць, Збаўцу, і звярнуў на Яго ўвагу.
Ці развіваем мы і ці паглыбляем у сабе здольнасць распазнаваць Хрыста?
Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.