Лепш за супергерояў

Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, што такое быць па-хрысціянску дасканалымі.

VІІ Звычайная нядзеля, Год А (19.02.2023)

Вы чулі, што сказана: «Вока за вока і зуб за зуб». А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: «Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго». А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

(Мц 5, 38–48)

Лепш за супергерояў

У нашыя часы сталі папулярнымі розныя тэхнікі самаўдасканалення. Кнігі і матэрыялы ў інтэрнэце прапануюць нам шматлікія спосабы стаць прыгожымі, моцнымі, разумнымі — адным словам, лепшымі за ўсіх, хто побач. І многія ўключаюцца ў гэтую гонку за дасканаласцю, параўноўваючы сябе з іншымі і адкрываючы, што заўсёды знойдзецца нехта прыгажэйшы, разумнейшы і лепшы. Ёсць у чалавеку прагненне быць лепшым за ўсіх. Вельмі папулярная праява гэтага прагнення — розныя гісторыі пра супергерояў. Супергерой — гэта ўзор прыгажосці і сілы. Ён змагаецца за справядлівасць і праўду. Усю сваю дасканаласць ён скіроўвае на знішчэнне дрэнных і абарону слабых — каб паказаць сябе з лепшага боку. Звычайна гісторыя супергероя заканчваецца трыумфам яго дасканаласці. Але, калі разабрацца, у выніку супергерой застаецца ў адзіноце, бо ніхто не можа параўнацца з ім, ён мусіць быць увесь час хоць крыху вышэй. Гэта ў фільмах. У рэальнасці такі «супергерой» хоць знешне і цешыцца сваёй вышэйшасцю, але ўсведамляе (а можа, і не ўсведамляе), што яна не вартая той цаны — адзіноты, якую трэба за яе плаціць. Ці ёсць з гэтага сляпога завулка нейкае выйсце?

Ёсць, калі паверыць і прыняць, што можна быць не лепшым за іншых, а лепшым для іншых. Такая невялікая, але істотная розніца. Пан Езус у Казанні на гары прапануе нам варыянты, якія мы ніколі не прынялі б, калі б не былі хрысціянамі, бо гэтыя варыянты здаюцца нам паражэннем. Раней існавала толькі два шляхі ў адносінах з ворагамі: альбо быць пераможаным, альбо перамагчы, самому знішчыць праціўніка. Бог вучыць нас браць пад увагу трэці варыянт, а менавіта: перамяніць ворага ў «не ворага», у таго, чыё збаўленне для нас таксама важнае. Гэта супярэчыць дэвізу легендарнага старога серыяла «Горац»: «Павінен застацца толькі адзін!» Гэта адкрывае перад намі шырэйшую перспектыву разумення: для кожнага ёсць месца. Прыняцце словаў Езуса аб любові да ворагаў дае чалавеку моц, якой не мае ні адзін з супергерояў. Гэта робіць нас падобнымі да Езуса, які прабачае і моліцца на крыжы за тых, хто Яго пераследуе. Гэтая моц рэальна перамяняе людзей і свет новым, евангельскім чынам. Пытанне ў тым, ці гатовыя мы прыняць гэтае «новае», ці задаволімся звыклым «старым».


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней