Перажыванне пакутаў

У нядзелю Мукі Пана, разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра мукі, якія даводзіцца перажываць нам.

Нядзеля Мукі Пана, Год А (02.04.2023)

Пан Бог даў Мне мову мудрых, каб Я ведаў, як словам падтрымаць знясіленага. Кожную раніцу Пан будзіць Мяне, абуджае слых Мой, каб Я слухаў Яго, як вучань. Пан Бог адкрыў вуха Маё, і Я не запярэчыў, не адступіў назад.

Плечы свае я падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду Маю. Аблічча свайго Я не адвярнуў ад зняваг і аплявання.

Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму.

(Іс 50, 4–7)

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы, як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.

(Флп 2, 6–11)

Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. І, седзячы, пільнавалі Яго там. А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».

Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля гадзіны дзявятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

(Мц 27, 11–54)

Перажыванне пакутаў

Біблійныя тэксты, якія Касцёл падрыхтаваў для нас на Пальмовую нядзелю, не абмяжоўваюцца толькі ўрачыстым уездам Езуса, Валадара Валадароў, у Ерузалем, дзе знаходзілася святыня сапраўднага Бога. Сёння чытаецца аповед пра Муку Пана паводле евангеліста Мацвея (калі вы любіце добрую музыку, раю паслухаць твор Ёгана Себасцьяна Баха «Пасія паводле Мацвея», напісаны на гэты тэкст для хора, салістаў і аркестра). Сёння таксама чытаюцца ўрыўкі з Паслання св. Паўла да Філіпянаў і з Кнігі прарока Ісаі, падобныя па змесце, але апошні створаны на 500 гадоў раней за першы. Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на прароцтвы Старога Запавету аб Месіі — Езусе, які «плечы свае падставіў тым, хто б’е, і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду, і аблічча свайго не адвярнуў ад зняваг і аплявання». Гэта прароцтва датычыць нашага Пана, які дабравольна выбраў пакуты, знявагі, апляванне і муку, які не адварочваецца, не ўцякае, не пазбягае ўдараў. Чытаючы гісторыі розных людзей, што пабудавалі блізкія адносіны з Езусам, мы знаходзім шмат тых, хто пайшоў Ягонымі слядамі. Калі надышоў складаны час, час ласкі, яны прынялі прыніжэнні, цяжкасці, знявагі, боль, адкінутасць. Яны вытрывалі да канца, не ўцяклі, не збеглі з поля бітвы. Езус і тыя Яго сябры, што пайшлі па крыжовым шляху, не былі легкадумнымі, не прыкідваліся героямі. Хутчэй, пакуль не надышоў выбраны Богам момант, яны былі гатовыя абараняцца і ўцякаць. Аднак любоў да людзей, адчуванне неабходнасці ўміласціўлення і адплаты за свае грахі і за грахі іншых людзей зрабіла іх здольнымі прынесці сябе саміх у ахвяру, радыкальна і свядома. Гэтая ахвяра вынікала з чыстай звышнатуральнай любові, якую меў на ўвазе святы Ян, пішучы, што любіць як Езус — значыць «аддаць жыццё за братоў» (1 Ян 3, 16).

Задамо сабе пытанне: як мы ўласным жыццём можам наследаваць гэтую любоў, што згаджаецца прыняць цярпенні, а не адварочваецца ад іх?

Паралізаваны і вельмі хворы брат Андрэй-Людвік, дамініканскі тэрцыяр з Мінска, не мае выбару. Ён мусіць перажываць цярпенні, адзіноту, прыніжанасць і боль. На гэтым цяжкім шляху яго цудоўна падтрымлівае жонка Таццяна, дзелячы з Андрэем сваё жыццё, у якім таксама хапае цяжкасцяў. У такой сітуацыі, калі брат Людвік сам не ў стане нават памыцца і паесці, апроч гераічнага самааддання яго жонкі неабходным з’яўляецца рашэнне прытуліцца да ранаў Езуса па ўзоры святога Францішка, што абдымае Хрыста, які памірае на крыжы. Мы, тыя, хто ведае брата Людвіка, дзівімся з яго і можам толькі крыху падтрымаць яго малітваю і часам сваёю прысутнасцю. Яго цяжкое жыццё дзякуючы веры, надзеі і любові з’яўляецца няспынным узрастаннем, дазраваннем і ў рэшце рэшт нследаваннем Езуса, які ў адзіноце прымае тое, чаго нельга пазбегнуць. Але гэта не пасіўнае прыманне абставінаў, а свядомае, яно вынікае з любові да Бога і бліжніх. Рашэнне не здавацца, не ўцякаць (хоць іншага выйсця няма) — гэта выбар, які робіць нас, як дзяцей з Фацімы, здольнымі ахвяраваць сябе, свой боль і фізічныя, псіхічныя і духоўныя пакуты «з любові да Езуса, у інтэнцыі навяртання грэшнікаў і дзеля адплаты за знявагі да Беззаганнага Сэрца Марыі». Пакліканне брата Людвіка і яго жонкі нагадваюць мне пакутнае пакліканне Пана Езуса і Яго Маці.

Мы не ідзем такім вузкім, цяжкім шляхам, як брат Людвік, але ідзем шляхам, вызначаным для нас Богам, з іншымі непралазнымі месцамі і крутымі пад’ёмамі. Скажам шчыра самі сабе, што мы таксама пакліканыя не здавацца, а прайсці вызначаныя для нас выпрабаванні, кожны ў сваёй меры. Нам вельмі патрэбныя мужнасць і адвага на шляху, каб вырачыся саміх сябе, несці свой крыж і наследаваць Езуса. Няхай Божая Маці Балесная, чыё сэрца працяў меч, выпрасіць для нас адвагу, якая перадусім праявіцца ў цярплівасці і трываласці на крыжовым шляху, ажно да самага канца. Цярплівая любоў дапаможа нам несці свой крыж і прымаць цяжкія выпрабаванні і слабасці іншых людзей, паводле фацімскага правіла: з любові да бліжніх, дзеля навяртання грэшнікаў і пры балесным Сэрцы Марыі.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней