«Прыміце Духа Святога…»

Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра адно з найважнейшых святаў літургічнага года — урачыстасць Спаслання Духа Святога, дзень нараджэння Касцёла — і пра дары, якімі надзяляе нас Святы Дух.

Нядзеля Спаслання Духа Святога, Год A (28.05.2023)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

(Ян 20, 19–23)

«Прыміце Духа Святога…»

Спасланне Духа Святога — адно з самых значных святаў хрысціянства, бо гэта — дзень нараджэння Касцёла, містычнага Цела Хрыста. Хрыстус — галава Касцёла, а Дух Святы — яго душа, як адзначыў папа Леў ХІІІ.

Сёння асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць на дары Святога Духа, які, паводле прарока Ісаі, спачне на парастку з пня Есэевага — Месіі (гл. Іс 11, 2–3). Дары мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай асаблівым чынам даюцца тым, хто прымае сакрамэнт хрысціянскай сталасці — бежмавання або канфірмацыі (ад лац. confirmo — умацоўваю), каб умацаваць нас у мужным вызнаванні веры і яе абароне, каб мы атрымалі звышнатуральную сілу жыцця ў Божай ласцы і маглі ажыццявіць пакліканне да святасці. Аднак, на жаль, наяўнасць дару яшчэ не азначае, што мы ім карыстаемся. Напрыклад, нехта атрымлівае ў падарунак карысную рэч, вопратку або смачную ежу, хавае атрыманае ў шафу і не ўзгадвае пра падарунак, пакуль яго не знішчаць іржа і моль, або пакуль не скончыцца тэрмін захоўвання. Сам адораны не атрымае з гэтай рэчы карысці і не прынясе карысці іншым, а да таго ж не праявіць пашаны да дарыцеля…

Вось і дары Духа Святога — пабожнасць і боязь Божую — вельмі мала цэняць многія сучасныя хрысціяне. Сапраўдная пабожнасць немагчымая без боязі Божай. Нездарма ў Ісаі мы чытаем: «І спачне на ім Дух Пана, <…> дух пазнання і боязі Пана» (Іс 11, 3) — гэта значыць, прарок проста не аддзяляе адно ад другога. Аднак боязь Божую многія ўспрымаюць як пагрозу з боку «страшнага, грознага, жорсткага і мсцівага» Бога, а гэта супярэчыць Яго вобразу, дадзенаму самім Хрыстом, які называе Айца Нябеснага не толькі сваім Айцом, але і нашым. І, верагодна, вобразы многіх далёкіх ад ідэалу зямных бацькоў пераносяцца і на Стварыцеля, на разуменне таго, у чым заключаецца боязь Пана, Айца ўсяго стварэння. Між тым, больш адпаведна параўнаць гэтую боязь да страху дакрануцца бруднымі рукамі да чыстай белай вопраткі, страху неасцярожна растаптаць далікатныя кветкі ці разбіць каштоўную вазу, а самае галоўнае — да страху пакрыўдзіць блізкага чалавека, прычыніць яму боль і смутак. І хоць у выпадку сакрамэнтальнай споведзі для атрымання адпушчэння грахоў дастатковы так званы недасканалы жаль за іх, выкліканы страхам перад карай, трэба імкнуцца да жалю дасканалага, які вынікае з усведамлення неадпаведных адносінаў да Айца Нябеснага, які моцна нас любіць, да ахвярнага Збаўцы, да жыватворчага Духа Святога, Суцяшальніка…

У любым выпадку і пабожнасць, і боязь Божая заснаваныя на глыбокім ушанаванні як усёй Святой Тройцы, так і кожнай з Яе Асобаў. Натуральным выразам гэтага ўшанавання са старажытнасці з’яўляецца пастава цела, пра якую гаворыць святы Павел у пасланні да Філіпянаў: «каб на імя Езуса схілілася кожнае калена» (Флп 2, 10). Здаецца, адным з самых адпаведных момантаў гэтак выказаць сваю павагу да Збаўцы з’яўляецца найважнейшая хвіліна нашага зямнога жыцця — сустрэча з Ім у святой Камуніі. Але ў сучасным секулярызаваным свеце многія хрысціяне ўспрымаюць кленчанне як знак прыніжэння ўласнай годнасці, і не толькі самі спажываюць Цела Пана выпрастаўшыся, з горда ўзнятай галавой, але і прывучаюць да гэтага дзяцей і моладзь, крытыкуючы людзей, што аддаюць перавагу традыцыйнай паставе, якая больш адпаведна выяўляе пакору і павагу да Таго, Хто наведвае ў гэты момант і душу, і цела чалавека, узносячы яго з прыніжэння граху да хвалы Божага дзіцяці, Хто сам з’яўляецца ўзорам пакоры і ўзвышае пакорных (гл. Лк 1, 52). Нездарма Бэнэдыкт XVI у кнізе «Тэалогія літургіі» перасцерагае: «Няздольнасць схіліць калені здаецца ледзь не самой сутнасцю д’ябальскага». Ён піша таксама: «Хрысціянская літургія менавіта таму з’яўляецца касмічнай літургіяй, што яна схіляе калені перад укрыжаваным і ўзнесеным Панам <…> Зневажальны жэст, з якім мы падаем у ногі Пану, ставіць нас на сапраўдную жыццёвую дарогу светабудовы».

Думаецца, кожны, хто сапраўды хоча, каб дары Духа Святога прынеслі ў ім пажаданы жыццядайны плён, павінен уважліва задумацца над словамі папы-тэолага: «Магчыма, сучасная культура і цураецца кленчання, бо гэта культура, якая аддалілася ад веры і ўжо больш не ведае Таго, перад Кім схіліць калені было б правільным, унутрана неабходным жэстам. Хто вучыцца верыць, той вучыцца і схіляць калені, і вера або літургія, якія больш не ведалі б кленчання, аказаліся б хворымі ў самым стрыжні. Там, дзе кленчанне страчана, нам трэба зноў яму навучыцца, каб, молячыся, мы прабывалі ў супольнасці Апосталаў і мучанікаў, у супольнасці ўсяго космаса, у адзінстве з самім Езусам Хрыстом».


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней