Шлях наследавання Хрыста

Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра місію хрысціяніна і духоўную сталасць.

V Звычайная нядзеля, Год А (05.02.2023)

Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

(Іс 58, 7–10)

Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам Божую таямніцу ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага. Я стаў перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні. А маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.

(1 Кар 2, 1–5)

Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

(Мц 5, 13–16)

Шлях наследавання Хрыста

Разважаючы над нядзельнымі чытаннямі, давайце найперш звернем увагу на пасланне святога Паўла да Карынцянаў. Ён гаворыць пра Божую сілу, праяўленні Духа і моцы, і таксама пра сваю слабасць, свой страх і сваё трымценне. Словы, якія апісваюць праявы Божага дзеяння, і вызначэнні ўнутранага стану святога Паўла вельмі моцна звязаныя.

Перад веліччу, моцай і славай Божай святы Павел прабывае ў страху, захапленні і пакоры, ён перажывае слабасць і трымценне, гэта значыць, здзіўленне. Чаму варта так разумець гэтыя словы? Пакора, здзіўленне і захапленне Богам — гэта вынік адданасці Богу і плён яднання з Ім, гэта дае чалавеку пазнанне Божай прыгажосці, мудрасці і любові, а такое пазнанне нараджае пакору, захапленне і здзіўленне перад Богам. Давайце маліцца аб такой духоўнай сталасці для ўсяго Касцёла!

Другая тэма сённяшніх чытанняў, на якую я хачу звярнуць увагу, — гэта сцвярджэнне святога Паўла, што ён ведае Езуса Хрыста ўкрыжаванага. Што гэта значыць? Укрыжаваны Хрыстус служыць і аддае сваё жыццё Богу за сваіх братоў. Езус, паміраючы за нас на крыжы, перамагае злога духа, спакусы, грэх і смерць, якія з'яўляюцца наступствам граху. Як добра, што Езус знішчыў нашыя грахі і дапамагае нам здабываць перамогу ў барацьбе са злом, у той барацьбе, дзе Ён першы перамог і цяпер, уваскрослы, дзеліцца з намі плёнам гэтай перамогі, спаслаўшы на Касцёл дождж ласкі Святога Духа.

Каб паўтарыць услед за святым Паўлам, што мы ведаем Езуса ўкрыжаванага, ці, дакладней, што мы знаходзімся ў «школе» Езуса ўкрыжаванага, варта задумацца і паразважаць над глыбінёю словаў, якія Пан Езус вымавіў, паміраючы на крыжы. Гэта сем наступных фразаў: «Ойча, прабач ім...» (Лк 23, 34), «Вось Маці твая...» (Ян 19, 27), «Прагну» (Ян 19, 28), «Сёння будзеш са Мною у раі...» (Лк 23, 43), «Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?..» (Мк 15, 34), «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой...» (Лк 23, 46), «Здзейснілася...» (Ян 19, 30). У гэтых фразах мы адкрываем дар Святога Духа, дадзены нам разам з Марыяй, Маці і Валадаркай, якая прымала і надалей прымае ўдзел у місіі Езуса — святарскай, прароцкай і каралеўскай. Гэтыя тры пакліканні складаюць місію кожнага хрысціяніна. Удзел кожнага з нас у валадаранні азначае служэнне, удзел у прароцтве — абвяшчэнне сваімі ўчынкамі і словамі праўды Евангелля, а ўдзел ва ўсеагульным святарстве, якое заключаецца ў тым, каб прыносіць духоўныя ахвяры Богу ў сваіх жыццёвых цяжкасцях — гэта шлях наследавання Хрыста, шлях пазнання ўкрыжаванага Езуса і набліжэння да Яго, гэта праява любові да Яго.

Спалучаючы тэму пазнання ўкрыжаванага Езуса з сённяшнім евангельскім урыўкам, варта сказаць, што для чалавека быць «соллю» — значыць супраціўляцца спакусам і хутка ўставаць пасля падзення, а быць «святлом» — значыць выпраменьваць славу Божую, робячы добрыя справы.

айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней