
Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра тое, што чакае нас у доме Нябеснага Айца.
V Велікодная нядзеля, Год А (07.05.2023)
«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі». Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.
(Ян 14, 1–12)
«У доме Айца Майго шмат святліц…»
Езус запрашае нас да сябе і кажа, што ў небе ёсць шмат святліц і Ён ідзе падрыхтаваць нам месца. Вечнасць з Богам — гэта наша надзея і, спадзяемся, наша будучыня. Пра неба казаў св. Павел, што вока не бачыла і вуха не чула, якія вялікія рэчы падрыхтаваў Бог для тых, хто Яго любіць.
У «Дзённіку» св. сястры Фаўстыны мы знаходзім разважанне, на якое варта звярнуць увагу ў кантэксце сённяшняга евангельскага чытання: «Я ўбачыла аднаго чалавека, і часткова — стан яго душы і вялікія выпрабаванні, якія Бог спасылае гэтай душы; гэтыя цярпенні датычылі яго розуму, і я прамовіла да Пана: “Чаму Ты з ім так паступаеш?” Пан мне адказаў: Дзеля яго трайной кароны. І даў мне Пан зразумець, якая неспасцігальная хвала чакае душу, падобную да церпячага Езуса тут, на зямлі, — такая душа будзе падобная да Езуса ў Яго хвале. Нябесны Айцец уславіць і прызнае нашыя душы настолькі, наколькі ўбачыць у нас падабенства да свайго Сына. Я зразумела, што гэтае ўпадабненне да Езуса дадзена нам тут, на зямлі. Я бачу чыстыя і нявінныя душы, над якімі Бог здзяйсняе сваё правасуддзе, і гэтыя душы — ахвяры, якія падтрымліваюць свет і дапаўняюць тое, чаго не хапала муцы Езуса; такіх душаў няшмат. Я бязмежна радуюся, што мне Бог дазволіў спазнаць такія душы» (Дз., 604).
Яшчэ варта ўзгадаць размову-малітву св. Фаўстыны з Богам пра неба: «О Святая Тройца, спрадвечны Божа, дзякую Табе за тое, што Ты даў мне спазнаць веліч і розніцу ступеняў хвалы, якая падзяляе душы. О, якая вялікая розніца паміж адным узроўнем глыбейшага пазнання Бога. О, калі б душы маглі гэта ведаць. О мой Божа, калі б я магла ўзняцца на адзін з іх вышэй, я б ахвотна выцерпела ўсе мукі, якія выцерпелі ўсе мучанікі разам. Сапраўды, усе гэтыя мукі здаюцца мне нічым у параўнанні з хвалою, якая нас чакае на працягу цэлай вечнасці. О Пане, акуні маю душу ў акіяне сваёй Боскасці і ўдзялі мне ласку пазнання Цябе, бо чым лепш я Цябе пазнаю, тым больш горача Цябе прагну, а мая любоў да Цябе ўзрастае. Я адчуваю ў сваёй душы нязведаную бездань, якую запаўняе толькі Бог; я раствараюся ў Ім як адна кропля ў акіяне. Пан панізіўся да маёй мізэрнасці як прамень сонца — да пустой і скалістай зямлі, аднак пад уздзеяннем Яго прамянёў мая душа пакрылася зелянінаю, квеценню і пладамі і стала прыгожым садам для Яго адпачынку» (Дз., 606).
Айцец Раман Шульц ОР