Каштоўнасць супольнасці

Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, наколькі важная для кожнага чалавека жывая супольнасць.

ІІ Велікодная нядзеля, Год А (16.04.2023)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

(Ян 20, 19–31)

Каштоўнасць супольнасці

Часта мы недаацэньваем значнасць супольнасці альбо прымаем за супольнасць тое, што ёй не з’яўляецца. Нельга назваць супольнасцю групу людзей, якая едзе ў адным вагоне, нават калі дарога доўгая, бо супольнасць мае трывалы характэр, у ёй людзі падтрымліваюць між сабою асабістыя адносіны. Таксама цяжка назваць супольнасцю розныя групы ў сацыяльных сетках, бо размовы ўдзельнікаў такой групы адбываюцца ў віртуальнай прасторы. Жыццё супольнасці патрабуе рэальных адносінаў. Хіба немагчыма ўявіць сабе жыццё ў такой базавай супольнасці, якою з’яўляецца сям’я, дзе бацькі падтрымлівалі б адносіны паміж сабой і з дзецьмі толькі праз інтэрнэт.

Можна задумацца над тым, што характарызуе сапраўдную супольнасць, а што з’яўляецца яе падменай. Гэта патрэбна, каб адрозніць праўду ад фальшу. Можа здарыцца так, што мы жывем у ілюзіі, думаючы, што з’яўляемся часткай нейкай супольнасці, а на самай справе ніхто і нішто нас не аб’ядноўвае. Раней ці пазней розныя групы людзей перажываюць праверку на трываласць. Шкада было б перажыць тады расчараванне.

Пан Езус у нядзельным Божым слове аб’яўляецца перад супольнасцю. Ён не наведвае кожнага асабіста. І хоць напачатку страх і трывога збіраюць Апосталаў разам у адносна бяспечным месцы, гэта Уваскрослы Езус ператварае групу спалоханых людзей у супольнасць — супольнасць, для якой кожны з удзельнікаў важны і незамяняльны. Таму, аб’яўляючыся вучням другі раз, Пан Езус паказвае ім і нам, наколькі важная кожная асоба, а Тамаша (і нас) вучыць цаніць і любіць супольнасць. У нашым з вамі выпадку — канкрэтную супольнасць Касцёла, гарантыяй еднасці якой з’яўляецца жывы ўваскрослы Хрыстус.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней