
Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра просты жэст, звыклы для ўсіх хрысціянаў – знак крыжа, і пра тое, якой вялікай пашаны ён варты.
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (04.06.2023)
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
(Ян 3, 16–18)
Пашана перад Тройцаю
Калі я вучыўся ў сярэдняй школе ў Познані, то хадзіў на моладзевую святую Імшу. У касцёле братоў дамініканаў гэтую Імшу цэлебраваў айцец Ян Гура ОР. Мяне вельмі ўразіла казанне, падчас якога а. Ян заахвочваў нас рабіць знак крыжа з найбольшай пашанай і паказваў, як трэба гэта рабіць, усё каментуючы. Ён датыкаўся да ілба пальцамі правай далоні і паволі апускаў далонь ажно да пояса, тлумачачы: Бог Айцец так палюбіў свет, што паслаў да нас свайго Сына. Далей ён падносіў далонь да левага пляча, пасля да правага і тлумачыў, што Айцец і Сын пасылаюць Духа Святога, які прагне дзейнічаць сярод людзей па ўсёй зямлі. Гэты просты знак, калі мы робім яго з пашанаю, з’яўляецца вызнаннем веры ў Найсвяцейшую Тройцу. Гэта кароткая малітва і вызнанне веры ў сапраўднага, вечнага і ўсемагутнага Бога. Гэта адданне пашаны Богу, які з’яўляецца Стварыцелем усяго існага і запрашае нас быць з Ім у вечнасці. Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы ствараюць дасканалаую супольнасць, якая дзейнічае ў любові і мудрасці. Разам яны прымаюць рашэнні і разам ствараюць усё дабро, што існуе. Пан Езус запрасіў нас глыбей уваходзіць у гэтую супольнасць, мысліць, гаварыць і дзейнічаць у Духу гэтай супольнасці, бо Пан Езус з’яўляецца брамаю і шляхам да яе. Якое незвычайнае пакліканне маюць людзі!
У гэтым годзе падчас рэкалекцый я пазнаёміўся з адным чалавекам сярэдняга ўзросту, які з вялікаю любоўю і вельмі старанна, не спяшаючыся, рабіў знак крыжа на пачатку і напрыканцы святой Імшы, а таксама перад ежаю і пасля ежы. Немагчыма было вачэй адвесці ад такога ўрачыстага вызнання веры ў Бога ў Найсвяцейшай Тройцы. Гэткае ж моцнае сведчанне ёсць і пра благаслаўлёнага П’ера Джорджо Фрасаці (1901–1925), дамініканскага тэрцыяра з Італіі, чыё нядоўгае жыццё вызначала глыбокая вера, клопат пра бедных і сведчанне радасці. Пра яго так пісалі сябры і знаёмыя: «Ён меў грамадзянскую адвагу (калі ўлічваць часы, у якія ён жыў) з вялікім перакананнем, вельмі старанна рабіць знак крыжа перад кожным касцёлам, гэтак жа натуральна, як прывык ушаноўваць сцягі сваёй Айчыны. Ён быў святым прыкладам ушанавання найвялікшых ідэалаў, такіх як рэлігія, айчына, сям’я, праца, а ягоная смерць стала для ўсіх вялізнаю стратаю» (Чэльта Андрына, бухгалтар).
«Замест усмешкі ён проста выбухаў рогатам, калі хацеў кагосьці папляскаць па плячы, то рабіў гэта з усёю сілаю, з сардэчнасцю, а ў касцёле рабіў знак крыжа заўсёды, як прывык, з вялікаю стараннасцю, і кленчыў на абодва калены, так што нам не заставалася нічога іншага, як прасіць Бога аб ласцы наследаваць яго прыклад» (Антоніё Северы, інжынер).
«П’ер Джорджо не перажываў наконт таго, што падумаюць іншыя або што нешта ідзе не так. Я памятаю, як аднойчы сустрэў яго на вуліцы Гарыбальдзі. Ён ішоў поруч з пажылым элегантным мужчынам, якога я нават зрокава не ведаў. Гэта быў нехта з сяброў іх сям’і, вельмі высокапастаўлены. Яны праходзілі каля касцёла Святых Мучанікаў. П’ер Джорджо без аніякіх сумненняў зрабіў выразны знак крыжа, як заўсёды. Мужчына поруч паглядзеў на яго са здзіўленнем» (Джыно Аліверо, доктар).
І яшчэ адно сведчанне: «Я памятаю, як убачыў, што П’ер Джорджо Фрасаці ідзе з сябрамі каля касцёла ў Палоне, у кірунку Сардэвала. Ён павярнуўся ў бок касцёла і на маё вялікае здзіўленне зрабіў такі выразны знак крыжа, што я доўга не мог гэтага забыць» (бр. Афрадызіё).
Таямніца Найсвяцейшай Тройцы бязмежная, неспасцігальная, і Бог запрашае кожнага чалавека пакорна набліжацца да яе. Мы верым, што на працягу ўсёй вечнасці зможам захапляцца любоўю, мудрасцю і славаю Бога ў трох Асобах. Знак крыжа, які мы шматкроць робім на працягу кожнага дня і які з’яўляецца праслаўленнем Найсвяцейшай Тройцы, падзякаю за Сына, Яго крыж і ўваскрасенне, няхай будзе для нас радасным, адважным і поўным пашаны захапленнем перад Божаю любоўю, няхай будзе пакорным прызнаннем сваёй прыналежнасці да найцудоўнейшай сям’і трох Боскіх Асобаў.
Айцец Раман Шульц ОР