Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра дар духоўнага зроку і слепату, якую выбіраюць для сябе людзі.

ІV Нядзеля Вялікага посту, Год А (19.03.2023)

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?» Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць». Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».

І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу». Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?» Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!» Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек грэшнік». Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу». Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?» Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?» Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем». І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць». Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану. Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі». Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?» Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.

(Ян 9, 1–41)

Слепата

Гісторыя сляпога ад нараджэння чалавека ў пэўным сэнсе ўвасабляе жыццёвы шлях кожнага, хто сустрэў Хрыста. Цуд аздараўлення, апісаны ў прачытаным урыўку са Святога Пісання, мае вельмі глыбокі духоўны сэнс. Чаму просты сляпы жабрак становіцца героем цэлага раздзела Евангелля паводле Яна? Тут няма кароткага сцэнара, калі адбываецца цуд, а ўсе сведкі ў здзіўленні і страху праслаўляюць Бога. Тут аздароўленаму трэба пастарацца, каб верагоднасць цуду была пацверджаная. Трэба не паддацца націску тых, хто сумняваецца ў асобе жабрака, у самім цудзе і ў добрай волі Таго, хто гэты цуд учыніў. Пан Езус з’яўляецца толькі на пачатку раздзела, аздараўляе сляпога, а потым чалавек, які атрымаў ад Бога шанец на новае жыццё, застаецца адзін. Нават бацькі не падтрымліваюць яго, бо не хочуць для сябе праблемаў. Пан Езус прыходзіць другі раз толькі тады, калі выяўляецца, што аздароўленаму няма месца сярод людзей у яго новым, здаровым стане. Сляпы жабрак быў больш «бяспечны» і не прыносіў столькі клопату.

Падобна і мы нараджаемся, бачым свет, але нам патрэбная дапамога Божай ласкі, Божага слова і сакрамэнтаў, каб нарадзіцца нанова, каб бачыць нябачнае, каб нават у адзіноце не адрачыся ад Хрыста. На жаль, не ўсе вытрымліваюць такое «выгнанне» са свету, якое часта можа напаткаць тых, хто ідзе за Хрыстом — зрэшты, Езуса таксама не прынялі як Збаўцу. Многія паддаюцца спакусе. Атрымаўшы духоўны зрок праз дар веры, яны надалей жывуць у слепаце, нібыта яго не атрымалі. Няхай святло Хрыста праб’ецца праз нашую абыякавасць і ігнараванне, каб мы выразна бачылі.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней