Заахвочванне на Вялікі пост

Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем над пасланнем і заахвочваннем папы Францішка на Вялікі пост.

ІІ Нядзеля Вялікага посту, Год А (05.03.2023)

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

(Мц 17, 1–9)

Заахвочванне на Вялікі пост

У пасланні на Вялікі пост сёлета папа Францішак звяртаецца да евангельскага чытання з ІІ нядзелі гэтага літургічнага перыяду, а менавіта да тых словаў, якія мы сёння чуем у касцёлах. Гаворачы пра сцэну перамянення Пана Езуса на гары Табор, Святы Айцец заахвочвае нас узяць на гэты саракадзённы тэрмін дзве ці тры пастановы. Паслухайма папу Францішка і паразважаем над яго словамі. Кожны з нас павінен прыгледзецца да сябе ў святле тых парадаў, з якімі звяртаецца да нас Пантыфік.

«Голас з воблака кажа: „Яго слухайце“ (Мц 17, 5). Такім чынам, першая падказка вельмі выразная: слухаць Езуса. Вялікі пост – гэта час ласкі ў той ступені, у якой мы слухаем таго, хто да нас прамаўляе. А як Ён да нас прамаўляе? Перадусім праз Божае слова, якое Касцёл прапануе нам у літургіі: не будзем жа глухімі да яго. Калі не атрымліваецца ўдзельнічаць у святой Імшы, можам самі чытаць біблійныя чытанні з Літургіі слова на кожны дзень, у тым ліку з дапамогай інтэрнэту. Акрамя Святога Пісання, Пан прамаўляе да нас у братах і сёстрах, асабліва ў абліччах і гісторыях тых, хто патрабуе дапамогі. Але таксама хацеў бы дадаць іншы аспект, вельмі важны ў сінадальным працэсе: слуханне Хрыста адбываецца таксама праз слуханне нашых братоў і сясцёр у Касцёле…»

Папа вельмі проста выразіў сваю думку. Ён запрашае нас да трох справаў у Вялікім посце: малітвы, посту і міласціны. Першы крок — малітва, найпрыгажэйшая малітва, што заключаецца ў штодзённай Эўхарыстыі, падчас якой трэба ўважліва слухаць Божае слова, каб пачуць, як асабіста да нас звяртаецца Пан. Калі мы шчыра слухаем Пана Бога, мы здольныя ўважліва слухаць бліжніх. Слуханне бліжніх можа быць нашай міласцінай, бо гэтак мы дзелім з імі вельмі каштоўны дар — наш час. Варта задаць сабе пытанне, колькі часу мы прысвячаем таму, каб слухаць бліжніх? Папросім Бога, каб мы ўмелі чуць тое, чаго бліжнія не могуць нам сказаць, але гэта важна для іх і патрабуе нашай увагі.

Далей Папа піша ў сваім пасланні: «Вось другая прапанова на гэты Вялікі пост: не ўцякаць у рэлігійнасць, якая складаецца з надзвычайных здарэнняў і драматычных перажыванняў, баючыся сутыкнуцца з рэчаіснасцю і яе штодзённымі змаганнямі, цяжкасцямі і супярэчнасцямі. <…> Спусцімся ж на раўніну, і няхай ласка, якую мы спазналі, умацуе нас, каб мы былі будаўнікамі сінадальнасці ў звычайным жыцці нашых супольнасцяў».

Гэтай другой парадай Папа заахвочвае нас чуваць і не замыкацца ў такой пабожнасці, якая забываецца пра бліжніх, нават калі мы іх выслухоўваем. Таямніца сустрэчы з бліжнім часта заключае ў сабе неабходнасць аказаць канкрэтную дапамогу. Часам гэтая дапамога патрабуе канцэнтрацыі высілку, бо гэта час, у які мы робім штосьці дзеля бліжніх або супрацоўнічаем з імі. Калі мы адмаўляемся ад уласнага часу, каб дапамагчы сям’і, супольнасці, сябрам, парафіі — гэта таксама форма посту. Такі пост не датычыць ежы: мы посцім, адмаўляючыся ад празмернай зацікаўленасці ў сабе, у сваіх хобі, жаданнях і ўпадабаннях.

Такім чынам, папа Францішак дае нам тры парады на Вялікі пост. Сакрэт таго, як плённа перажыць гэты перыяд, заключаецца ў практыкаванні малітвы, посту і міласціны. Малітва — гэта Эўхарыстыя і слуханне Божага слова. Міласціна — гэта ахвяраванне свайго часу для бліжніх, каб увайсці ў іх адзіноту і паслухаць іх хоць нядоўга, але з ахвотаю. І трэцяя парада Святога Айца — гэта пост, адмаўленне ад сваіх эгаістычных або празмерных актыўнасцяў, каб выканаць працу на карысць бліжняга — не толькі хрысціяніна, але і таго, хто цяпер далёка ад Хрыста.

Францішак завяршае сваё велікапоснае пасланне, заахвочваючы нас перамяняць сваё жыццё і ўзносячы да Бога прыгожыя словы малітвы: «Няхай Дух Святы натхняе і падтрымлівае нас у гэтым Вялікім посце падчас нашага ўзыходжання на гару з Езусам, каб мы спазналі Яго Боскае ззянне і, умацаваныя ў веры, маглі заставацца на шляху разам з Ім, які ёсць хвалою свайго народу і святлом для язычнікаў».

айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней